Дурдом з нагоды “садому”: літаратура нетрадыцыйнай арыентацыі

У рамках 16 Форума выдаўцоў у Львове ўкраінскае выдавецтва “Крытыка прэзентавала скандальную анталогію квір- (лесбі-, гей- і бі-) літаратуры “120 старонак садому — першае на прасторах СНД выданне падобнага кшталту. Абодва звязаныя з анталогіяй мерапрыемствы скончыліся невялічкімі пагромамі.



3210ddbeaa16948a702b6049b8d9a202.jpg

У рамках 16 Форума выдаўцоў у Львове ўкраінскае выдавецтва “Крытыка прэзентавала скандальную анталогію квір- (лесбі-, гей- і бі-) літаратуры “120 старонак садому — першае на прасторах СНД выданне падобнага кшталту. Абодва звязаныя з анталогіяй мерапрыемствы скончыліся невялічкімі пагромамі. Пад гэты шумок, як здаецца, было б цікава і карысна пагутарыць пра анталогію ў прыватнасці і квір-літаратуру як такую з дзяўчынай, якае мае непасрэднае дачыненне да выдання, прадстаўляючы ў гэтай анталогіі Беларусь, — паэткай Настай Манцэвіч (Вілейка-Мінск-Варшава).

“Гамафобія ва Украіне нясе прыкметы добрага густу. Гэты “страх яднае ўсе слаі насельніцтва — ад гопніка да прэм’ер-міністра, — канстатуе ў прадмове да анталогіі паэт і эсэіст Андрый Бондар, перастаўляючы такім чынам, у каторы ўжо раз у гісторыі культуры, акцэнты з літаратурнага на сацыяльнае. На яго думку, гэтак жа, як расійскі ліберал заканчваецца там, дзе пачынаецца “ўкраінскае пытанне, украінскі ліберал заканчваецца там, дзе паўстае небяспека: яго могуць палічыць за гей-талерантную асобу.
Тым не менш, 40 старонак каментараў, якія атачаюць непасрэдна 120 старонак з творамі сучасных літаратараў нетрадыцыйнай арыентацыі, характарызуюць гэты стракаты інтэркантынентальны збор як “перадусім паэзію, лірыку — а ўжо потым развагі на тэму пачуццёвасці, “новай цялеснасці, квір-ідэнтычнасці ды гендэру. Зрэшты, само чытанне-гартанне анталогіі пакідае крыху іншае ўражанне. Прадстаўлены творы 30 аўтараў з 14 краінаў Еўропы і ЗША. Простая арыфметыка паказвае: не больш за 4 старонкі на аўтара. У гэтыя 4 старонкі ўкладальнікі паспрабавалі ўціснуць тыя творы абраных паэтаў і празаікаў, якія як найкрасамоўней выслаўляюць іх сексуальную ідэнтычнасць.
Таму “120 старонак садому чытаюцца як нешта накшталт адважнага маніфесту квір-літаратуры. Адважнага і правакацыйнага — нездарма сама назва кнігі перафразоўвае назву знакамітага раману маркіза дэ Сада. У той жа час — гэта творы прадстаўнікоў розных літаратурных плыняў, розных паэтык, розных пакаленняў. Асноўнай сваёй мэтай укладальнікі анталогіі называюць “памнажэнне разнастайнасці ў літаратуры і жыцці.
10 і 11 верасня на прэзентацыях “120-ці старонак у Львове адбыліся лятучыя правакацыі з боку маладых людзей з кароткімі стрыжкамі. Хлопцы імкліва ўбягалі ў залі, пераварочвалі сталы, выкрыкваючы лозунгі гамафобнага зместу. Прэса не магла не перабольшыць маштабы скандалу і памер матэрыяльнай шкоды ад гэтых учынкаў, але — якімі б нязначнымі ні былі б гэтыя правакацыі — відавочна адно: у чарговы раз ліберальны дыскурс сутыкнуўся на постсавецкай тэрыторыі з дыскурсам традыцыйным. Характэрна, што пры перадруку інфармацыі пра адзін з пагромаў у беларускім інтэрнэце, дзеянні львоўскіх праварадыкалаў былі ўхваленыя многімі беларускімі чытачамі. Так што львоўскі інцыдэнт, на маю думку, агаляе ў тым ліку праблемы, што востра стаяць у нашым грамадстве.
