«Гэта мы — крыніца ўлады». Сям’я Міронавых спрабуе змяніць сістэму адукацыі
Сям’я Міронавых — інтэлігентныя людзі без кепскіх звычак, для якіх шчасце і дабрабыт дзяцей — на першым месцы. Але яны зацята адстойваюць свае правы — і за гэта ім давялося перажыць выкраданне і змяшчэнне ў прытулак маленькай дачкі, прызнанне сям’і недабранадзейнай і пастаноўку на СНС.
Заставацца ў школе стала небяспечна
Пад пільную ўвагу сям’я Міронавых трапіла яшчэ ў 2002 годзе, калі старэйшы сын Ральф паступіў у першы клас мінскай школы № 212.
— З гэтага моманту пачалося парушэнне нашых правоў, — узгадвае Таццяна Міронава. — Былі грашовыя паборы, падзел у класе на любімчыкаў і няўгодных і, галоўнае, каласальная нагрузка, якая адбілася на здароўі сына. Калі ён заканчваў 11-ты клас, яго зрок знізіўся настолькі, што пры выбары прафесіі нам давялося арыентавацца на яго стан здароўя, і ён не змог рэалізаваць сябе ў той прафесіі, пра якую марыў.
Па словах Таццяны, бацькі ўвесь час прасілі альбо зменшыць нагрузку, альбо перасадзіць сына на першую парту, але гэтыя просьбы ў школе ігнаравалі.
У 2016 годзе ў гэтую ж школу пайшла малодшая дачка Міронавых Эльвіра.
— Нашыя абгрунтаваныя звароты і заўвагі ў частцы санітарных нормаў, заканадаўства аб зваротах грамадзян, былі прызнаныя на ўзроўні адміністрацыі Фрунзенскага раёна. Высветлілася, што ў 2016 годзе школа да адукацыйнага сезона не была гатовая.
Тагачаснага дырэктара школы і яго намеснікаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за антысанітарыю. Але, па словах Таццяны, у школе супраць яе зладзілі правакацыю: калі жанчына прыйшла забраць дачку з заняткаў, настаўніца выклікала на яе міліцыю і заявіла, што Таццяна хуліганіць у школе, палохае дзяцей і зрывае ўрок фізкультуры. Двое міліцыянтаў скруцілі Таццяне рукі на вачах у дачкі і старэйшага сына, які пачаў быў здымаць усё на відэа, але яму таксама прыгразілі затрыманнем. Таццяну адвезлі ў аддзяленне міліцыі, а потым — у суд.
— Судовае пасяджэнне доўжылася некалькі тыдняў. Я даведалася, што класны кіраўнік разам з дырэктарам школы напісалі на мяне заяву аб зрыве ўрока фізкультуры, хаця я там у той час увогуле не была, — распавядае Таццяна Міронава.
Тым не менш, суд аштрафаваў Таццяну Міронаву за хуліганства на 63 рублі.
— Пасля гэтага мы зразумелі, што больш у гэтай школе заставацца нельга, гэта небяспечна.
Дзіця скралі з кватэры на вачах у бацькоў
У лістападзе бацькі Эльвіры падалі заяву на залічэнне дачкі ў суседнюю 217-ю школу, але там ім адмовілі, бо не было месцаў. У іншых школах раёна, куды звярталіся Міронавы, яны чулі тое ж самае: «Для вашай дачкі месца няма». Урэшце камітэт па адукацыі вырашыў, каб Эльвіру Міронаву ўсё ж залічылі ў 217-ю школу. Гэта адбылося толькі ў красавіку 2017 года.
— Начальнік упраўлення адукацыі Чарняўская паставіла нам абавязковую ўмову, каб мы падалі заяву на навучанне па індывідуальнай форме, — працягвае Таццяна Міронава. — Пасля таго, як Эльвіра была залічана ў школу, дырэктар сумесна з адміністрацыяй раёна прынялі абразлівае для нашай годнасці і гонару рашэнне прызнаць, што ўся наша сям’я з чатырох чалавек нядобранадзейная.
Але на гэтым ціск на Міронавых не скончыўся. 31 жніўня 2017 года ў 15.30 у іх кватэру ўварваліся, выламаўшы дзверы і выклікаўшы хуткую дапамогу, каля васьмі чалавек. Нагодай паслужыла хлуслівае паведамленне, нібыта нейкае 10-гадовае дзіця спрабуюць выкінуць з акна.
