Дзярэчынскаму касцёлу — 100 гадоў
У вёсцы Дзярэчын Зэльвенскага раёна 18 жніўня адбыліся ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя мясцовага касцёла Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел сотні каталікоў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Аўстрыі.
Святою імшу ў касцёле адслужыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з ім на святкаванне юбілею касцёла прыехалі біскупы Пінскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка і Казімір Велікаселец.
Пасля малітоўнай часткі ўрачыстасці працягваліся на пляцоўцы перад касцёлам з удзелам мясцовых і запрошаных артыстаў, лідскага ансамбля «Міласць», сталічнага ансамбля салістаў «Класік-Авангард».
Святую Імшу сваім спевам упрыгожыла таксама беларуская салістка з Мінска Таццяна Грыневіч і паэт Міхась Скобла.
Першую святыню ў Дзярэчыне пабудавалі ў 1618 годзе князі з роду Сапегаў Канстанцін і Сафія Палубінскія і перадалі яго дамініканцам. У 1690 годзе манахі рэканструявалі касцёл. Са сродкаў уласнага
бюджэта канвента ён быў пабудаваны з цэглы, патынкаваны і пакрыты чарапіцай.
З архітэктурнага пункту гледжання касцёл уяўляў сабой дарычны стыль. У 1741 годзе біскуп Міхал Зенковіч асвяціў святыню, надаўшы ёй тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1772 годзе
душпастарскую службу вялі 29 манахаў (13 святароў). З таго часу захаваліся друкаваныя гаміліі (пропаведзі).
Пры парафіі манахі ўтрымлівалі шпіталь, школу, праводзілі філасофскія курсы. Касцёл і кляштар у Дзярэчыне сталі цэнтрам рэлігійна-культурнага жыцця.
У касцёле было 8 алтароў. Галоўны – прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі Унебаўзятай з вялікім абразом. Сам алтар быў увесь драўляны, пафарбаваны ў белы колер і пазалочаны ў
многіх месцах. Апошнія рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы, фінансаваныя Сапегамі, праводзіліся ў 1760 годзе (сцены і столь былі распісаны за кошт князя Міхала Сапегі), а ў 1800 годзе Аляксандр Сапега
дапамог пабудаваць адну вежу.
Манахі не ў стане былі самастойна фінансаваць рамонт касцёла. Адсутнічалі таксама і дакументы, якія б абавязвалі спадчыннікаў Дзярэчына дапамагаць святыні. Цяжкасці, звязаныя з недахопам
грашовых сродкаў, усё больш неабходных для рамонту касцёла, станавіліся не адзінай пагрозай для храма.
Фота аўтара