Пра ўсё гэта я гутару з паэткай Настай Манцэвіч, чыя празаічная замалёўка “Табе, каханая, прысвячаю трапіла паводле алфавіту паміж вершамі амерыканскага паэта кітайскага паходжання Цімаці Ліу і расійскага паэта-эмігранта Яраслава Магуціна. Наста нарадзілася ў 1983 годзе, яна эканаміст паводле адукацыі, працуе ў журналістыцы. Удзел у анталогіі — усяго толькі чацвёртая яе публікацыя ўвогуле. Наста піша мала, але напісанае ёй было двойчы высока ацэненае на конкурсах маладых літаратараў ПЭН-цэнтра.
Наста, ці мелі калі-небудзь месца спробы сарваць твае паэтычныя выступы праз тваю сексуальную арыентацыю?
— Ніколі нічога такога не было.
Раскажы пра свой шлях на “120 старонак....
— Я сярод іншых нашых літаратараў удзельнічала ў фестывалі “Марцовыя каты ў Ужгарадзе, і адна з укладальніц анталогіі, Альбіна Пазнякова, пачуўшы мой выступ, папрасіла мяне даслаць творы. Я дасылала вершы і прозу, а яна ўжо выбірала ўрыўкі для перакладу.
Не ўсе творцы нетрадыцыйнай арыентацыі ўхвальна ставяцца да таго, што іншыя ў іх творчасці звяртаюць увагу адно на іх сексуальнасць. Чаму ты вырашыла ўдзельнічаць у такім праекце?
— Спачатку я вагалася, ці ўдзельнічаць увогуле. Бо мне не хацелася, каб на тое, што я напісала, вешалі цэтлік: “лесбі-літаратура. Але падумаўшы, я вырашыла, што калі нехта ў такім зборніку прачытае мяне, я буду толькі радая.
Ці магла б паўстаць супастаўная культурная ініцыятыва ў Беларусі?
— Чаму не? Але я не ведаю, хто б мог выступіць як арганізатар.
Чаго для цябе ў анталогіі болей — культурнага ці сацыяльнага?
— Укладальнікі сцвярджаюць, што гэта больш культурны праект, але, на маю думку, там болей сацыяльнага.
Наколькі твая арыентацыя вызначае тое, што ты пішаш?
— Я не думаю, што мая лесбійскасць мае вялікае значэнне ў маіх творах. Калі пішу, я пра гэта ўвогуле не думаю. Але калі ў нейкім зборніку сабраныя тэксты пэўнай тэматыкі, можа скласціся ўражанне, што ўся квір-літаратура адно “пра гэта.
У сваёй прозе ты пісала пра сваю родную Вілейку як пра “высокую, прыгожую жанчыну. Ты стала жывеш у Мінску, але па працы часта бываеш у Варшаве. Дзе — у каталіцкай Польшчы ці постсавецкай Беларусі — негатыўней ставяцца да геяў?
— Думаю, у Беларусі грамадства больш кансерватыўнае, але я гэтага асабіста не адчуваю. Бо ніхто з маіх сяброў і калегаў не засяроджвае на маёй арыентацыі асаблівай увагі.
Такія анталогіі патрэбныя?

— Так, патрэбныя. Каб (доўга думае)… звярнуць увагу. Каб пасля такога першага шоку людзі больш натуральна ставіліся да твораў, дзе, напрыклад, “жанчына і жанчына, а не “жанчына і мужчына. Каб успрымалі такія творы як звычайную літаратуру.
Абодва твае “суседы па анталогіі — кітаец Цімаці Ліу і расеец Яраслаў Магуцін — на дадзены момант жывуць у Нью-Йорку. А ці былі ў цябе думкі памяняць Мінск як месца сталага жыхарства на які-небудзь больш талерантны да “іншасці горад?

