Ці небяспечны для Беларусі выбух на французскай АЭС?
Учора раніцай на АЭС у французскім горадзе Фламанвіль на беразе Ла-Манш адбыўся інцыдэнт.
Як сцвярджаюць мясцовыя ўлады і кіраўнік найбуйнейшай дзяржаўнай
энергетычнай кампаніі EDF, радыяцыйнай небяспекі няма, а задымленне
адбылося па-за ядзернай зонай з-за перагрэву дэталі.
Зялёны партал разабраўся, ці ўсё так гладка, як падаюць афіцыйныя асобы.
Пара запасацца ёдам?
Піць ёд не варта ў любым выпадку, папярэджвае сайт міжнароднага экалагічнага аб'яднання «Беллона».
«Ёдапрафілактыка бясшкодная — калі ўсё рабіць правільна і ўнутр ёдавую настойку не прымаць», — тлумачыць Андрэй Ажароўскі, расійскі фізік-ядзершчык, эксперт у галіне атамнай энергетыкі.
Ні ў якім разе нельга прымаць унутр нераспушчаную 5-працэнтную настойку ёду з аптэкі. Але калі вельмі неспакойна, можна зрабіць трохі ёднай настойкі на скуру, гэтак жа, як робяць пры ране або парэзе. Шкоды ад гэтага не будзе, а арганізм праз скуру зможа папоўніць запасы стабільнага ёду.
Добрым і бяспечным спосабам ёднай прафілактыкі з'яўляецца пастаяннае ўжыванне ў ежу ёдаванай солі.
Ці ёсць глеба панікаваць?
«Толькі ў выпадку, калі радыёнукліды выходзяць у навакольнае асяроддзе. Прычым не панікаваць, а пісьменна рэагаваць», — удакладняе Андрэй Ажароўскі.
Але не ў гэтым выпадку.
Французская асацыяцыя ядзернай бяспекі (ASN) паведамляе, што ўзгаранне адбылося ў машынным зале на першым энергаблоку па-за ядзернай зонай. Агонь распаўсюдзіўся ад вентылятара ў машынным зале — зоне турбін, якія вырабляюць электрычнасць, 9 лютага ў 09:45 раніцай па французскім часе. Полымя работнікі EDF хутка патушылі.
«Гэта здарэнне не пацягнула сур'ёзных траўмаў і наступстваў для ядзернай бяспекі і навакольнага асяроддзя», — піша асацыяцыя. Рэактар «адключаны ад электрычнай сеткі», як заяўляе EDF.
«Гэта значыць пажар быў на 1-м, які працуе, а не на 3-м блоку, які будуецца, як паведамлялі некаторыя СМІ, — удакладняе ядзершчык. — Пажар, несумненна, надзвычайнае здарэнне. Але калі яго патушылі і, як паведамляюць, спынілі рэактар 1-га энергаблока, то сапраўды рызыкі выхаду радыенуклідаў у навакольнае асяроддзе няма».
Ці можна верыць таму, што напісалі СМІ?
Можна, але не ўсім. Напрыклад, сайт французскага рэгіёну normandie-actu.fr распавядае, як хутка навіна абрасла фэйкам: у якасці ілюстрацыі выкарыстоўвалася відэа аварыі ў Іспаніі.
Давяраць заявам уладаў і энергетыкаў у Францыі можна ў большай ступені, чым у Беларусі і некалі ў СССР. Спецыяліст звяртае ўвагу на аператыўнасць абвесткі:
«У Францыі інцыдэнт адбыўся ў 9:45, рэгулятар (Асацыяцыя ядзернай бяспекі, або ASN. - Заўвага. Рэд.) паведаміў пра яго ў той жа дзень, у 17:21. Параўноўваючы з падобным здарэннем без прамой радыяцыйнай пагрозы на Новаваронежской АЭС у Расіі: афіцыйнае паведамленне — праз 6,5 дзён, пасля шуму ў СМІ.
Гаворка пра прынцып адкрытасці, аператыўнасці абвесткі: у вас корпус рэактара ўпаў — афіцыйныя асобы таксама 2 тыдні маўчалі.
Я давяраю паведамленню рэгулятара, і важна, што ў Францыі рэгулятар сапраўды не залежыць ад уласніка АЭС».
У Беларусі рэгулюючым органам у ядзернай бяспекі з'яўляецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
А што кажа наша дзяржава?
Насцярожыўся беларускі Гідрамет. Як піша ён на сайце, з 9 лютага ў мэтах кантролю над сітуацыяй сістэма радыяцыйнага маніторынгу дзяржаўнай гідраметэаралагічнай службы працуе ва ўзмоцненым рэжыме.
Пакуль радыяцыйнае становішча на тэрыторыі Беларусі застаецца стабільным, перавышэнняў над сярэднешматгадовымі ўзроўнямі не адзначана, паведамляе Гідрамет.
На 9-12 лютага прагноз для Беларусі спрыяльны нават пры радыеактыўным выкідзе: паветраныя масы рухаюцца ў напрамку Атлантычнага акіяна.
«Пры змене сітуацыі будуць прымацца ўсе неабходныя меры. Але вопыт фукусімскіх падзей нам паказвае, што, як правіла, у такой сітуацыі Беларусі не пагражае сур'ёзная радыялагічная небяспека», — цытуе «Спадарожнік» Марыю Гермянчук, начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Беларусі.
Ці згодныя эколагі?
Антыядзерная сетка ў Францыі «За адмову ад ядзернай энергетыкі» лічыць, што ацаніць сур'ёзнасць здарэння цяпер складана. Але ў любым выпадку ёй паспрабуюць не надаць вялікага значэння, таму што інцыдэнт адбыўся па-за ядзернай зонай рэактара.
«Гэты выбух здарыўся ў той час, калі, паводле газэты «La Presse de la Manche», тэрмін эксплуатацыі, прадугледжаны дакументамі для гэтага тыпу рэактараў, быў падоўжаны на 3 гады», — каментуе сетка.
«Greenpeace» настойвае на тым, што інцыдэнт небяскрыўдны, і заклікае EDF як мага хутчэй апублікаваць інфармацыю аб яго прычынах і наступствах.
«Гэты выпадак, значэнне якога імкнуцца пераменшыць, на самой справе адлюстроўвае больш маштабную праблему. Яна складаецца ў тым, што французскія АЭС старыя і знаходзяцца ў дрэнным стане, а EDF не мае сродкаў на тое, каб утрымліваць іх у парадку», — сцвярджае Кірыл Карм'е, які ўзначальвае энергетычную кампанію фрацузскага аддзялення «Greenpeace».
Ці можна пра інцыдэнт забыцца?
Так, вядома. Для беларусаў знойдуцца навіны важнейшая: нядаўна наша недабудаваная АЭС ўгразла ў новыя прыгоды і таму зноў подаражэе.
Яе канструкцыя апрыёры дэфектная і песціць ўладальнікаў кароткімі замыканнямі. Гэта высветлілася пасля таго, як на аналагічнай станцыі ў Новым Варонежы згарэў статар. Прадстаўнік АТ «Росэнергоатом» Андрэй Ціманаў назваў гэта «асаблівасцямі канструкцыі генератара». Значыць, на станцыі ў Астраўцы спатрэбіцца іх выправіць: «калі б з будаўніцтвам энергаблокаў па эксперыментальным праекце «АЭС-2006» не спяшаліся, то можна было б пазбегнуць дадатковых выдаткаў», — лічыць Андрэй Ажароўскі.
Паводле greenbelarus.info