«Ды папрасіся ўжо, пагеройстваваў і годзе!»
Сваякі палітвязняў катэгарычна адпрэчылі так званую «бабруйскую ініцыятыву». Нагадаем, што бабруйскія грамадскія актывісты, занепакоеныя лёсам Яўгена Васьковіча, вырашылі распачаць своеасаблівую акцыю: даслаць Яўгену як мага болей лістоў з просьбай напісаць прашэнне аб памілаванні.
Аднак маці хлопца Рушання Васьковіч, як паведамляла «Вясна», не верыць у тое, што гэта дасць плён.
— Я заводзіла гэтую тэму ў размовах з Жэням, і не аднойчы. А ён злуецца, і кажа «мама, гэта не абмяркоўваецца!» Мне падаецца, што такія лісты яго яшчэ больш азлобяць, баюся, што не захоча зусім ліставацца. У нашых размовах Жэня прасіў, каб гэтае пытанне не ўздымалася ў СМІ.
Тым часам газета «Народная Воля», аб чым паведаміла шэф-рэдактар выдання Святляна Калінкіна на сваёй староны ў Facebook, праводзіць апытанне наконт стаўлення да ініцыятывы «усім разам звярнуцца да палітзняволеных і ўсё-ткі папрасіць іх напісаць прашэнне аб памілаванні», спасылаючыся на прыклад бабруйскіх акывістаў.
На гэта адгукнулася Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча:
«Скажу проста, гэта — спроба забойства... Забойства тых, хто лепшы за нас, тых, хто зрабіў самы цяжкі выбар, і змагаецца
за чалавечае ў нас і для нас. А ў знакамітай "пірамідзе Маслоу" трэба проста знішчыць верхнія, і без таго тонкія пласты, бо — не трэба! Бо, калі можна так, то, у прынцыпе, акрамя "чаркі і шкваркі", астатняе,
чалавечае, не мае ніякай каштоўнасці і ніякага сэнсу. І няма на што абперціся... А калі патасна, то гэта — адмова ў будучыні... Бо навошта такая будучыня?
І мне здаецца невыпадковым з'яўленне такіх прапановаў акурат пасля атрыкула Міколы і ліста другога Міколы, бо яны — пра чалавечае. А мы ім - па галаве... Каб не высоўваліся, не нагадвалі, што значыць "людзьмі звацца", не будзілі сумленне. Не веру, што гэта можна не разумець...»
Не менш катэгарычна адпрэчыла такую ініцыятыву і Валянціна Аліневіч, маці Ігара Аліневіча:
«Учора я была на спатканні з Ігарам, позна ўвечар вярнулася. Патэлефанавала Марына Лобава і зрывістым голасам расказала пра гэту ініцыятыву. Адносна яе я цалкам згодна з усімі сваякамі палітвязняў. Гэта — не ўпартасць, гэта абарона сваіх маральных перакананняў, агульналюдскіх нормаў. Нездарма, у лістах, якія нашы хлопцы атрымліваюць, напісана: «Вы сядзіце за ўсіх нас». Мы вельмі хочам бачыць іх усіх на волі, але не такой цаной».
Выказаў уласнае стаўленне і былы палітвязень Дзмітры Дрозд, які напісаў калісці прашэнне аб памілаванні:
«Я думаю, што падобным прашэннем мы ўсе ЗНЯВАЖЫМ іх учынак і змаганне. Кожны рашае сам — і кожны сам ацэньвае свае сілы. Я не бачыў для сябе сэнсу сядзець далей —
усё, што я мог, я зрабіў — далейшая адседка асабіста для мяне была толькі стратай часу. Я разумеў,
што ў адміністрацыі велізарныя магчымасці ператварыць маё жыццё, і
без таго нялёгкае ва ўмовах беларускай зоны, у поўнае пекла — і не захацеў эксперыментаваць. Нехта вырашыў не падпісваць — і выйшлі
героямі, і зараз гэта вялікая перамога на ўсё жыццё (з Лукашэнкі, дарэчы, карона не звалілася
— падпісаў і без прашэння, калі прыціснулі санкцыямі).
Гэтыя людзі ўжо прынялі сваё рашэнне — гэта іх змаганне, і яны хочуць выйсці з яго пераможцамі. Пэўна, мела сэнс пісаць прашэнне пры першай
жа прапанове, калі ты не адчуваеш у сабе
сілу выдужаць — калі яны
вырашылі трымацца, мы не
маем маральнага права наносіць ім ТАКІ ўдар у спіну. Успомніце, калі катаваннямі, зневажэннем, запалохваннем прымусілі напісаць гэтыя паперы ў Саннікава — думаю, што малое хто з нас уяўляе, якія пакуты яму давялося там вынесці і як цяжка яму далося гэтае рашэнне.
І што? Колькі пасля гэтага
ён правёў яшчэ ў турме? Яго ўсё адно трымалі роўна гэтулькі, колькі рэжым мог трываць міжнародны ціск, прычыняючы гэтым чалавеку яшчэ большыя пакуты — і напісаў, і не выйшаў. Тады мы збіралі подпісы, каб Лукашэнка, як мага хутчэй разгледзеў і падпісаў, я не лічыў ганебным звярнуцца да гэтага ўрадоўца паставіць подпіс пад заступніцтвам пра памілаванне, калі гэтае рашэнне было прынята самім зняволеным. Прасіць жа пра гэта
Статкевіча, Дашкевіча і іншых хлопцаў я б не рызыкнуў —
а такія рэчы можна было б і па пысе атрымаць, бо для іх гэта прынцыповае пытанне. Большасць з гэтых хлопцаў
— з велічэзнымі тэрмінамі! — не з'яўляецца вялікімі
палітычнымі дзеячамі
і не цэляць у прэзідэнты, для іх гэта не пытанне іміджу: як на мяне паглядзяць людзі, для іх гэта пытанне веры ў сябе і свае сілы, прасіць іх напісаць: гэта фактычна казаць ім: мы не верым у вашы сілы, змаганне бессэнсоўнае... Яны ўжо выбралі для сябе».