Беларусам рыхтуюць новыя «Лісты шчасця»

Цягам некалькіх тыдняў вялося грамадскае абмеркаванне праекта прэзідэнцкага ўказа «Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху». Гаворка пра змены датычна сплаты дарожнага збору, або транспартнага падатку — у народзе яго называюць па-рознаму, але тэма хвалюе, бадай, кожную беларускую сям’ю з аўтамабілем.

skateboard_331751_1280.jpg


Што думаюць і што наважаныя рабіць кіроўцы — сабатаваць ці выконваць?
Публічнае абмеркаванне дакумента, распрацаванага Міністэрствам фінансаў, было абвешчанае на пачатку студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Да 1 лютага ён павінен быць накіраваны на разгляд кіраўніку краіны. Паколькі праблема рэзанансная і закранае амаль усё насельніцтва, бліжэйшым часам варта хіба чакаць выказванняў Аляксандра Лукашэнкі на гэты конт або нават цэлай нарады.
Асноўнае ў змесце ўказа «Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху» — адвязанне сплаты дарожнага збору ад праходжання тэхагляду. Запрацаваць новая схема павінна ці то з 1 красавіка, ці то з 1 ліпеня. Хутчэй за ўсё, з другой паловы года, бо новаўвядзенні запатрабуюць зменаў у шэраг іншых заканадаўчых дакументаў — такіх як, напрыклад, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Тактыка ігнору


Нагадаем, што праходжанне тэхнічнага агляду абумовілі сплатай дарожнага збору з 2014 года. Сума залежала ад таго, чый аўтамабіль — юрыдычнай або фізічнай асобы, а таксама ад года выпуску і вагі машыны. Плюс — асобныя выдаткі за ўласна тэхагляд аўто.
У выніку многія кіроўцы вырашалі не плаціць гэты транспартны падатак і адпаведна не праходзіць тэхагляд. Штраф за такое парушэнне ПДР, хай і некалькіразовы нават, ставаў танней, чымсьці траты на збор. Такую тактыку ігнаравання агулам абралі пад траціну беларускіх кіроўцаў.
Напрыклад, у 2013 годзе «Белтэхагляд» выдаў 1 мільён 870 тысячаў дазволаў на ўдзел у дарожным руху, а ў 2017-м — толькі 1 мільён 380 тысяч. Леташняя дынаміка была такой, што выдадзеных допускаў павінна было паменець яшчэ на 8-10%!
«Белтэхагляд», а таксама ДАІ і Міністэрства па падатках і зборах пачалі бурчэць. Народ наракаў само сабой — і нават ствараў петыцыі за скасаванне дарожнага збору. У выніку ўлады вырашылі перагледзець сістэму спагнанняў за допуск да дарожнага руху. У сярэдзіне 2018 года былі анансаваныя чаканыя змены. «Будзе выкананая задача па аднаўленні сацыяльнай справядлівасці датычна тых фізасобаў, якія карыстаюцца транспартнымі сродкамі не круглы год», — заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас.

Заахвочванне зніжкамі і камерамі


Што ж канкрэтна прыдумалі ў Мінфіне, які распрацаваў новую схему плацяжоў? Устанавіць памесячную стаўку ў залежнасці ад віда і масы транспартнага сродку. За легкавік да 1,5 тоны — 0,25 базавай велічыні, ад 1,5 да 2,5 тоны — 0,5 б.в., ад 2 да 3 тонаў — 0,67 б.в., болей за 3 тоны — 0,92 б.в. За матацыкл — 0,17 базавай велічыні, якая цяпер складае 25,5 рубля.
А вось ІП будуць плаціць па старых правілах. Ад платы вызваляць асобаў, якім належаць аўтамабілі, спецыяльна абсталяваныя для выкарастання інвалідамі. Палова стаўкі — для ветэранаў, а таксама інвалідаў 1 і 2 групаў.
Мінімум трэба аплаціць за месяц, максімум можна за два гады наперад. На вялікі перыяд — зніжкі. Так, пры аплаце за 12 месяцаў і болей будзе ўжыты каэфіцыент 0,8%. Аплата ўносіцца пра АРІП.
Кантралявацца аплата будзе праз фота- і відэафікасацыю рэгістрацыйных знакаў аўтамабіляў з наступнай праверкай па адмысловай базе. Калі выявіцца, што аплата не здзейсненая, то ўладальніку такой машыны прыйдзе «ліст шчасця» — і давядзецца сплочваць тарыф у падвойным памеры. Такая сама сістэма кантролю і маніторынгу будзе наладжана і датычна таго, пройдзены ці не тэхагляд. То бок, адразу можна атрымаць два «лісты шчасця». А калі да нясплачанага тарыфу на ўдзел у дарожным руху і няпройдзенага тэхагляду дадасца перавышэнне хуткасці, то і тры штрафныя паведамленні.

