Без свабоды не будзе і таленту

Кожны год Аляксандр Лукашэнка спадзяецца на таленавітую моладзь. Кожны год ён чакае ад яе прарыву — не столькі для сябе, колькі для краіны. І вось ужо дзесяцігоддзямі гэтыя надзеі не спраўджваюцца.



get_img64.jpg

Фота: belgazeta.by

І сёлета Лукашэнка на сустрэчы з таленавітымі навучэнцамі, студэнтамі і моладдзю запэўніў, што чакае ад іх ідэй і праектаў, якія выведуць беларускую эканоміку, культуру, навуку на больш высокі ўзровень развіцця. «Вам трэба будзе накіраваць здольнасці і інтэлект на стварэнне і ўкараненне найноўшых інфармацыйных, нана-, бія- і іншых высокіх тэхналогій, каб наша краіна выйшла на перадавыя рубяжы інавацыйнага развіцця і заняла сваю нішу ў глабальнай эканоміцы ведаў», — адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для таго, каб моладзь змагла сябе рэалізаваць. Паводле яго слоў, выхаваннем юных талентаў займаюцца амаль 800 гімназій, ліцэяў, школ мастацтваў, дзясяткі тысяч гурткоў, студый, навуковых таварыстваў. Маладыя навукоўцы, артысты, мастакі і музыкі атрымліваюць падтрымку спецыяльных фондаў прэзідэнта. Але, на вялікі жаль, гэта сістэма не працуе.

Беларуская навука гіне, а маладыя таленты імкнуцца з'ехаць за мяжу, і гэтае знікненне мазгоў цалкам апраўданае. Для таго, каб навука нешта аддала, трэба спачатку ёй нешта даць — ніводнае дрэва без насення не вырасце.

З фінансаваннем навукі ў Беларусі вялікія праблемы, варта толькі паглядзець на беларускі бюджэт 2013 года. На праграму навуковых даследаванняў бюджэтам у гэтым годзе прадугледжана 0,66 трыльёна рублёў. На іншыя навукова-тэхнічныя праграмы — яшчэ 0,55 трыльёна. Разам — 1,21 трыльёна. Для параўнання: на міліцыю і іншыя праваабарончыя органы ў бюджэце закладзена 10,5 трыльёна, на войска — 6,1 трыльёна рублёў. Адразу бачна, што прыярытэт Беларусі, па меркаванні ўлады, палягае зусім не ў навуковай і не ў інавацыйнай дзейнасці.

Але халера з ім, з бюджэтам. Ва ўсім свеце найбольш цікавыя і ўплывовыя даследаванні фінансуюцца не з бюджэту, а са спецыяльных інавацыйных фондаў, якія ствараюць буйныя карпарацыі, і выдаюць гранты на тыя ці іншыя даследаванні. І з гэтым у нас таксама праблема. З тых часоў, а мінула ўжо 15 гадоў, як беларускія ўлады фактычна выгналі з краіны Фонд Сораса, ніводны нармальны ўплывовы навуковы фонд не спяшаецца працаваць з Беларуссю. Беларускія навукоўцы вымушаныя самі шукаць такія фонды для «падпрацоўкі».

А як не шукаць? Па дадзеных на 2012 год, сярэднямесячны заробак за першае паўгоддзе 2012 года ў НАН Беларусі па дзейнасці «навуковыя даследаванні і распрацоўкі» склаў 3 400 000 рублёў. Уяўляю, як сябе адчувалі навукоўцы, калі, спускаючыся ў метро на станцыю «Акадэмія навук», бачылі аб'яву, што з такім жа заробкам метрапалітэн шукае прыбіральшчыцу. У старэйшага навуковага супрацоўніка тарыфны аклад разам з надбаўкамі за стаж і ступень кандыдата навук у чэрвені 2012 года складаў 2,2 мільёна рублёў.

Таму навукоўцы і вымушаныя шукаць «падпрацовак». Але часцяком гэта шкодзіць планавай навуковай дзейнасці.

Да таго ж не ёсць сакрэтам і меркаванне самога Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што навука павінна быць «бліжэй да гаспадаркі». Апошні раз ён казаў пра гэта ў студзені гэтага года. «Мы неможам дазволіць сабе распыляць сродкі дзеля задавальнення чыста акадэмічнай цікаўнасці. Беларуская навука павінна быць заточаная пад патрэбы нашай суверэннай дзяржавы і стаць больш кампактнай па сваёй структуры», — заявіў прэзідэнт.

Патрабаванне ад навукі стаць «заточанай пад патрэбы» проста ставіць на навуковай дзейнасці крыж. Таму што галоўнае ў навуцы ўсё ж не тэхналогіі і не інавацыі, а фундаментальныя даследаванні. Без фундаментальных даследаванняў няма і не можа быць ні новых метадаў, ні новых тэхналогій. Усе сучасныя тэхналагічныя дасягненні з'явіліся на свет дзякуючы таму, што хтосьці доўга і пакутліва працаваў над фундаментальнымі даследаваннямі.

Ніхто не можа сказаць загадзя, якую практычную карысць прынясуць новыя веды, здабытыя фундаментальнымі навукамі. Іх вынік не заўсёды прадказальны і часта нечаканы. Як нечаканай была табліца Мендзялеева нават для самога Мендзялеева.

Але галоўнай праблемай самі навукоўцы лічаць не сродкі і не тэхналагічную базу. Як сказаў акадэмік Аляксандр Вайтовіч, даследаванні можна рабіць і на каленцы, іншая справа, які вынік будзе ад такіх даследаванняў. А вось без чаго захлынецца навука — дык гэта проста без свабоды.

«Безсвабодных навуковых дыскусій немагчыма атрыманне новых ведаў і практычных высноў. А зараз мы ў навуцы бачым тое ж самае, што і ва ўсім грамадстве: манапалізацыя права на ісціну, перашкода навуковым дыскусіям, кіраванне догмамі, а не вынікамі навуковага аналізу. Не можа быць навукі там, дзе пануе мадэль камандна-адміністрацыйнага кіравання творчымі калектывамі», — кажа Вайтовіч.

Тое ж самае, але іншымі словамі кажа і былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін. Паводле яго, «не можа быць навукі там, дзе ёсць жорсткая скіраванасць на ўхваленне і выкананне загадаў адной канкрэтнай асобы». А там, дзе такое ёсць, дзе крок налева-направа караецца смерцю, ні фундаментальнай, ні практычнай навукі не будзе.

Разняволенне думкі, шчыры абмен ідэямі і крытыка гэтых ідэй — гэта тое, на чым грунтуецца навука. Але ў «закрытым» беларускім соцыюме думка і крытыка з’яўляюцца хіба што не крымінальным злачынствам. Ужо былі выпадкі, калі за «альтэрнатыўную» навуковую дзейнасць людзі выляталі з працы і са сваіх навуковых інстытутаў. Варта толькі прыгадаць звальненне з ВНУ аўтараў падручніка «Гродназнаўства» — толькі за тое, што ў кнізе не была паказаная «кіруючая і накіроўваючая» роля Аляксандра Лукашэнкі.

Без свабоднай думкі не існуе навукі. А пакуль свабоды няма, дарэмна прэзідэнт чакае «прарыву» маладых талентаў. І ніякія дзясяткі тысяч кружкоў і навуковых таварыстваў яму ў гэтым не дапамогуць.