— Яны ўварваліся ў цывільным адзенні, не прад’явіўшы дакументы. З імі былі двое супрацоўнікаў міліцыі, якія чамусьці сказалі, што яны з крымінальнага вышуку. За імі — супрацоўнікі хуткай дапамогі, хапаюць Эльвіру, перашэптваюцца паміж сабой. З імі нейкая жанчына — пазней мы даведаліся, што гэта намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Захарэўская, — якая дае ім сігнал, што ўсё нармальна, і яны хуценька збягаюць. Яны проста скралі Эльвіру, ёй тады было 8 гадоў. Гэтыя адчуванні не перадаць, майму абурэнню няма межаў. Я пастаянна чую істэрычны крык Эльвіры: «Не чапайце мяне! Я не хачу нікуды ехаць!» Гэтаму не можа быць ніякага даравання, — з хваляваннем у голасе ўзгадвае маці.
Пасля гэтага бацькам заявілі, што дзіця ў іх адабранае. Дзяўчынку звезлі ў прытулак Фрунзенскага раёна, дзе яна правяла 4 месяцы. Паводле дэкрэта №18, праз 6 месяцаў, калі бацькі не «выпраўляюцца», органы апекі могуць звярнуцца ў суд з позвай аб пазбаўленні бацькоў бацькоўскіх правоў. Але бацькі настолькі самааддана змагаліся за дачку ў судах, што Эльвіру ўсё ж вярнулі ў сям’ю.
Як высветлілася, Эльвіру забралі ў прытулак, бо нібыта бацькі заміналі дзяўчынцы атрымліваць адукацыю.
— У той жа дзень, калі Эльвіру адабралі, мы знайшлі ў паштовай скрыні ліст, у якім дырэктар школы запрашала нас з дачкой на ўрачыстую лінейку заўтра, 1 верасня. Таксама там было ўказана, што рашэннем педсавета Эльвіру зноў пакінулі ў 1 класе, — распавядае Таццяна Міронава.
Гэтае рашэнне бацькі абскардзілі, і Эльвіру атэставалі. Настаўнікі былі ўражаныя: займаючыся дома, па тэхніцы чытання дзяўчынка абагнала ўвесь клас.
Выдатная вучоба і… пастаноўка на СНС
— На той момант, калі Эльвіра была ў прытулку, яна ўжо вывучала англійскую мову, таму мы казалі, каб яе адпускалі, бо замінаюць ёй, — уключаецца ў размову тата Эльвіры Эдуард Міронаў.
Ён перакананы, што сучасная школьная адукацыя разбурае індывідуальнасць дзіцяці, а таксама сямейныя каштоўнасці і культуру. Сістэма адукацыі, на думку Эдуарда Міронава, замінае дзецям быць самастойнымі, яны стамляюцца і амаль не бавяць час з сям’ёй. Таму Міронавы, для якіх спачатку перавод дачкі на індывідуальнае навучанне быў вымушанай мерай, паступова ацанілі ўсе яго плюсы і цяпер змагаюцца за тое, каб Эльвіра працягвала вучыцца дома з бацькамі.
— Сем’і могуць пераводзіць дзяцей на індывідуальнае навучанне часткова, але ім гэтага ніхто не прапануе. Школа — не панацэя. Усе дзеці ад пачатку таленавітыя, але нежаданне вучыцца фарміруецца менавіта ў класах, — гаворыць Эдуард.
Пасля таго, як бацькі змаглі забраць Эльвіру, яны вырашылі працягваць яе адукацыю ў 16-й школе, дзе вучацца дзеці, якіх забіраюць у прытулак. Калі Эльвіра была ў 3 класе, сям’я вырашыла, што з другой чвэрці яна будзе займацца ў школе часткова: тры дні на тыдзень наведваць заняткі, два — займацца дома.
— Гэта вызваляе час на творчасць і пашырэнне кругагляду. Мы накіравалі запыт у Міністэрства адукацыі і атрымалі адказ, што гэта магчыма. Нам растлумачылі, як гэта зрабіць, і мы звярнуліся да дырэктара школы. Але яна проста не разглядала нашу заяву. Толькі нашая настойлівасць прывяла да таго, што з трэцяй чвэрці было прынята рашэнне аб пераводзе Эльвіры на часткова індывідуальны план навучання. Дырэктар Стрэльнікава была прыцягнутая да дысцыплінарнай адказнасці за тое, што парушыла нашы правы і правы Эльвіры, праявіла валакіту, — распавядае Таццяна Міронава.
