Браты — у хату, а ворагі — за краты

Нечакана багатымі на падзеі выдаліся апошнія сем дзён. Ахапіць усё адбытае не дазваляе абмежаваная газетная плошча, але ўсё ж паспрабуем абняць неабдымнае. Ці хаця б засяродзіцца на больш адметным.
 

Уладная рэпрэсіўная машына не спыняе свае абароты. 28 жніўня яшчэ год няволі атрымаў лідар зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай мола­дзевай арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч. Калі ва ўладаў не надарыцца яшчэ адзін «прыступ правасуддзя», то юнак убачыць белы свет не праз «клетачку» толькі 28 жніўня 2013 года.   
Тым часам следчыя органы працягнулі тэрмін расследавання крымінальнай справы сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэя Пачобута. Інфармацыю пра працягненне расследавання прэс-службе ГА «БАЖ» пацвердзіў следчы па справе Арсень Нікольскі. Андрэй Пачобут па-ранейшаму знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і абвінавачваецца ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку.
Нагадаем, што карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej» і аднаго з лідараў незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі затрымалі ў ягонай кватэры ў Гродна 21 чэрвеня бягучага года. Перад гэтым у памяшканні правялі ператрус і забралі кампутары журналіста. Андрэй Пачобут знаходзіўся ў СІЗА Гродна да 30 чэрвеня, пасля чаго пад ціскам грамадскасці быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Сам журналіст мяркуе, што следства вернецца да ягонай справы пасля выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.  
Дарэчы, пра выбары. Калі тое, што адбываецца (ці не адбываецца?) можна назваць выбарамі. А калі яшчэ і абстрагавацца ад прафесіі журналіста і зірнуць на ўсё вокам звычайнага абывацеля, то вырвецца толькі шчырае: «Воечкі, ды што вы?!» Дзе вы бачылі тыя выбары? На рэдкіх стэндах з адзінокім тварам наменклатурнага кандыдата, ды і тое хіба што ў цэнтры сталіцы?
Але, не. Яшчэ на экранах беларускіх (паводле паходжання) тэлеканалаў. Асабліва калі яны ў прайм-тайм ганяць апазіцыю, пра якую многія гледачы даведваюцца менавіта з гэтых теле- (пардон) праграмаў. Выліваючы пры гэтым тону бруду з нагоды і без. Але не будзем марнаваць час і газетную плошчу. Дык вось, кіраўніца самага прагрэсіўнага і дэмакратычнага ў свеце Цэнтрвыбаркаму і па сумяшчальніцтву непараўнальная дарадца па баршчах днямі заявіла, што на выбары прыйдуць 67% выбаршчыкаў.
Цікава, адкуль гэтая інфармацыя? Бо, да прыкладу, палітолаг Алесь Лагвінец схіляецца да думкі, што тая агучаная з вуснаў Лідзіі Ярмошынай лічба папросту прыдуманая. Але не проста так. А каб ніжэйшыя выбаркамы зразумелі, колькі беларусаў павінныя прыйсці на ўчасткі для галасавання. І адлюстраваць гэтыя лічбы. Ну і што, калі насамрэч яны могуць быць іншыя. Галоўнае — пратакол з подпісамі сяброў выбаркамаў. І патрэбнымі лічбамі. Бо ў сённяшняй Беларусі, як і шмат гадоў таму, жыве — прычым жыве стала — выслоўе вядомага генералісімуса: «Галоўнае, не як галасуюць, а як лічаць».
Але нават і тут узнікае праблема. Аказваецца, улада чамусьці вельмі баіцца слова «байкот». Бо з якога інакш пераляку ЦВК забараняе выступы кандыдатаў у дэпутаты ПП НС РБ у выпадку, калі ў іх прамовах — кароткіх, пяціхвілінных, да таго ж у запісе — прысутнічае гэтае слова «байкот»? На думку экспертаў, яўка на галасаванне ёсць ступенню вымярэння даверу электарату да ўлады. Якая яўка — такі і давер. А як жа можна дапусціць нізкую яўку, калі нават самы галоўны чыноўнік заяўляе, што яна будзе годнай? Непарадак атрымаецца. Па галаве можна атрымаць. Ад яго ж, таго чыноўніка.
Апроч таго, як лічыць старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, ніякі закон не забараняе весці агітацыю за байкот выбараў. Па словах праваабаронцы, зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты парламента самі ў праве вырашаць, як ім паразумецца са сваімі выбаршчыкамі. І ніякі Цэнтрвыбаркам не ў праве ўмешвацца ў гэтыя дачыненні. Але, відаць, Ярмошына і кампанія не ў курсе спраў. Хаця забарона выступаў кандыдатаў толькі з той прычыны, што яны выказваюцца наконт байкоту выбараў, — наўмыснае самапашырэнне паўнамоцтваў ЦВК, лічаць юрысты.    
А вось у самай адказнай асобы краіны нават гэтым часам рыторыка памянялася. І не такі ўжо страшны, аказваецца, Захад. І не такая ўжо небяспечная тая Еўропа. Таму і новы прызначэнец на пасаду міністра замежных спраў былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей можа пачувацца ў сваёй стыхіі. Ён жа — былы дыпламат, да таго ж германіст. І са спісу неўязных у краіны Еўрасаюза яго выкрасляць. Так што еўрапейскі вектар праглядаецца.
Але і ўсходні не забываецца. Толькі вось не столькі ў накірунку «Першапрастольнай», колькі ў бок іншых братоў па былым СССР. Скандал выклікала публікацыя ў сеціве фота малодшага брата скінутага з пасады прэзідэнта Кыргызстану Курманбека Бакіева Жаныша. Калі «брат» па постсавецкай прасторы беларускага кіраўніка мае нашае грамадзянства, пашпарт і, калі верыць СМІ, нават пабудаваў дом на ўскрайку сталіцы Беларусі, то Жаныбек Бакіеў, што, як і старэйшы ягоны брат, знаходзіцца ў вышуку не толькі па лініі Інтэрполу, але і па лініі СНД. Але ці валодае такім жа статусам — беларускага грамадзяніна і ўцекача — няясна. Хаця што тут яснага на прасторах былой савецкай імперыі? Аднак жыць трэба па законах цывілізацыі, а не па паняццях асобных «валадароў сусвету».
І не абмінуць, на жаль, тэму фатальных сыходаў. Сыходаў з жыцця людзей, вартых згадвання. Нейкі нелюдзь забіў у Севастопалі народнага артыста Беларусі Якава Навуменку, развітанне з якім у сераду, 29 жніўня, прайшло ў Дзяржаўнай філармоніі ў Мінску. Якаў апошнім часам заняўся зборам фанатэкі беларускамоўных песень. Не паспеў ён, аднак, ажыццявіць такі цікавы і важны праект.
23 жніўня адышоў у Вечнасць драматург і публіцыст, пісьменнік Алесь Петрашкевіч. Гэтымі ж днямі не стала і вельмі добрага журналіста ды публіцыста Яўгена Казюкіна.
У мінулую нядзелю ўспаміналі з нагоды пяцідзесяцігоддзя Таццяну Сапач (Дубавец) — цудоўную паэтку і журналістку, якая загінула ў аўтакатастрофе 27 снежня 2010 года. І, натуральна, калегі памятаюць Змітра Завадскага — зніклага без вестак 7 ліпеня 2000 года тэлежурналіста, аператара, якому 28 жніўня споўнілася б 40 гадоў. Памяць пра людзей, знаёмых і незнаёмых, але вядомых, сагравае сэрцы і дае прагу да жыцця.
А ўсё астатняе — дробязь. Якой бы важнай яна ні падавалася на першы погляд.