Дык ці будзе ў Слуцку вуліца імя паўстанцаў?
Раённы Савет дэпутатаў плануе правесці паўторны сход жыхароў вуліцы Камсамольскай па пытанні перайменавання вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў.
![Збор подпісаў у Слуцку Збор подпісаў у Слуцку](/img/v1/images/img_6292_logo_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Збор подпісаў у Слуцку
Пра гэта паведаміў старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Ражанец.
На адрас
раённага Савета дэпутатаў прыйшоў калектыўны
зварот у электронным выглядзе па праблеме перайменавання вуліцы
Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. На гэты раз яго падпісалі 658 чалавек. З нагоды атрымання электроннага звароту
райсавет і праводзіць паўторныя слуханні.
Нагадаем, што 2 лістапада 2016 года грамадскія актывісты Віталь Амяльковіч і Зінаіда Цімошак перадалі ў райвыканкам 550 «папяровых» подпісаў грамадзян за перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў дзеля ўшанавання памяці слуцкіх змагароў за незалежнасць краіны ў 1920 годзе. Калектыўны зварот быў накіраваны ў Слуцкі райвыканкам, які затым арганізаваў правядзенне сходу грамадзян, што пражываюць на вуліцы Камсамольскай. Згодна з пратаколам сходу, жыхары выказаліся супраць такога перайменавання.
![img_6372_logo_1_logo.jpg img_6372_logo_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_6372_logo_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэтая навіна вызвала цікавасць у неабыякавых грамадзян краіны, паколькі Слуцкі збройны чын — адметная падзея ў гісторыі Беларусі, а яго ўгодкі нацыянальна-свядомыя грамадзяне адзначаюць кожны год. У падтрымку вуліцы Слуцкіх паўстанцаў дадаткова была арганізавана электронная петыцыя на сайце zvarot.by.
Уладзімір Махнач, які першым паставіў подпіс у электронным звароце, 16 лютага атрымаў адказ ад старшыні Слуцкага раённага савета дэпутатаў. У сваім адказе Віктар Ражанец паведаміў, што інфармацыя аб даце і месцы сходу будзе абвешчана ў мясцовых СМІ і накіравана Уладзіміру Махначу як першаму падпісанту электроннага звароту дзеля паведамлення іншым.
Віталь Амяльковіч, у сваю чаргу, паведаміў, што некалькі дзён таму ён накіраваў у суд Слуцкага раёна скаргу на парушэнне Слуцкім райвыканкамам заканадаўства аб правядзенні мясцовых сходаў падчас сходу грамадзянаў па абмеркаванні пытання аб перайменаванні ў лістападзе 2016 года.
«Пры арганізацыі і правядзенні сходу мелі месца грубыя парушэнні артыкула 17 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». У Законе гаворыцца пра неабходнасць размяшчэння інфармацыі аб сходзе ў СМІ альбо іншымі спосабамі з абавязковым пазначэннем месца, даты і часу, з пастаноўкай пытанняў для абмеркавання і кантактных дадзеных адказных асобаў. Да таго ж, інфармацыя павінна была з’явіцца за 7 дзён да сходу, — распавёў пра парушэнні заканадаўства грамадскі актывіст. — Таксама ў пратаколе сходу не пазначаныя прозвішчы жыхароў, якія ўдзельнічалі ў сходзе з адраснымі дадзенымі. Таму невядома, хто былі тыя 62 удзельнікі сходу і чаму гэты сход прайшоў у такіх таямнічых абставінах. Маюць месца і іншыя парушэнні, і я звяртаю на іх увагу суда».
Віталь Амяльковіч спадзяецца, што новы сход жыхароў раённы Савет дэпутатаў правядзе ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, не паўторыць памылак кіраўніцтва Слуцкага райвыканкама, не парушыць законныя правы і інтарэсы грамадзян, а таксама праявіць патрыятызм і нацыянальную свядомасць пры абмеркаванні важнай праблемы.