Дырэктарка бізнес-саюза прапануе істотна падняць пенсійны ўзрост

У краіне трэба чарговы раз павышаць пенсійны ўзрост. З такой прапановай выступіла дырэктарка Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага (БСПН) Жанна Тарасевіч. У бізнес-саюзе лічаць, што ўзрост выхаду на заслужаны адпачынак трэба паступова падняць для жанчын да 63 гадоў.

1101756486.jpg


Пры гэтым для ўсіх работнікаў прапануецца прыкметна падняць памер адлічэнняў у ФСАН, а для наймальнікаў — знізіць.

У Беларусі з гэтага года мужчыны выходзяць на пенсію ў 63 гады, а жанчыны — у 58 гадоў. Сёлета скончылася пенсійная рэформа, якая пачала ў 2017-м.

Раней чыноўнікі абмяркоўвалі далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту пасля 2022 года, але гаворка ішла толькі пра жанчын. Яшчэ больш павысіць пенсійны ўзрост раілі і ў МВФ.

У Мінпрацы ў траўні гэтага года заяўлялі, што павышэнне пенсійнага ўзросту не разглядаецца.

Жанна Тарасевіч лічыць, што прынятых у 2017 годзе мер недастаткова, што Беларусі патрэбна яшчэ адна пенсійная рэформа. «Нам прыйдзецца вяртацца да чарговай рэформы. Будзе гэта праз год ці два-сказаць складана, таму што змяняецца эканамічная сітуацыя — лічыць кіраўніца БСПН. — Але мы будзем стаяць перад выбарам — ці трэба праводзіць рэформу, альбо павялічваць абавязковыя адлічэнні з фонду аплаты працы, альбо нам прыйдзецца зніжаць памеры пенсій. Таму што хутчэй за ўсё з-за дэфіцыту рэсурсаў Фонду бюджэт павінен будзе датаваць фонд, каб выплачваць пенсію хоць бы на ўзроўні 40% ад сярэдняй зарплаты».

Бізнес-саюз выступае за павелічэнне пенсійнага ўзросту да 63 гадоў не толькі для мужчын, але і для жанчын. Але паступова, на працягу 10-15 гадоў.

«З моманту распрацоўкі нашай канцэпцыі пенсійнай сістэмы прайшло амаль 10 гадоў. Вядома, трэба праводзіць дадатковыя даследаванні, ад чагосьці адмаўляцца альбо нейкія пункты прапісваць больш выразна. Але мы лічым прапановы цалкам жыццяздольнымі і хочам абмеркаваць іх з насельніцтвам і пачуць іх меркаванне», — лічыць Жанна Тарасевіч.

На яе думку, у Беларусі таксама трэба выраўноўваць долю адлічэнняў ад работнікаў і працадаўцаў. Цяпер гэта 1% і 34% (столькі плацяць работнік і наймальнік адпаведна).

«Паволі мы павінны прыйсці да суадносінах 50/50. Гэта не значыць, што ўжо заўтра трэба забіраць з заробку работнікаў 14%, можна дадаваць па 0,5-1% у год. Тады ў наймальніка будзе зацікаўленасць выплачваць больш высокую заработную плату, а ў работнікаў — атрымаць у будучыні больш высокую пенсію», — кажа яна.

Жанна Тарасевіч звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі пенсіі не моцна дыферэнцыраваныя. «У кагосьці нізкія, у кагосьці высокія заработныя платы, а пры выхадзе на пенсію памер дапамогі не нашмат адрозніваецца адзін ад аднаго. Атрымліваецца, што пенсіі амаль не залежаць ад адлічэнняў, якія ажыццяўляліся, калі чалавек працаваў», — кажа кіраўніца БСПН.

Удакладнім, што сярэдняя працягласць жыцця жанчын у Беларусі складае каля 78 гадоў, а ў мужчын — 64 гады.