Народ супраць


Як жа выказаўся народ падчас грамадскага абмеркавання? Першая самая папулярная думка: ад гэтага самага абмеркавання нічога не залежыць, да нас ўсё адно не прыслухаюцца. Другая: дарожны збор трэба проста ўключыць у кошт паліва — і не мудрагельнічаць. І многія прагназуюць, што кіроўцы знойдуць як пазбегнуць аплатаў праз падман фота- і відэафіксатараў.
Асабліва дасталося начальнку галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Мінфіна Ігару Пуркаліку, які так патлумачыў, чаму нельга ўключаць дарожны збор у кошт бензіну ці дызельнага паліва: «Паліва выкарыстоўваецца ў самых розных сферах — рачным судаходстве, лясной гаспадарцы, у ЖКГ. Не забудзьце на газонакасілкі на прысядзібных участках, маторныя лодкі, льготных спажыцоўцаў паліва. Рыбакі, напрыклад, не зразумелі б, каб ім прапанавалі плаціць за дарогі, хоць яны ловяць рыбу на возеры».
Між тым, чыноўнік разлічвае на плён ад тлумачальнай працы, якая пакажа ліберальнасць распрацаванай сістэмы і разам з тым яе жорсткасць, «таму што плаціць давядзецца ўсім». Як піша «Народная газета», ён прагназуе, што «плаціць будзе не меней за 95% аўтамабілістаў».
Тыповая рэакцыя падчас абмеркавання: «Яны нас што, за ідыётаў трымаюць? Ці ў нас цеплаходы на АЗС запраўляюцца? І ці трактары на АЗС?»
Што да тэрмінаў аплаты незадаволенасць нікуды не знікла: «Давайце дамо магчымасць аплочваць не за месяц, а за дзень. Чаму я павінен плаціць за цэлы месяц, калі я карыстаюся машынай толькі па выходных днях? Тым болей плаціць можна будзе праз АРІП»; «Я жыву ў вёсцы за 30 км ад Гомеля і 3-4 разы езджу ў горад улетку, а ўзімку — 1-2 разы на месяц. Астатні час аўтамабіль стаіць у гаражы».
Вось грунтоўна выкладзеная пазіцыя аднаго з кіроўцаў пра слушнасць уключэння плацяжоў за ўдзел у дарожным руху у кошт паліва ці энергіі для электрамабіляў, каб потым прадаўцы пералічвалі пэўную падатковую долю ў рэспубліканскі дарожны фонд. Па-першае, гэта дазволіць рэалізаваць прынцып сацыяльнай справядлівасці: «Ездзіш — плаціш, маеш вялікі і больш магутны аўтамабіль — плаціш больш. Адпадае неабходнасць уводзіць каэфіцыенты». Па-другое, таксама можна будзе атрымліваць падатак з замежнага транспарту, які перасякае Беларусь транзітам ці які ў нас знаходзіцца пастаянна: «На дадзены момант у памежных абласцях маецца значная колькасць транспарту з расійскай рэгістрацыяй, які эксплуатуецца грамадзянамі Беларусі, што не праходзяць тэхагляд і нічога не плацяць».
Натуральна, не спатрэбіцца распрацоўка і функцыянаванне сістэмы кантролю, якая абыдзецца нятанна. Для бюджэтных арганізацыяў, якія запраўляюцца на АЗС агульнага карыстання, можна прадугледзець вяртанне сплочанага падатку, уключанага ў кошт паліва. Што да набыцця паліва для маторных лодак, бензагенератараў і газонакасілак: «З двух зол трэба абіраць найменшае. Дый сярэдні расход паліва для мотакасы, мотаблока на дачы ці на вёсцы не перавышае 10 літраў на сезон. Ну, а арганізацыі (лесанарыхтоўчыя, камунальныя) трохі павялічаць выдаткі».
Маю ўвагу звярнуў і такі допіс — відаць, прыхільніка кіраўніка краіны: «Лепей наогул адмяніць гэты збор, прынамсі, да сканчэння выбараў». Натуральна, што ўлады, апрача эканамічнай калькуляцыі, мусяць ацэньваць і палітычныя наступствы свайго рашэння. Але ці ацэньваюць, улічваючы, як у нас праходзяць выбары?