«Цягам тыдня любое СМІ можа быць знішчана». У АБСЕ ўзрушаныя сітуацыяй у Беларусі
Прадстаўнікі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і шэрагу медыя сустрэліся з прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэзай Рыбейра. Яна заявіла, што глыбока ўзрушаная сітуацыяй у Беларусі.
Дарадца прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Айдар Батагараў у пачатку сустрэчы адзначыў, што сітуацыя, якая складваецца некалькі месяцаў у Беларусі, і ціск на журналістаў, што ўзмацняецца, выклікаюць вялікую заклапочанасць.
«Арышты, крымінальныя справы — гэта вяршыня айсберга. Я хацеў бы адзначыць сістэмнасць ціску ўлад на журналістаў і медыя. Я зафіксую дзве рэчы: беспрэцэдэнтны крымінальны і адміністрацыйны пераслед журналістаў, сістэмнасць рэпрэсій, а таксама ўзмацненне жорсткасці заканадаўства і той факт, што гэта ўсё працягваецца», — сказаў у сваім выступе старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец.
Намеснік старшыні ГА «БАЖ», юрыст Алег Агееў у сваім выступе звярнуў увагу на істотнае ўзмацненне жорсткасці заканадаўства ў дачыненні да журналістаў і медыя: папраўкі ў заканадаўства ўжо ўхваленыя Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
«Прапанаваныя змены ўводзяць яшчэ больш нелегітымныя абмежаванні. Напрыклад, дадаткова ўводзіцца забарона на распаўсюд інфармацыі аб апытаннях грамадскай думкі, пашыраецца колькасць органаў, якія могуць у пазасудовым парадку абмяжоўваць доступ да інтэрнет-рэсурсаў, дадаецца працэдура спынення выхаду СМІ ў пазасудовым парадку, уводзяцца дадатковыя абмежаванні ў правах журналістаў, працэдура пазбаўлення акрэдытацыі і пералік падстаў для гэтага вельмі шырокі, робіцца больш жорсткім парадак заснавання новых СМІ і многае іншае. Занепакоенасць выклікае цэлы шэраг змен у Крымінальным кодэксе», — адзначыў Агееў.
Заснавальнік, галоўны рэдактар баранавіцкай газеты «Intex-press» Уладзімір Янукевіч выказаў меркаванне, што на іх рэдакцыі уладай «адточваюцца метады», як можна за кароткі прамежак часу знішчыць непажаданае СМІ.
Янукевіч распавёў пра кейс пераследу выдання за інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай. «Нас вельмі ўразіла, што ўсе працэдуры былі без нашага ўдзелу. Мы, па сутнасці, не мелі гарантыі справядлівага суду. Будзем абскарджваць гэтыя рашэнні, але спадзяванняў, што яны будуць адменены, няма. Мне нават было адмоўлена ў азнаямленні з матэрыяламі справы.
Пад ціскам пракуратуры прыватныя гандлёвыя сеткі адмаўляюцца браць у распаўсюд. Калектыў з 35 чалавек у сітуацыі, калі эканамічнае выжыванне пад пытаннем. Я гэта называю забаронай на прафесію.
«Тыя ўмовы, у якіх мы працуем, — гэта неправамерна і абуральна. Іншых характарыстык гэтаму ў мяне няма, — адзначыла галоўны рэдактар найбуйнейшага інтэрнэт-партала ў Беларусі TUT.BY Марына Золатава. — Самая вялікая праблема — пагрозы жыццю і здароўю журналістаў. І наша вялікае засмучэнне — той факт, што наша журналістка Каця Барысевіч больш за пяць месяцаў знаходзіцца за кратамі.
За апошні год шмат усяго непрыемнага адбывалася ў нашым жыцці, літаральна са старту прэзідэнцкай кампаніі ў траўні 2020 года. Самым абуральным у гэтых гісторыях было тое, што журналістаў абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, суддзі выносілі абвінаваўчыя рашэнні на падставе паказанняў людзей са змененымі імёнамі ў балаклавах, а паказанні журналістаў ніхто да ўвагі не прымаў.
Нас пазбавілі статусу сеткавага СМІ ў канцы мінулага года. Улады ставяць палкі ў колы ўсім недзяржаўным медыя, незалежна ад таго, ёсць у іх статус СМІ ці не. У цэлым праца незалежных медыя вельмі змянілася: мы не можам асвятляць судовыя працэсы, нават не маглі прысутнічаць на абвяшчэнні прысуду нашай Каці Барысевіч. Я падтрымліваю асцярогі наконт юрыдычных навэл, якія нас чакаюць.
Галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына таксама нагадала пра арышт медыяменеджара, калегі Андрэя Аляксандрава, які са студзеня знаходзіцца ў зняволенні. У рэдакцыі па гэтай справе прайшлі ператрусы, былі канфіскаваныя дакументы і тэхніка.
