Будаўніцтва часткі трэцяй лініі метро ў Мінску блізкаe да завяршэння. Расказваем, што адбываецца на станцыях

Доўгачаканы працяг Зеленалужскай лініі ў бок Курасоўшчыны пачынае набываць фінальнае аблічча: на станцыях актыўна займаюцца аздабленнем, паверх падземных пераходаў адкрываюць дарогі, агульная гатоўнасць даходзіць да 76%. Аўтар канала X «Трэцяя лінія» публікуе свежы агляд за год праведзеных работ.

Станцыя метро «Аэрадромная»

Станцыя метро «Аэрадромная»

Нагадаем, узвядзенне другой чаргі Зеленалужскай лініі Мінскага метрапалітэна пачалося адразу пасля здачы ў эксплуатацыю першых чатырох станцый у лістападзе 2020 года. Тады, у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, нелегітымны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыехаў на ўрачыстае адкрыццё станцыйных комплексаў і загадаў працягнуць будаўніцтва лініі. Ён адзначыў, што «некаторыя тут кажуць, што не трэба будаваць метро» — гаворка ішла пра вядомых беларускіх урбаністаў і грамадскіх актывістаў, якія выступалі супраць узвядзення нерэнтабельнага для Мінска віду транспарту.

Абсалютна пустая прастора на месцы былога аэрапорта. Фота Promir

Абсалютна пустая прастора на месцы былога аэрапорта. Фота Promir

Асноўная прэтэнзія заключалася ў тым, што другая чарга лініі ідзе праз жылы комплекс «Мінск-Свет», які размясціўся на месцы былога аэрапорта «Мінск-1» — фактычна гэта вялізнае поле, праз якое любы эфектыўны ўрад пусціў бы хуткасны трамвай з такой жа ёмістасцю. Па прыкладных светавых мерках, узвядзенне аднаго кіламетра метро каштуе ад $120 млн, у той час як адзін кіламетр шматсекцыйнага бессвятлафорнага трамвая каля $700 тысяч. Але замест таго, каб прыслухацца да ўрбаністаў з сучасным поглядам на свет, улады вырашылі ўзяць прыклад з любімай Масквы і закапаць грошы ў зямлю.

«Аэрадромная»

Найбліжэйшы да «Кавальскай Слабады» (дзеючая канечная станцыя зялёнай лініі) станцыйны комплекс знаходзіцца на скрыжаванні вуліцы Ніколы Тэслы і праспекта Міру, пасярод жылога комплекса «Мінск-Свет».

Станам на студзень «Аэрадромная» з’яўляецца найбольш завершанай сярод усіх аб’ектаў — ступень яе гатоўнасці дасягае рэкордныя 92%. Цяпер станцыя цалкам закапана, паверх яе пакладзены асфальт і адкрыты доўгачаканы рух па праспекце Міру. З нагоды гэтага маршрут легендарнага «сотага» аўтобуса працягнулі да чыгуначнай станцыі «Мінск-Паўднёвы», што знаходзіцца побач. У спусках да падземных пераходаў упершыню будуць усталяваны эскалатары: з аднаго боку, прыемная навінка, а з другога, альтэрнатывы, каб перайсці звычайную вуліцу, не спускаючыся ў пераход з роварам ці каляскай, няма. 

Мантажныя работы ў вестыбюлях ды на платформеннай зале падыходзяць да фіналу, усталяваны эскалатары, падвесныя столі ў выглядзе аблокаў, працягваецца чыставое аздабленне. Агулам, станцыя будзе насычана тэматыкай неба і авіяцыі (у гонар старога аэрапорта). Згодна з першымі рэндэрамі, пасярод платформы павінен быў знаходзіцца арт-аб’ект у выглядзе рухавіка грамадзянскага самалёта, але цяпер праект значна спрошчаны. Па звестках канала «Трэцяя лінія», на платформе «Аэрадромнай» усё ж будзе ўсталяваны іншы макет самалёта. 

Рэндэры «Аэрадромнай», злева — адменены, справа — актуальны

Рэндэры «Аэрадромнай», злева — адменены, справа — актуальны

Што адметна, на станцыях дагэтуль не прыступілі да мантажу турэцкіх бар’ераў ДАС, якія ў мінулы раз таксама збіралі ў апошні момант — праз гэта ў першы час у іх рабоце назіраліся непаладкі.