Па яе словах, дачцэ вельмі спадабалася такая форма навучання, яна стала менш стамляцца, больш займацца творчасцю, спортам і іншымі інтарэсамі, якіх у дзяўчынкі вельмі шмат. Трэці клас Эльвіра скончыла з “дзявяткамі” і “дзясяткамі” і пахвальнай граматай.
Калі Эльвіра перайшла ў чацвёрты клас, яна папрасіла бацькоў пра поўны перавод на індывідуальнае навучанне. З 1 верасня 2019 года дзяўчынка стала навучацца індывідуальна.
— Але нас пакінулі сам-насам з навучальным працэсам: нам даслалі толькі загад і расклад заняткаў — колькі гадзін у тыдзень адводзіцца на кожны прадмет, — называючы гэта «індывідуальным планам», — гаворыць Таццяна.
Паўтара месяца бацькі дабіваліся расшыфроўкі гэтага «плана». Пасля яны прапанавалі адміністрацыі школы ўзгадніць форму атэстацыі Эльвіры. У заканадаўстве месца атэстацыі не вызначана — яна можа адбывацца нават дома. Міронавы прапанавалі праводзіць яе дыстанцыйна, да таго ж пачаўся каронавірус. Але школа адмовілася ад такой формы. Пры гэтым з установы адукацыі ні разу нават не патэлефанавалі і не пацікавіліся, як у Эльвіры ідуць справы.
— І раптам у сакавіку з ініцыятывы дырэктара школы мы даведваемся, што Эльвіра паводле рашэння каардынацыйнага савета прызнаная дзіцем, якое знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС). Прычынай стала перашкода ў атрыманні адукацыі бацькамі дзіцяці, — усміхаецца Таццяна.
Што праўда, пасля гэтага школа ўсё ж арганізавала дыстанцыйную атэстацыю, якую Эльвіра паспяхова — з вынікамі 9 і 10 — прайшла ў тэрмін. Дзяўчына атрымала чарговую грамату, а ў чэрвені каардынацыйны савет адмяніў рашэнне аб пастаноўцы сям’і на СНС.
«Давайце рэальна паказваць дзяржаве, што гэта мы — крыніца ўлады»
— Напэўна, я адкрыю таямніцу, калі скажу, што ў заканадаўстве няма абавязку дзіцяці наведваць школу. Гэта наша законнае права — выбар індывідуальнай формы навучання з дыстанцыйнай атэстацыяй. Для пераводу на індывідуальнае навучанне не можа быць ніякіх «паважлівых прычын», выбар формы навучання — гэта гарантаванае права, устаноўленае Кодэксам аб адукацыі, — зазначае Таццяна Міронава.
Аднак сёння Эльвіры адмаўляюць у індывідуальным навучанні. Дырэктар школы не проста не задаволіла заяву бацькоў, а даслала паведамленне, што спыняе перапіску з імі. Таму Міронавы цяпер звярнуліся са скаргай наўпрост у Міністэрства адукацыі. Эльвіра ж працягвае навучацца дома і гаворыць, што ў школе сяброў у яе няма. Ёй падабаецца вучыцца індывідуальна і самой планаваць свой дзень. Дзяўчынка вывучае матэматыку, астраномію, хімію, геаграфію і іншыя прадметы, многія з якіх у школе ўводзяць у старэйшых класах.
— Мы сваёй грамадзянскай пазіцыяй і досведам робім унёсак у развіццё сістэмы адукацыі, у змену спажывецкага стаўлення педагагічных работнікаў да бацькоў і дзяцей на паважлівае і гуманнае, — падкрэслівае Таццяна Міронава.
Нягледзячы на тое, што патрабаванні сям’і цалкам законныя, яны працягваюць жыць у пастаянным напружанні. Але адмовіцца ад сваіх правоў яны не могуць. І гэта тычыцца не толькі адукацыі дачкі. Так, Міронавы не аплачваюць у поўным аб’ёме паслугі ЖКГ, бо не задаволеныя іх якасцю. Некалькі разоў яны падавалі позвы ў суд на ЖЭС і выйгравалі працэсы.
— Давайце не проста хадзіць з балонікамі і кветкамі па выхадных, а рэальна паказваць дзяржаве, што гэта мы — крыніца ўлады. Чыноўнікі існуюць для людзей, а не людзі для іх, — заяўляе сям’я Міронавых.
Не дзіўна, што ў такой сям’і 11-гадовая Эльвіра марыць стаць прэзідэнтам, калі вырасце. «Бо я хачу, каб усе людзі жылі добра і не было таго, што адбываецца цяпер», — тлумачыць свой выбар дзяўчынка.
