Другі этап Талакі ў Курапатах

У суботу, 7 верасня ў 12.00 распачнецца другі этап Талакі ва ўрочышчы Курапаты, дзе пахаваныя многія дзясяткі тысяч людзей, закатаваных сталінскімі апрычнікамі ў 1937–1941 гадах. Пра гэта 4 верасня на прэс-канферэнцыі ў сядзібе Партыі БНФ паведамілі прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» і Хрысціянскага руху.



100_5969_logo.jpg

Па словах каардынатара ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Ганны Шапуцькі, месца збору ўдзельнікаў — Крыж Пакуты, што каля цэнтральнага ўваходу ва ўрочышча. Цягам тыдня, да 14 верасня, працы па ўпарадкаванні курапацкага лесу будуць праводзіцца ад 17-й да 19-й гадзіны.

Як адзначыў каардынатар Хрысціянскага руху Аляксей Шэін, арганізатары Талакі зараз спрабуюць прыцягнуць да гэтай справы хрысціянаў, таму што, перад усім, Курапаты — гэта месца памяці і пакаяння. «Гэта месца, дзе павінны адбывацца малітвы за краіну і за яе будучыню. І, канешне ж, гэта тое месца, дзе трэба адстойваць сваю спадчыну. Мне падаецца, што гэта добрая магчымасць малітвы для хрысціянаў, якія зараз адчуваюць на сабе, на жаль, ціск. Бо мы ведаем гісторыі, звязаныя з рознымі пратэстанцкімі цэрквамі, калі прыціскаюць правы не толькі асобных вернікаў, але цэлых цэркваў, гэта і праблемы, звязаныя з каталікамі, з некаторымі праваслаўнымі. Я думаю, што для хрысціянаў зараз добрая магчымасць у гэтай сітуацыі далучыцца да грамадскай актыўнасці, праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, не проста хадзіць на набажэнствы ў нядзелю, але і пастарацца быць у месцах, зразумелых хрысціянам, - месцах памяці і пакаяння» , — падкрэсліў актывіст.

100_5976_1__logo.jpg

«Абавязак хрысціяніна — гэтат годнае пахаванне памерлых, — дадае паплечніца Аляксея Шэіна па Хрысціянскім руху Юлія Фралова. — Якая ў нас можа быць будучыня, калі за намі крывавым шлейфам цягнецца мінулае? Тое, з чым не разлічыліся ў мінулым, будзе вяртацца з яшчэ большай моцай. Таму павінна быць публічнае пакаянне, асуджэнне камуністычнае сістэмы, тэрору, прашэнне аб прабачэнні праз малітву. Тады ў нас будзе будучыня».

«Курапаты трэба разглядаць як сімвал гісторыка-нацыянальнай памяці, як сімвал трагедыі мінулага стагоддзя, а цяпер гэта трагедыя грамадства і краіны. Калі паглядзець, то стан Курапатаў падобны на той стан грамадтва і дзяржавы, у якім мы знаходзімся», — адзначыў прадстаўнік ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты« Уладзімір Раманоўскі.

Паводле ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі, на Талаку ў Курапаты запрашаюцца ўсе жадаючыя, незалежна ад веравызнання, палітычных поглядаў і прыхільнасцяў.