Больш за 60% беларусаў не слухаюць радыё, не чытаюць газет — каля 50%

Ідэалагічная праца ў Беларусі немагчымая без сацыяльных сетак, мяркуе першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Дзмітрый Шадко.



519080_norm.jpg

У 2001 годзе інфармацыю пра палітыку чэрпалі з інтэрнэту толькі 2 % беларусаў, цяпер адказы на грамадска-палітычныя пытанні ў сеціве шукаюць 44 % жыхароў Беларусі.
Гэтую лічбу агучыў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Дзмітрый Шадко на ​​Рэспубліканскім форуме-практыкуме «Ідэалагічная праца ў кантэксце ключавых палажэнняў Паслання кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнага сходу Беларусі».
«У Беларусі не слухаюць радыё больш за 60% насельніцтва, не чытаюць газет — каля 50%, не глядзяць тэлевізар — 10%, — заўважыў прадстаўнік Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. — Мы мусім улічваць гэты аспект: не ўся прапанаваная намі інфармацыя даходзіць да людзей па існых каналах. У той жа час усе перадавыя выданні працуюць цяпер у тым ліку і ў сеціве: чалавек чытае газеты, слухае радыё, але ў электронным варыянце. Сёння мала стварыць тэлепраграму або напісаць артыкул — трэба дамагчыся таго, каб яны прыйшла да людзей у дом».
Звяртаючыся да ўдзельнікаў семінару, Шадко зрабіў акцэнт на мабільных тэхналогіях, паказаўшы, што 50% прылад, якія выкарыстоўваюць на беларускім рынку, — гэта смартфоны, на якіх мабільныя аплікацыі дазваляюць «манапалізаваць кантакт з канкрэтным спажыўцом інфармацыі».
Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі таксама адзначыў, што ідэалагічная праца сёння немагчымая без сацыяльных сетак.
«Яшчэ ўчора на тэрыторыі краіны былі даступныя 3-4 тэлевізійныя каналы, сёння магчымасці лічбавага тэлебачання дазволілі павялічыць іх колькасць да 150, — сказаў чыноўнік. — З часам, магчыма, чалавек перастане арыентавацца ў гэтым моры інфармацыі настолькі, што яму спатрэбіцца тэхналагічны пасярэднік, які дапаможа адабраць патрэбнае. Гэтую нішу павінны заняць канструктыўныя сілы».
Паводле belsat.eu