Беларускім футболам закамандуе артылерыст. Якім будзе грукат?

Пасля дзвюх паразаў нацыянальнай каманды на старце адборачнага турніру да Еўра-2020 заўзятараў прычакала неадназначная навіна пра змену старшыні Беларускай федэрацыі футболу. Замест прэм'ера Сяргея Румаса на гэтую пасаду заступіў Уладзімір Базанаў — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, палкоўнік з ракетных і артылерыйскіх войскаў, родам з Расіі.

vb.by

vb.by

Ці загрукочуць цяпер для нашых балельшчыкаў перамогі на футбольных палях? Як спартовы функцыянер з дэпутацкім мандатам збіраецца развіваць самы масавы від спорту ў нашай краіне? І хто кіруе футболам у краінах-суседках Беларусі?

Біяграфія Уладзіміра Базанава з футболам мала звязаная. Нарадзіўся ён у 1957 годзе ў Валагодскай вобласці Расіі. Скончыў спачатку ваенную артылерыйскую вучэльню, а затым артылерыйскую акадэмію. Служыў у Афганістане, на камандзірскіх пасадах у ракетных войсках беларускай арміі, быў ваенным камісарам на Брэстчыне. Цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў і сябра пралукашэнкаўскага аб'яднання «Белая Русь».

Акурат з Брэстам і звязаны кароткі эпізод ягонай футбольнай кар'еры – у 2010-2012 гадах ён быў старшынём праўлення брэсцкага «Дынама». Поспехі былі так сабе: клуб змагаўся за выжыванне ў вышэйшым дывізіёне і займеў даўгі.

Дарэчы, на безальтэрнатыўных выбарах старшыні Беларускай федэрацыі футболу 27 сакавіка толькі два дэлегаты справаздачна-выбарчай канферэнцыі БФФ парушылі адзінагалоснасць – першы прагаласаваў супраць, а другі ўстрымаўся. І абодва яны — брэсцкія.

Базанаў вылучаўся з праграмай, у якой акцэнт рабіўся нібыта на тое, што «асноўныя рэзервы для прагрэсу нашага футболу палягаюць у прасторы дзіцяча-юнацкага і масавага футболу». Пытанне толькі – ці магчымае іх паўнавартаснае развіццё ў краіне з заняпаднай эканомікай? Цалкам праграму Базанава можна пачытаць тут.
Між тым, Сяргей Румас у развітальным слове паведаміў, што футболам цяпер займаюцца 380 тысяч беларусаў. Што праўда, на дасягненнях у вялікім футболе гэта не адбіваецца. Днямі юнацкая зборная Беларусі (узрост да 17 гадоў) не здолела пераадолець адбор на фінальны турнір чэмпіянату Еўропы-2019. Пуцёўкі туды саступленыя Германіі і Ісландыі (у апошняй усё насельніцтва складае 350 тысяч чалавек). Дый у дарослым футболе ісландцы гулялі ў 2016 і 2018 гадах у фінальных частках чэмпіянатаў Еўропы і свету. Беларусы ў гэтых топ-турнірах удзелу ніколі не бралі.
Аднак шанец патрапіць на Еўра-2020 яшчэ ёсць праз наваствораны турнір – Лігу нацыяў, дзе зборная Беларусі ўдала згуляла ў сваёй групе самага слабога дывізіёна D і выйшла ў плей-оф, пераможца якога атрымае шчаслівую пуцёўку на Еўра-2020. Гэта такое заахвочванне, падарунак лёсу для аўтсайдарскіх зборных. Беларусам трэба спачатку выйграць увесну 2020 года ў Грузіі, а затым у таго, хто пераможа ў матчы Македонія – Косава.
Калі гэта здарыцца, то стане сапраўднай падзеяй для беларускага футболу, да якой новаму старшыню БФФ Уладзіміру Базанаву пашанцуе па-шэфску спрычыніцца. А ў выпадку няўдачы ён раздзеліць статус лузера разам з футбалістамі і атрымае ладную порцыю кпінаў з боку заўзятараў. Пакуль яны лятуць на адрас Уладзіміра Базанава ў звязку з тым, што беларускім футболам будзе кіраваць не былы футбаліст ці трэнер, а артылерыст-ракетчык.

А хто кіруе нацыянальнымі федэрацыямі футболу ў іншых краінах?

Прэзідэнт Расійскага футбольнага саюза з лютага гэтага года – Аляксандр Дзюкаў, гендырэктар нафтавай кампаніі «Газпрам нафта». Паводле дадзеных Forbes, уваходзіць у спіс 200 самых багатых асобаў Расіі. З 2008 па 2017 гады быў прэзідэнтам клуба «Зеніт» з Санкт-Пецярбургу. Пры ім каманда выйгравала не толькі чэмпіянат Расіі, але і Кубак УЕФА.Федэрацыю футболу Украіны з 2015 года ачольвае Андрэй Павелка, дэпутат Вярхоўнай Рады. Пры канцы 2018 года супраць яго распачатыя некалькі крымінальных антыкарупцыйных справаў.
А вось на чале Польскага футбольнага саюзу з 2012 года стаіць былы славуты футбаліст Збігнеў Бонек, які ў 1980-гадах у складзе італьянскага «Ювентуса» выйграваў і Кубак кубкаў, і Кубак чэмпіёнаў. А са зборнай Польшчы Бонек – уладальнік бронзавых медалёў Чэмпіянату свету-1982.
Прэзідэнт Літоўскай футбольнай федэрацыі – былы футбаліст і лепшы бамбардзір у гісторыі нацыянальнай зборнай Томас Данілявічус. Латвійскую футбольную федэрацыю таксама ўзначальвае былы гулец зборнай Каспар Горкш. Як бачым, у краінах Еўрасаюзу з нашых суседзяў футболам кіруюць былыя гульцы. Гэта не гарантуе высокіх дасягненняў, але сведчыць пра пэўную іміджава-кадравую культуру.