«Гэта падвешаны стан, які незразумела чым можа скончыцца для кампаніі, — заўважыла Ірына. Яна таксама выказала заклапочанасць дзеяннямі ўлад у дачыненні да «Intex-press». — Я не ведаю, як зараз браць інтэрв'ю ў Ціханоўскай ці каго-небудзь з іх каманды. Думаю, што хутка мы не тое што цытаваць, нават згадваць іх не зможам. Але і не пісаць пра іх працу таксама нельга».
Галоўрэд БелаПАН нагадала, што журналісты ўжо фактычна год не могуць нармальна працаваць у публічных месцах, на вуліцы, таму што сталі мішэнню для сілавікоў. «У лепшым выпадку адвязуць у міліцыю і забяруць тэхніку, у горшым — журналіст стане фігурантам адміністрацыйнай або крымінальнай справы. Цалкам магчыма, што ўсе мы неўзабаве будзем абвешчаныя па-за законам», — кажа Ірына.
У працяг тэмы Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара тэлеканала «Белсат», заўважыў, што карэспандэнты канала ўсе 14 гадоў яго працы сутыкаліся з пераследамі улад. У 2020 годзе толькі штрафаў было выплачана на суму каля 26 тысяч долараў, а страты ад канфіскацыі прафесійнага абсталявання «нават перасталі лічыць».
«Мінулай вясной пачаліся і затрыманні, і арышты журналістаў. Самае страшнае здарылася ў лістападзе, калі былі затрыманыя нашы журналісткі Кацярына Бахвалава і Дар'я Чульцова, у лютым яны былі асуджаныя на два гады пазбаўлення волі. Два гады — гэта страшны тэрмін, гэта велізарны ўдар для ўсіх.
І сітуацыя не будзе ісці да лепшага, гэта відавочна. Мы ўжо дажыліся да таго, што радуемся, што кагосьці пасадзілі ні за што толькі на паўгода. Я ўжо не кажу пра запалохванні — дзяжурствы сілавікоў пад дамамі, кватэрамі журналістаў.
Раней для вулічнага апытання мы набіралі 12-15 каментарыяў за 40 хвілін, цяпер журналісты вымушаныя змяніць тры-чатыры месцы, каб запісаць людзей, яны вымушаны пастаянна ўцякаць.
Усё гэта робіцца, каб заткнуць нам рот, калі казаць прама. І наогул невядома, як далей працаваць. Усё ідзе да татальнага тэрору і знішчэння беларускай незалежнай журналістыкі», — падкрэслівае Дзікавіцкі.
Рэдактар спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік сказала, што яны ўжо выплацілі штрафы, прайшлі суды, атрымалі адмову на абскарджванне, але працуюць далей, нягледзячы на тое, што тэхніку міліцыя канфіскавала ў рэдакцыі, двое супрацоўнікаў праходзяць сведкамі па крымінальнай справе аб рэабілітацыі нацызму за фотаздымак з выставы мастака Алеся Пушкіна.
«З добрага: у Гродне ўсе ўсіх ведаюць і кожны міліцыянт — чыйсьці сусед, аднакласнік і гэтак далей. Мы атрымліваем шмат інфармацыі па неафіцыйных каналах, адчуваем вялікую падтрымку ад людзей. Але з іншага боку, і схавацца нікуды нельга, таму што нас таксама ўсіх ведаюць.
Людзі вельмі стаміліся, ва ўсіх праблемы, усіх закранула гэтая рэпрэсіўная машына. Але супольнасць, кам'юніці вакол рэдакцыі ёсць», — сказала Ірына.
Галоўрэд «Intex-press» Уладзімір Янукевіч адзначыў, што іх калектыў таксама адчувае падтрымку аўдыторыі: кожны дзень вялікая колькасць людзей падпісваецца на выданне праз рэдакцыю, расце аўдыторыя сайта.
Пасля абмеркавання сітуацыі ў медыясферы ў Беларусі прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбейра сказала, што яна «глыбока ўзрушаная гэтымі аповедамі». Яна выказала словы падтрымкі і салідарнасці з беларускімі журналістамі.
«Нам цяжка зразумець наколькі жахлівая сітуацыя ў Беларусі. Мяне больш за ўсё дзівіць той факт, што рэпрэсіўная машына працягвае сваю працу ў дачыненні да журналістаў. Гэта тое, што разбівае мне сэрца, праўда. У мяне ёсць мой голас, і я буду яго выкарыстоўваць, каб прадэманстраваць сітуацыю з медыя ў Беларусі, паўсюль пра гэта расказваць», — заявіла Тэрэза Рыбейра.
baj.by