Дзе ў Беларусі паглядзець на жывёл з Чырвонай кнігі? Распавядаем з яскравымі малюнкамі ад нейрасеткі

Хаця каляндарная зіма і падыходзіць да свайго фіналу, у некаторых рэгіёнах Беларусі дагэтуль застаюцца гурбы снегу, што дае цудоўную магчымасць выбрацца на прыроду і зрабіць апошнія ўдыхі зімовага паветра. Да таго ж, гэта адначасова цудоўны спосаб байкоту «бязвыбараў», якія рэжым ладзіць на гэтых выходных.

Статак еўрапейскіх зуброў

Статак еўрапейскіх зуброў

Надзвычай важным аспектам з’яўляецца тое, што мы ў ніякім разе не ўключаем ў падборку заапаркі, запаведнікі з вальерамі, прыватныя фермы ці будзь-якія лакацыі, дзе жывёлы знаходзяцца ў няволі. Толькі лясныя ды стэпавыя ўмовы, толькі назіранне на адлегласці і добраахвотнае жаданне жывёліны, толькі недатыкальнасць і свабода.

Ну а так як сустрэцца адзін на адзін з мядзведзем ці еўрапейскай рыссю — ідэя даволі сумнеўная, разгледзім больш бяскрыўдных асобінаў, якія нават могуць пайсці з вамі на кантакт (і не для таго, каб з’есці вас!). 

Еўрапейскі зубр

Еўрапейскі зубр у Белавежскай пушчы

Еўрапейскі зубр у Белавежскай пушчы

Хаця пухнаты волат і значна перавышае па габарытах таго ж мядзведзя, ён выразна перадае духоўны стан беларуса: такое сабе адчуванне спакою, цярпення ды прымірэння. Выпадкаў нападзення на гарадскіх гасцей з боку жывёліны ў Беларусі не было зафіксавана ніводнага разу. Як піша біёлаг НАН Павел Велігураў, аднойчы ў Гарадзенскай вобласці назіраўся выпадак, калі зубр з вялікай хуткасцю кінуўся на чалавека, але рэзка спыніўся побач, паказваючы, што не варта непакоіць яго сям’ю. Калі волат рые капытом зямлю і фыркае, трэба сысці з дарогі і не турбаваць звера. Выдатным аргументам сыдзе тое, што маса жывёліны дасягае 700 кілаграм — наўрад ці сустрэцца з накаўтам ад такога вось тралейбуса будзе бяспечным для здароўя. Таму абавязкова паважайце асабістую прастору, бо гэта такая ж жывая істота, як чалавек. 

У 20-я гады мінулага стагоддзя сімвалы беларускай дзяржавы апынуліся на мяжы знікнення — станам на 1926 год было зафіксавана, што сусветная папуляцыя віда складала ўсяго 52 асобіны. З цягам часу іх колькасць крыху павысілася, але напрыканцы 80-х жывёлы зноў пачалі гінуць праз страшнае захворванне — баланапасціт.

Прычыну інфекцыі пазней апісалі польскія біёлагі: у публікацыі паведамлялася, што ў арганізме жывёлы існуе патагенная мікрафлора, якую ў нармальных умовах кантралюе імунная сістэма. А калі зубр пачынае дрэнна карміцца, імунітэт аслабляецца і развіваецца баланапасціт. 

Тады зубры лакалізаваліся толькі  ў адным месцы — Белавежскай пушчы, на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Польшчы. Па праграме, разробленай савецкімі вучонымі, наш скарб пачалі адлоўліваць і развозіць на іншыя тэрыторыі, але, як не дзіўна, найбольш гарна яны прыжыліся ў сябе на радзіме, а таксама ва ўкраінскіх Карпатах. 

Цяпер у нашай краіне жыве чвэрць сусветнай папуляцыі зуброў. Так, на пачатак 2024 года ў адной толькі Белавежскай пушчы зоаабаронцы назвалі дакладную лічбу ў 730 асобінаў, а агульная колькасць зубраў па дзяржаве дасягае амаль 2400 жывёл. 

