«Бі ўсіх савецкіх...» Барысаўскі галодны бунт

У пачатку красавіка 1932 года ў Барысаве здарыліся хваляванні, якія ахапілі ўвесь горад. У рамках праекта «СССР: як гэта было на самой справе» «Салідарнасць» распавядае, як гэта было і што з гэтага выйшла.

hlebas.jpg

У 1932 годзе ў Савецкім Саюзе пачаўся голад. Ён быў выкліканы масавай гвалтоўнай калектывізацыяй (і, як следства, падзеннем ураджайнасці) і сталым завышэннем нормаў здачы хлеба.
Паўстанні і бунты тады адбываліся па многіх рэгіёнах СССР, і Беларусь не стала выключэннем. 6 красавіка бальшавіцкае начальства знізіла нормы на хлеб — да 500 грам у дзень для працоўных прадпрыемстваў (як пасля ў лепшыя гады ў блакадным Ленінградзе). Работнікі дробных прадпрыемстваў, інваліды і дзеці наогул былі зняты з забеспячэння, і дзяржава не гарантавала ім ніякага пайка.
Самі апаратчыкі, якіх у Барысаве было каля 250 чалавек, елі хвацка. З 1 па 20 сакавіка ў сталовых ЦРК (аналаг гарадскога савета) была выяўлена нястача: аднаго толькі хлеба недалічыліся дзве з паловай тоны.
З 7 красавіка каля лавак з хлебам у Барысаве пачалі збірацца незадаволеныя грамадзяне. Людзі адбіралі хлеб, мясцовая міліцыя і вайскоўцы не аказвалі супраціву і дэ-факта падтрымлівалі бунтаўнікоў. Некаторыя службовыя дапамагалі граміць хлебныя крамы. Адзін з мясцовых міліцыянтаў адмовіўся разганяць натоўп, матываваўшы тым, што «гэта не цукеркі, а хлеб — прадавайце больш і не будуць хапаць», а другі — тым, што ахоўнікі парадку «самі галодныя».
Сотні злых гараджан выйшлі на вуліцы. «Бі ўсіх савецкіх б****й», крычаў натоўп.
Бальшавіцкае начальства разбеглася. Толькі да вечара 7 красавіка было склікана бюро райкама, на якім пастанавілі «правесці тлумачальную працу з насельніцтвам».
«Тлумачальная праца» не дапамагла. Людзі збіраліся каля лавак 8 красавіка. Яны крычалі: «Абараняйце рабочых, ім не даюць хлеба, садзяць у турму».
Быў арыштаваны актыў бунтаўнікоў — па афіцыйных дадзеных, больш за 50 чалавек. Частку з іх пасля расстралялі, а частка адправілі ў лагеры.
Галодны бунт быў падтрыманы амаль усімі. 8 красавіка дзеці Барысава прайшлі па горадзе пад лозунгам: «Дайце хлеба і магчымасць вучыцца».
З рассакрэчаных данясенняў ОГПУ:
«Работніца завода ім. Дамбаля Касцюкова з нагоды скарачэння нормы хлебнага пайка казала: «Хутка людзей давядуць да разбою, крадуць нехаця, таму што няма чаго есьці, з голаду не тое што красці, але хутка пачнуць адзін аднаго біць і рэзаць».
Член КП (б) Б, рабочы заводу ім. Дамбаля Дзямідаў сказаў: «Гэта чорт ведае, што такое ўрад робіць, такія рэчы, як абмежаванне хлебнага пайка, могуць выклікаць ўсеагульную забастоўку сярод працоўных».
Камандзір аддзялення Мокрыц наракаў: «Нам толькі кажуць, што ўжо вырашылі хлебную праблему, а на самай справе хлеба няма. Рабочыя крычаць, што няма чаго есьці, а мне з дому пішуць, што за 10 кілаграмаў хлеба плацяць 80 рублёў (сярэдняя заработная плата ў СССР на той момант — 102 рублі, — заўв. аўт.). Вось да чаго мы ідзем. Рабочы ў выпадку вайны ваяваць не пойдзе, таму што ён скажа — мне ўсё роўна, і так трэба будзе галоднаму працаваць».
Салдат Іваноў, з беднякоў, сказаў: «Калі рабочым не дадуць хлеба, то яны выступяць і супраць Савецкай улады, ды я і сам не быў бы лепш у гэтым выпадку».
Асобкам роты малодшых камандзіраў Барысенка, прыйшоўшы ў казарму, выступіў з прамовай: «Мы хутка здохнем з голаду і толькі марочым сваю галаву тым, што выконваем пяцігодку ў чатыры гады. Рабочыя ўжо б'юцца з міліцыяй за хлеб, нам хутка таксама не дадуць хлеба. Я сёння быў у знаёмага працоўнага, і ён сказаў, што, "калі будзе так працягвацца, мы адразу робім страйк, галоднаму працаваць нельга, хай што хочуць з намі робяць". Прысутныя іншыя камандзіры падтрымалі Барысёнка».
Пачаліся чысткі ў мясцовым партыйным апараце. Начальства спрабавала тэрмінова забяспечыць крамы дастатковай колькасцю хлеба і вярнуць выдачу хлеба дзецям.
Актыўны супраціў мясцовых жыхароў спыніўся 10 красавіка. Хлеба ў крамах стала з лішкам, быў афіцыйна дазволены гандаль на рынку. Гэта быў адзін з нешматлікіх выпадкаў барацьбы мясцовых жыхароў супраць савецкай улады.