Інтэграцыя нас не выратуе
Пакуль усе пратэстуюць з нагоды дарожных картаў па інтэграцыі, падпісанне якіх адкладзена на 20 снежня, у краіне назіраюцца больш трывожныя тэндэнцыі. Можа стацца нават так, што ніякая інтэграцыя нас не выратуе.
Урад Беларусі, канешне, поўны надзеяў і планаў. Праект бюджэту на 2020 год ужо перадалі ў Савет рэспублікі, і нават там абмеркавалі. Калі ў Палаце прадстаўнікоў больш увагі надавалі расходам краіны ў будучым годзе і дэфіцытам грошай, то нашы «сенатары» цікавіліся палітыкай — а дакладней, «сацыяльнай скіраванасцю» выдаткаў дзяржавы. Міністр фінансаў Максім Ермаловіч запэўніваў прысутных, што з гэтым — усё нармальна. Сярэдні заробак у бюджэтным сектары ў 2020 годзе павінен перавысіць 920 рублёў, казаў ён журналістам.
Па словах міністра, плануецца павышаць зарплату ў ахове здароўя, ёсць планы па павышэнні заробкаў у сферы адукацыі, неабходна падцягваць і нізкааплатныя катэгорыі насельніцтва, якія атрымліваюць параўнальна невысокую зарплату.
«У бюджэтнай сферы мы павышаем заработную плату апераджальнымі тэмпамі, таму што ў папярэднія гады рост заробкаў бюджэтнікаў адставаў ад тэмпаў росту заработнай платы ў цэлым у эканоміцы. Гэта адставанне неабходна наганяць, тым больш, неабходна вырашаць задачу па забеспячэнні суадносін зарплаты ў бюджэтным сектары і сярэдняй заработнай платы ў краіне не ніжэй за 80%», — растлумачыў Ермаловіч.
У гэтым ёсць трывожныя ноткі. Па-першае, ужо колькі разоў нас перасцерагалі ад таго, каб заробак не апярэджваў узровень вытворчасці, — то-бок, каб мы не ўкідвалі ў эканоміку незаробленыя грошы. Калі ў краіне ВУП расце на паўтара працэнты, узняцце любых заробкаў выглядае менавіта так.
Па-другое, ужо неаднаразова казалася, што «сярэдні ўзровень заробку» — гэта як «сярэдняя тэмпература па бальніцы», калі ў цэлым усе здаровыя. З бюджэту фінансуюцца дактары і настаўнікі, — а таксама міліцыянты і дэпутаты. Заробкі гэтых катэгорый «працоўных» (у двукоссях — бо вельмі сумніўна, што дэпутата можна лічыць працоўным) непараўнальныя. І «сярэдні заробак у бюджэтнай сферы» ў такім выпадку — не эканамічная, а, хутчэй, фантастычная катэгорыя.
Па-трэцяе, у народзе задаюцца пытаннем: можна навучыць мядзведзя ездзіць на ровары, але ці будзе ад гэтага мядзведзю карысць і задавальненне? То-бок, ці адаб’ецца падвышэнне заробку на дабрабыце людзей?
Статыстыка Нацбанка ў гэтым плане засмучае. З пачатку года даўгі беларусаў перад банкамі выраслі на 2 мільярды рублёў. Паводле дадзеных Нацбанка, на 1 лістапада гэтага года беларусы завінаваціліся банкам 13 мільярдаў 599 мільёнаў рублёў. У гэтую суму ўваходзяць спажывецкія крэдыты, крэдыты на нерухомасць і аўто, а таксама карты растэрміноўкі.
У параўнанні з папярэднім месяцам аб’ём крэдытнай запазычанасці вырас на 255 мільёнаў рублёў, а з лістападам мінулага года — на 2 мільярды 431 мільён рублёў. Што цікава, запазычанасць па крэдытах на спажывецкія патрэбы на 1 лістапада склала 5 мільярдаў 363 мільёны рублёў, — то-бок, блізу 40% ад усёй запазычанасці.
