Беларусы з інваліднасцю мараць убачыць Парыж
Калі ёсць мара — пабываць у Парыжы, гэтаму не перашкодзіць нішто, нават інваліднасць.

Удзельнікі ініцыятывы #дружбанаколесах
Каманда праекту #дружбанаколесах — гэта некалькі чалавек з інваліднасцю і без, якія ўжо трэці год ладзяць аўтапрабегі ў замежжа, даказваючы грамадству, а перадусім — самім сабе, што яны здольныя перамагчы бар’еры. Як тыя, што ў навакольным асяроддзі, так і тыя, што ў галаве.
«У 1990-х я трапіў у Будапешт на лячэнне свайго дыягназу — ДЦП. Гэта прышчапіла мне любоў да вандровак. У 2000-х я ўдзельнічаў у паездках па розных краінах, якія ладзілі разнастайныя фонды. Пазней, у 2010-х гадах, я пачаў сам вазіць групы – знаходзіў людзей, якія арганізоўвалі паездкі, браў з сабой знаёмых з захворваннямі і вывозіў», — распавёў кіраўнік праекта #дружбанаколесах Дзмітрый Хмурчык.

Дзмітрый Хмурчык
Гэты досвед хлопцу хацелася памнажаць. Дзмітрый кіруе аўтамабілем, паводле адукацыі праграміст, але займаецца перакладамі — добра ведае нямецкую мову. Таму арганізацыя вандровак для людзей з інваліднасцю захапіла яго.
У 2017 годзе ўпершыню Дзмітрый з двума сябрамі праехалі па маршруце Мінск — Брэст — Варшава — Калініград — Мінск. Паездка ладзілася з важнай мэтай: данесці да грамадства праблемы і расказаць аб прыняцці людзей з інваліднасцю.
«Тэмы, пра якія мы казалі, не новыя, але пра іх мала хто гаворыць, а калі і гавораць, то на вельмі дзіўнай мове», — зазначыў кіраўнік праекта.
Праект вырашылі развіваць, і ў 2018 годзе зладзілі наступную вандроўку: Мінск — Гданьск — Берлін — Пірна — Прага — Варшава — Мінск.
«Для людзей з інваліднасцю сумы, неабходныя на гасцініцы і харчаванне, — касмічныя, іх збіралі цягам года», — зазначыў Дзмітрый.
Але гэта не спыняе маладых людзей, і наступная іх мэта, а дакладней, мара, — пабываць у Парыжы. Яна ўжо амаль здзейснілася: 1 ліпеня каманда выправіцца ў вандроўку. Але да ажыццяўлення задуманага крыху не хапае грошай. З гэтай нагоды ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшоў канцэртны марафон у падтрымку аўтапрабегу.
Калі думаеш пра Парыж, у галаву найперш прыходзяць асацыяцыі з каханнем і — з паэзіяй. Таму паэт і перакладчык Уладзь Лянкевіч адкрыў канцэртную праграму чытаннем вершаў Гіёма Апалінэра — французскага паэта з беларускімі каранямі.
Чароўная Кацярына Ваданосава са сваёй камандай Fantasy Orchestra, апроч спеваў, прачытала для прысутных некалькі ўласных вершаў.
Наступнымі гасцей парадаваў музычным выступам Раман Абрамчук з гуртом «Гарадскі вал». Раман прынёс на імпрэзу кружэлкі, грошы з продажу якіх пойдуць на шлях да Парыжу.
Андрусь Такінданг таксама выступіў і пакінуў кружэлкі гурта «Рэха».
Свае вершы прачытаў і праспяваў загадчык музея Максіма Багдановіча Міхал Бараноўскі. Яго зборнікі таксама можна было ўзяць, пакінуўшы ахвяраванне на вандроўку.

Свае вершы прачытала супрацоўніца музея Максіма Багдановіча Валянціна Кароткіна.

Напрыканцы выступіў бард Аляксей Жбанаў — аўтар ідэі марафону ў падтрымку асаблівай вандроўкі ў Парыж.

За некалькі год удзельнікі #дружбанаколесах напісалі сотні лістоў у розныя арганізацыі з прапановай супрацоўнічаць. Ідэя ўсім падабалася, але затым ішло сустрэчнае пытанне: «А вы хто?».
«Таму мы скончылі пісаць статут, і па прыездзе з Парыжу панясем яго ў Мінюст, каб стварыць грамадскую арганізацыю «Асаблівы маршрут»», — дзеляцца вандроўнікі.
Пакуль што ў ініцыятывы ёсць суполкі ва ўсіх сацсетках, а таксама ютуб-канал, дзе раз на некалькі тыдняў выходзяць ролікі з аглядам безбар’ернасці розных аб’ектаў у Беларусі.
«Мы — прыклад таго, што, калі вы нечага хочаце дамагчыся, то пры дапамозе блізкіх людзей шмат што магчыма», — кажуць удзельнікі суполкі #дружбанаколесах. І гледзячы на іх, у гэта верыцца. Таму што многія з нас мараць пра Парыж. А гэтыя людзі ідуць насустрач сваёй мары, мінаючы перашкоды.

Самы малады госць імпрэзы
На жаль, для здзяйснення мар не заўсёды дастаткова аднаго жаданняі веры. Матэрыяльн складнік ніхто не адмяняў. І калі вы маеце жаданне і магчымасць дапамагчы камандзе, то аказаць фінансавую падтрымку праекту можна наступнымі шляхамі:
— скантактавацца асабіста з кіраўніком праекта Дзмітрыем Хмурчыкам і асабіста дамовіцца аб дапамозе;— пералічыць грошы на адну з банкаўскіх картак:LINA TANKOVICHАльфа банк4585 2178 8204 366912/20
Belarusbank4246 4100 5789 055703/20
— пералічыць грошы на рахунак фонда, які дапамагае вандроўнікам:Gemeinsam in die Zukunft e.V.IBAN: De29 8506 0000 1000 972070Stichwort: Freundschaft auf Rädern