 «Немаршанскі сад»

Наступны прыпынак, з прыгожай назвай «Немаршанскі сад», размясціўся на вуліцы Кіжаватава, побач з бальніцай хуткай медыцынскай дапамогі. Перагонны тунэль паміж двума станцыямі — найдаўжэйшы за ўсю гісторыю мінскага метро, быў нарэшце пракапаны злашчаснай «Алесяй» у адносна хуткіх тэмпах. Тут яшчэ застаецца незакапанай дэмантажная камера (яма, праз якую дастаюць тунэлепраходчы шчыт), у пераходах пакуль вядзецца чарнавое аздабленне.

Маналітныя работы на станцыі цалкам завершаны — па мерках нашага метро яна выглядае вельмі высокай і прасторнай, хаця, верагодна, падвесныя столі і канструкцыі над бар’ерамі вельмі сціснуць такое адчуванне, як гэта ўжо было на «Юбілейнай плошчы» (у выніку ўсталявання непатрэбных канструкцый яна стала занадта цеснай). Тут сцены ўжо падрыхтаваны пад афарбоўку, агульная гатоўнасць перавышае 75%.

Рэндэры «Немаршанскага саду», злева — адменены, справа — актуальны

Рэндэры «Немаршанскага саду», злева — адменены, справа — актуальны

Станцыя будзе поўнасцю адпавядаць сваёй назве і выклікаць асацыяцыі са знаходжаннем у ціхім летнім садзе. Навін пра выкананне чыставога аздаблення пакуль не было, але хутчэй за ўсё яно пачалося і актыўна ідзе, у той час як «Метрабуд» чакае вынікаў для новых фота.

 «Слуцкі гасцінец»

Тупіковая станцыя на паўднёвым кірунку пакуль мае найменшую ступень завершанасці, але, варта адзначыць, упэўнена «стартанула» наперад. Два гады таму яе адрыў у параўнанні з «Аэрадромнай» быў неверагодна вялізным, больш чым у 4 разы. Нагадаем, тады на будаўнічай пляцоўцы «Слуцкага гасцінца» вынікла вельмі недарэчная сітуацыя: улады пахваліліся, што ўзвядуць катлаван з дапамогай шпунтоў — звычайнай для цывілізаванага свету тэхналогіі абароны катлавана ад абрушэнняў ды пашкоджанняў, але выявілася, што ніводны падрадчык у Беларусі не ўмеў з імі працаваць. Так, калі гатоўнасць «Аэрадромнай» складала каля 80%, да «Слуцкага гасцінца» амаль не прыступілі.

Цяпер платформенная зала станцыі выглядае нават больш завершанай за «Немаршанскі сад» — тут ужо ўклалі граніт на падлозе, абшылі калоны алюмініевымі панэлямі і нават пафарбавалі пуцявыя сцены. Станцыя будзе выканана ў блакітных адценнях, ідэя дызайну заснавана на элементах слуцкіх паясоў і беларускага арнаменту. Будзе цікава ўбачыць, які варыянт будзе выкарыстаны: спрадвечны ці штучны савецкі з чырвона-зялёнага сцяга.

 Рэндэры «Слуцкага гасцінца»

 Рэндэры «Слуцкага гасцінца»

Сур’ёзна незакончанымі аб'ектамі застаюцца тупікі станцыі (месца развароту і стаянкі саставаў) ды электрадэпо «Слуцкае», якое будзе абслугоўваць усю лінію.

Рухомы склад

Падыходзім да найбольш сумнай часткі.

Беларускія цягнікі «Stadler M-110», што курсіруюць па мінскім метро з 2019 года, не будуць закуплены праз адмову сумеснага прадпрыемства «Stadler Minsk» вырабляць саставы для Беларусі. У сувязі з прадастаўленнем тэрыторыі расійскім тэрарыстам для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну рэжымам Лукашэнкі, яшчэ ў сакавіку 2022 года стала вядома, што завод не зможа атрымліваць камплектуючыя і перанясе частку вытворчасці ў Польшчу і Швейцарыю.

«Stadler» захоўвае завод у нашай краіне, каб перазапусціць яго ў свабоднай Беларусі.

Саставы «Stadler M-110» у электрадэпо чырвонай лініі

Саставы «Stadler M-110» у электрадэпо чырвонай лініі

Замест гарных беларуска-швейцарскіх цягнікоў метрапалітэн набудзе сем саставаў «Масква» ад расійскага прадпрыемства «Метравагонмаш»…

 *****

 Цяпер урачыстае адкрыццё ізноў запланавана на «вялікае свята» кастрычніцкай рэвалюцыі ў гэтым годзе. Агулам, завяршэнне работ да гэтага часу выглядае цалкам рэальным, і нават без спешкі. У выпадку, калі электрадэпо застанецца недабудаваным, адкрыць лінію да святой даты магчыма і без яго — цягнікі наўпрост працягнуць захоўваць у дэпо чырвонай і сіняй лініі.