Дзяцей заклікаюць уступаць у атрад «юных памочнікаў міліцыі». Што гэта за атрад?
Сёння беларусы перасылаюць адзін аднаму ўзор
заявы на адрас кіраўніцтва Геранёнскай сярэдняй школы (аграгарадок у
Гродзенскай вобласці). Дакумент уяўляе сабой заяўку ад бацькоў на ўдзел дзяцей
у атрадзе "юных памочнікаў міліцыі". Падрабязнасці высветлялі журналісты ребенок.by
У сацсетках заявай людзі дзеляцца не без з'едлівых каментароў: "Цяпер дзеці будуць лавіць бацькоў, якія ходзяць на акцыі?» "Агідна! Паўлікаў Марозавых набіраюць?"
Журналісты патэлефанавалі ў школу і даведаліся, ці сапраўды існуе атрад юных памочнікаў міліцыі і чым ён займаюцца.
— У нас з году ў год працуюць такія атрады. Гэта добраахвотныя аб'яднанні хлопцаў, якія з'яўляюцца памочнікамі сацыяльна-педагагічнай службы, адміністрацыі, яны дапамагаюць рыхтавацца да розных тэматычных мерапрыемстваў, напрыклад, да Тыдня прававых ведаў, знаёмяцца з артыкуламі закона, удзельнічаюць у круглых сталах — удакладніла дырэктар школы Людміла Станкуць. — Нічога крымінальнага ў гэтым атрадзе няма.
— А ў міліцыю юныя памочнікі ходзяць?
— Не, вы што? Яны займаюцца толькі на базе школы.
Дырэктар распавяла, што ў гэтым годзе ў атрад набралі каля 10 дзяцей-добраахвотнікаў. Гэта хлопцы з сярэдніх і старэйшых класаў. Таксама на базе школы дзейнічаюць атрады "ратавальнікаў-пажарных»і "інспектараў дарожнага руху". Спецыяліст запэўніла, што такія аб'яднанні ёсць у розных школах, гэта не асабістая ініцыятыва менавіта гэтай школы.
— Мы нават не задумваліся над тым, што гэты атрад у кагосьці можа выклікаць такую рэакцыю, што вось так усё «перавернуць». Ніякага злога намеру ў нас не было. Гэта вельмі падобна на гісторыю з шарыкамі. Тут у нас у адной школе хацелі ўпрыгожыць тэрыторыю да лінейкі, купілі белыя і чырвоныя шары (толькі такія былі ў краме), і да іх прыйшлі людзі, сказалі, што лепш гэтага не рабіць. Тое ж самае і тут. Чаму менавіта пра юных памочнікаў міліцыі кажуць, а пра пажарных — не? — здзіўляецца дырэктар.
Сёння беларусы сапраўды хваравіта ставяцца да ўдзелу дзяцей у любых актыўнасцях, звязаных з праваахоўнымі органамі. Так, у рэдакцыю нам дасылалі фота супрацоўнікаў міліцыі, якія прыходзілі 1 верасня ў школы Гомеля і Наваполацка. Па сацсетках таксама разляцеліся фатаграфіі хлопчыкаў у бронекамізэльках і з дубінкамі з гімназіі ў Гродне. У школах тлумачылі, што гэтыя фота зробленыя падчас запланаваных прафарыентацыйных мерапрыемстваў, якія праводзяцца рэгулярна.