— Такія думкі былі, тым больш што студэнткай я пабывала і ў Брытаніі, і ў ЗША, але ўсё адно нешта цягне мяне вярнуцца на радзіму. Не ведаю, як сказаць менш пафасна… Мне падабаецца падарожнічаць, але вяртацца я заўсёды хачу ў Беларусь.
Слова стваральнікам:
АЛЕСЬ БАРЛІГ, УКЛАДАЛЬНІК АНТАЛОГІІ:
— Праблема, якой я пераймаюся як журналіст і літаратар, гэта, умоўна кажучы, “дыскрымінацыя мужчыны ў сучасным грамадстве. Гомаэратычнае вымярэнне стасункаў — адзін з тых аспектаў, у якіх гэтую праблему выдаць найвыразней (…) Я спадзяюся, што “120 старонак садому істотна пашыраць далягляды грамадскага абмеркавання шэрагу вострых пытанняў і прынамсі дадуць нам нагоду пазбыцца шмат-якіх састарэлых нікчэмных клішэ.
ВОЛЬГА ЛЮБАРСКАЯ, ПЕРАКЛАДЧЫЦА З АНГЛІЙСКАЙ, НЯМЕЦКАЙ, ФРАНЦУЗСКАЙ МОВАЎ:
— Мне выпала перакладаць двух квір-паэтаў і адну паэтку, таму я была змушаная адчуць сябе то жанчынай, якая любіць жанчыну, то мужчынам, які любіць мужчыну. У выніку гэтых метамарфоз паўстала разуменне: няважна, хто і каго кахае, гэты комплекс пачуццяў не мае першасных полавых адзнак, як не мае іх сэрца.

НАСТА МАНЦЭВІЧ

Табе, каханая, прысвячаецца
(урывак)
Паглядзі, на каго ты падобная! Гэта першыя словы, якія я памятаю. Выхавацелька схіліла нада мной свой грозны твар, балюча схапіла за рукі і пачала іх выцягваць з-пад майкі. Усе дзеці спяць. Я — не сплю.
На каго я падобная? Мая рука прыціскаецца да жывата. На мне апранута белая маечка з тонкімі шлейкамі. Я засунула рукі ў дзіркі ад рукавоў і вывучаю сябе пад адзежай. Плоскі жывот, маленькая дзірка-пуп, а вышэй яго — два гузікі, цыцкі. Вось, значыцца, я якая... Цікава, на каго гэта падобна? І чаму той, на каго я падобная, так злуе выхавацельку? Напэўна, я падобная на кагосьці страшнага і злога. Напрыклад, на бармалея. Я гляджу на свае рукі, і мне здаецца, што яны павялічваюцца і на іх пачынае расці поўсць. “Грррааааа, — крычу я. І мне затыкаюць рот соскай. Мне два гады.
***
Я ўвогуле не ведаю, як мне ўдалося выжыць у дзяцінстве. На кожным кроку мяне падсцерагалі злодзеі, ворагі ды нячысцікі. Дома, на балконе, жыў бармалей, і мне нельга было туды заходзіць, яшчэ адзін жыў у падвале, але туды і без бармалеяў хадзіць не хацелася. Там было цёмна і заўжды нечым смярдзела.
У бабулі ў калодзезі жыў вадзянік, які толькі чакаў, каб зацягнуць мяне ў сваё логава. Але і ён застаўся ні з чым, бо калі мне трэба было праходзіць міма калодзезя, я заплюшчвала вочы і пераставала дыхаць. І бегла з усіх ног, пакуль калодзезь не заставаўся далёка за спінай. Дзядзя міліцыянер наравіў забраць мяне за тое, што я гуляла ў пяску і вымазала сукенку, ці за тое, што занадта хутка бегала, ці за тое, што лазіла па дрэвах, ці за тое, што не хачу есці... Есці трэба было абавязкова, бо нават калі б дзядзя міліцыянер не дазнаўся пра гэта, мяне б падхапіў вецер, закружыў у паветры бы лісцік, а пасля пакаціў па асфальце.
Але самым злым маім ворагам былі птушкі. Яны лёталі паўсюль і ўсё ведалі, бачылі кожны мой крок і расказвалі пра яго маме. І нікуды ад іх немагчыма было схавацца. Ні ў шафу, ні пад канапу.
І вось сярод усіх гэтых страшных людзей, звяроў і пачвараў. Я выжыла.