Гэта азначае, што беларусы не могуць сабе дазволіць даволі простыя «спажывецкія» рэчы, без таго, каб не пазычаць на іх дадатковыя грошы. І нават калі будзе павышэнне заробкаў — грошы пойдуць не на ўмацаванне сямейных бюджэтаў, а на аплату раней узятых крэдытаў.
Каб стрымаць крэдытны бум, у мінулым годзе Нацбанк увёў некаторыя абмежаванні па крэдытах. У галоўным банку не выключаюць, што могуць пайсці і на дадатковыя абмежаванні, калі тэмпы крэдытавання паскорацца.
Што такое «спажывецкі крэдыт» і «крэдыт па картках растэрміноўкі»? Зазвычай ён бярэцца на простыя рэчы ў перыяд найбольшых выдаткаў — напрыклад, каб падрыхтаваць дзіця да школы. Гэтая падрыхтоўка і ўлятае ў капейчыну, хаця, здавалася б, адукацыя ў нас бясплатная.
Між тым, сёлета мы пабачылі, да чаго нас прывяло бясконцае рэфармаванне школы і навучальных праграмаў. Зазвычай мы ганарыліся нашай сістэмай адукацыі як ці не самай лепшай. На самай справе, апынуліся «ў сярэднячках».
У мінулым годзе краіна далучылася да Міжнароднай праграмы ацэнкі ведаў PISA, якая праводзіць тэставанне ключавых ведаў і навыкаў 15-гадовых школьнікаў. Вынікі тэстаў даюць уяўленне пра ўзровень сярэдняй адукацыі ў краіне, а таксама пра дынаміку яе развіцця ці рэгрэсу. Праз тэставанне ў Беларусі прайшлі 5803 дзесяцікласнікі з 234 школ. Па методыцы PISA, яны прэзентавалі вынікі 78 333 падлеткаў (а гэта 88% тых беларусаў, якім на той момант было 15 гадоў). Галоўным прадметам даследавання ў 2018 годзе стала чытанне — з дадаваннем матэматыкі, прыродазнаўчых навук і так званых глабальных кампетэнцый — навыкаў, каштоўнасцяў і мадэляў паводзінаў, з дапамогай якіх маладыя людзі могуць атрымаць поспех у сучасным свеце.
У блоку «Чытанне» беларускія школьнікі набралі 474 балы. Гэта — 35 месца з 79 магчымых. У блоку «Матэматыка» нашыя шкаляры набралі 472 балы, і гэта 38-ы вынік. У натуральных навуках сярэдні бал беларусаў — 471. Гэта 37-ы вынік з 79 краін.
Калі ў краіне з абавязковай сярэдняй адукацыяй 15-гадовыя школьнікі так-сяк умеюць чытаць — нешта не тое ў нас з адукацыяй. Міністр-камуніст Ігар Карпенка павінен пасыпаць попелам галаву і каяцца ў развале школы. Але наўрад ці мы гэтага ад яго дачакаемся.
Падаецца, ён павінен быць галоўным лаўрэатам адносна новай і пакуль яшчэ малавядомай антыпрэміі для чыноўнікаў, якую ладзіць міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus.
Антыпрэмію пад назвай «Watch Docs пазначыў» чыноўнікам за іх вар’яцкія рашэнні і дзеянні «ўручаюць» другі год запар. Як кажуць арганізатары, антыпрэмія выконвае адразу некалькі функцый. Па-першае, гэта выдатны спосаб пасмяяцца. Па-другое — нагода лішні раз нагадаць аб правах чалавека. А па-трэцяе, верагодна, так чыноўнікі даведаюцца, дзе дапусцілі памылкі, — і зразумеюць, што беларусам не ўсё роўна.
Галасаванне праводзіцца ў групе фэсту ў Facebook, а таксама ў час паказаў на самім фестывалі. Пераможцаў абвесцяць 13 снежня ў Мінску ў прасторы ОК16. Так што яшчэ ёсць магчымасць абраць самага-самага небараку ў гэтай галіне.
Але праблема ў тым, што ўлада ў Беларусі аўтарытарная: усім кіруе адзін чалавек. І адказвае за ўсе рашэнні, атрымліваецца, таксама ён. І, адпаведна, любая «антыпрэмія» — таксама яго.