«Новаму Часу» не ўдалося атрымаць каментарый у дырэктара школы Тамары Стрэльнікавай, паколькі на момант падрыхтоўкі матэрыялу яна была ў адпачынку.
Адкрыты зварот сям’і Міронавых да міністра адукацыі Ігара Карпенкі
Наша сям’я заўсёды актыўна адстойвала і адстойвае свае правы і правы сваіх дзяцей на свабоду выбару, на свабоду выказвання меркавання, перакананняў, поглядаў, на захаванне і павагу нашых законных правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў службовымі асобамі дзяржаўных органаў.
Па гэтай прычыне наша сям’я неаднаразова зведвала пераслед і гвалт з боку дзяржаўных органаў і асобных службовых асоб: нас неаднаразова прызнавалі «недабранадзейнай сям’ёй», неабгрунтавана ставячы ў нейкае «сацыяльна небяспечнае становішча», а ў жніўні 2017 года шляхам уварвання ў нашу кватэру нашу 8-гадовую дачку Эльвіру выкралі і ўтрымлівалі ў прытулку Фрунзенскага раёна г. Мінска на працягу 4-х месяцаў.
Такім вельмі агрэсіўным, бесчалавечным спосабам пэўныя службовыя асобы вырашылі схаваць выяўленыя намі сур’ёзныя парушэнні нашых правоў сістэмай адукацыі.
Мяркуем, што вам — міністру адукацыі РБ — пра гэты абуральны факт гвалту і выкрадання дзіцяці Міронавай Эльвіры з нашай сям’і добра вядома, аднак вы засталіся абыякавым да трагедыі, што напаткала нашу сям’ю ў 2017 годзе, і тым самым выраклі Эльвіру на доўгія пакуты прымусовым утрыманнем у прытулку. І як бы вашы супрацоўнікі бессаромна ні адпісваліся, цынічна прыкрываючы бесчалавечныя дзеянні вінаватых асоб фразамі «ў мэтах абароны правоў і інтарэсаў непаўналетняй», ні спынялі з намі перапіску, — гэта злачынства супраць сям’і, дзяцінства і чалавечнасці ніколі не будзе забытае намі, гэтаму няма прабачэння!
У ліпені 2019 года намі разам з Эльвірай была абраная індывідуальная форма навучання, пра што дырэктару ДУА СШ № 16 г. Мінска Стрэльнікавай была пададзена заява, без указання заканчэння тэрміну яе дзеяння (г.зн. бестэрміновая). Нягледзячы на тое, што Стрэльнікава ўвесь мінулы навучальны год усяляк замінала нам вучыцца па дадзенай форме, перашкаджала нашаму выбару, а за нашае законнае патрабаванне аб правядзенні дыстанцыйнай формы атэстацыі (асабліва ў перыяд каронавіруса) прызнала разам са сваімі бессаромнымі супрацоўнікамі нашу дачку ў «сацыяльна небяспечным становішчы», Эльвіра скончыла чацвёрты клас на «выдатна» (таксама як і папярэдні трэці), з чарговай пахвальнай граматай, пацвердзіўшы тым самым і свае здольнасці па самастойным вывучэнні школьнай праграмы, і свае талент і адоранасць. І ўсё гэта ва ўмовах каласальнага нервовага напружання, хвалявання і страху за Эльвіру і нас, за свае бяспеку і жыцці, якія нам стварылі вашыя бессаромныя педагагічныя работнікі! Ваша сістэма адукацыі перашкаджала нашаму навучанню, тэрарызавала нас на працягу ўсяго мінулага навучальнага года, а мы пры гэтым яшчэ прымудрыліся пры такім нялюдскім стаўленні з боку супрацоўнікаў школы № 16 г. Мінска дасягнуць высокіх вынікаў навучання, за якія нас паставілі ў СНС, а затым узнагародзілі граматай за гэтыя ж поспехі! Задумайцеся пра тое, што вы і вашы падначаленыя робіце з намі —прыстойнымі грамадзянамі і нашымі дзецьмі! Вы трымаеце нас у закладніках вашай антыгуманнай жорсткай сістэмы адукацыі, ужываючы да нас самыя выдасканаленыя метады гвалту!