Еўрапейскія зубры ля гарадзенскай трасы

Еўрапейскія зубры ля гарадзенскай трасы

Акрамя Белавежскай пушчы, куды дабрацца з Мінску ці ўсходняй частцы краіны даволі няпроста, яшчэ з большай верагоднасцю сустрэць волатаў можна вакол Валожына. Кіроўцы, што вандруюць гарадзенскай трасай, надзвычай часта бачаць статкі волатаў менавіта ля Налібоцкай пушчы, на ўчастку ад Бакштаў да крутога паварота ля Валожына. Тут жа ёсць дзве экалагічныя сцежкі. Першая — «Белакарэц», дзе праз лясістасць мясцовасці верагоднасць сустрэць гаспадара зямель беларускіх даволі малая. А вось другая, «Сябрыньскае скрыжаванне», апроч таго, што мае спецыяльную пашу для капытных, ня якім дужа любяць збірацца пухнатыя сябры, яшчэ і абсталявана цудоўнай агляднай пляцоўкай з панарамай на ўсю гэтую прыгажосць. 

Алень у беларускім лесе

Алень у беларускім лесе

Сярод іншых млекакормячых, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, знайсці кагосьці з жывёлінаў самастойна і нават з дапамогай мясцовых біёлагаў будзе альбо небяспечна, альбо наўпрост нерэальна з прычыны шырокага арэалу пражывання і маленькай папуляцыі. Так, еўрапейская норка апынулася ў крытычным становішчы на грані вымірання — цяпер у Беларусі іх застаецца менш за 60 асобінаў.

Барсукоў і гарнастаеў паболей, але свае норы яны пакідаюць пераважна ноччу. І, нарэшце, у адрозненне ад еўрапейскай рысі ў вас наўрад ці ёсць дзевяць жыццяў, каб знаёміцца з найбольш агрэсіўным драпежнікам беларускіх лясоў.

Еўрапейская рысь

Еўрапейская рысь

Таму пераходзім да птушак!

Барадатая кугакаўка

Гэтая птушка з атраду соваабразных — сапраўдны скарб для фатографа і звычайнага вандроўніка, які атрымлівае асалоду ад кожнага імгнення знаходжання на прыродзе. Уражанне дужа высокароднай птушкі ўзмацняе яе характэрнае пышнае ды друзлае апярэнне. Крылы ў кугакаўкі вельмі доўгія і шырокія, пёры на галаве — нібыта рознакаляровая карункавая мазаіка, прыгожая чорная «бародка» і два белыя паўколы вакол вачэй над дзюбай. Усім сваім абліччам кугакаўка перадае тую самую савіную «мудрасць», што адлюстроўваецца ў дзіцячых казках і мультфільмах.

Барадатая кугакаўка

Барадатая кугакаўка

Барадатая кугакаўка пражывае пераважна ў балоцістай мясцовасці: у Белавежскай пушчы, Ельні, на поўначы Віцебскай вобласці ды як магчыма далей ад населеных пунктаў і цывілізацыі.

Птушка з’яўляецца адным з сімвалаў Альманскіх балот — найвялікшага балотнага масіва Еўропы, што знаходзіцца ў Столінскім раёне, у двух кіламетрах ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Аднайменная экасцежка пачынаецца ў вёсцы Альманы і ідзе ўглыб чароўнай дрыгвы, дзе ўлетку вы абавязкова будзеце з’едзены мошкамі і камарамі нават з выкарыстаннем усіх спрэяў і сродкаў абароны ад насякомых. 

Сокал-драпежнік па-над Альманскімі балотамі

Сокал-драпежнік па-над Альманскімі балотамі

А вось у такую пару шпацарываць па экасцежцы і разглядаць птушак — адно задавальненне. Тут жа можна ўбачыць надзвычай рэдкага для нашай краіны сокала-драпежніка, што таксама застаецца зімаваць у нашых краях. 

Улічвайце, што экасцежка знаходзіцца ў памежнай зоне, таму вашыя пашпартныя даныя будуць запісаны памежнікамі, а пакінуць вёску абавязкова неабходна до 19:00. 

Выявы створаны пры дапамозе нейрасеткі