У цяперашні час у бягучым навучальным годзе Стрэльнікава наўмысна зрывае працэс навучання Эльвіры па абранай намі індывідуальнай форме навучання, адмаўляючыся арганізоўваць індывідуальнае навучанне і накіроўваць індывідуальны план, аднак мы працягваем вучыцца індывідуальна, самастойна па праграме пятага класа. Тым самым гэта асоба рыхтуе чарговае супрацьпраўнае дзеянне — мэтанакіравана замахваючыся на нашы законныя правы на бяспеку, на шчаслівае дзяцінства Эльвіры, на адзінства і цэласнасць нашай сям’і.
Заканадаўствам аб адукацыі дакладна вызначаны падставы для спынення навучання па індывідуальнай форме, і дырэктар школы № 16 г. Мінска Стрэльнікава выдатна бачыць іх адсутнасць і немагчымасць прымянення гэтых падстаў да нас. Аднак яна сумесна з іншымі супрацоўнікамі школы груба топча нашы правы, гарантаваныя нам, даводзячы сітуацыю да бязмежжа ўласным свавольствам і невуцтвам!
Патрабуем правесці службовае і сацыяльнае расследаванне ў дачыненні да дырэктара ДУА СШ № 16 г. Мінска Стрэльнікавай, яе намеснікаў Бандарэнка, Краевай і іншых асоб, што свядома і наўмысна перашкаджаюць нам і нашай дачцэ Эльвіры ў атрыманні адукацыі па абранай намі яшчэ ў 2019 годзе індывідуальнай форме навучання. Дадзеныя асобы павінны быць прызнаныя нядобранадзейнымі і сацыяльна небяспечнымі суб’ектамі з прычыны пастаяннага парушэння імі нашых правоў, свабод і інтарэсаў, прапаганды і выкарыстання гвалту ў дачыненні да нас і нашай дачкі, пераследу нас за нашы погляды, перакананні, за сумленную і прынцыповую грамадзянскую пазіцыю, за распаўсюд аб нас заведама ілжывых выдумак у дзяржаўных органах. Названыя супрацьпраўныя дзеянні накіраваны на распальванне варожасці, сацыяльнай няроўнасці, і разам з паклёпам, неаднаразовымі спробамі ўварвання ў наша жытло, прымусам да адмовы ад сваіх правоў, да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Законам, пагрозамі пакідання Эльвіры на паўторны год навучання, з прызнаннем нашай сям’і нядобранадзейнай з’яўляюцца цяжкімі крымінальна каральнымі дзеямі, тэрмінаў даўнасці па якіх няма.
У той час як у жніўні бягучага года многія настаўнікі асудзілі гвалт, Стрэльнікава, злоўжываючы сваім службовым становішчам, сумесна са сваімі супрацоўнікамі — Бандарэнка, Краевай, Бяловай, Півень, Маўчун, Паплеўкай —пераследуюць нашу сям’ю, робяць беззаконне, замінаючы нам жыць, працаваць, вучыцца, ператвараючы наша жыццё ў кашмар, прымушаючы нас жыць па сваіх надуманых няправільных паняццях і ўкараняючы нам свае правілы. У адпаведнасці з Кодэксам РБ «Аб адукацыі» дзяржаўная палітыка ў галіне адукацыі грунтуецца на прынцыпах: прыярытэту правоў чалавека, агульначалавечых каштоўнасцяў, гуманістычнага характару адукацыі, забеспячэння правоў і свабод асобы ў адукацыі, стварэння неабходных умоў для задавальнення запытаў асобы ў адукацыі. Нашы правы на адукацыю забяспечваюцца шляхам прадастаўлення нам гарантаваных Законам правоў на выбар формы навучання, узроўню засваення вучэбных прадметаў, навучальных дысцыплін, з улікам індывідуальных запытаў, здольнасцяў і жаданняў навучэнца. І ніякая Стрэльнікава і да яе падобныя не маюць права вырашаць за нас і нашых дзяцей, як нам вучыцца і жыць, што вывучаць і ў якім аб’ёме, прымушаючы нас — культурных пісьменных інтэлігентных людзей — жыць па сваіх надуманых «паняццях».
Такія асобы заплямілі і рэпутацыю навучальнай установы, і рэпутацыю прафесіі настаўніка з прычыны адсутнасці ў іх чалавечнасці, чуласці, культуры і інтэлекту.
Гэтыя асобы не маюць права займацца педагагічнай дзейнасцю і павінны быць вызваленыя ад сваіх пасадаў без права працаваць у сістэме адукацыі.
Дадзены зварот з’яўляецца адкрытым і публікуецца намі для шырокага кола грамадскасці з мэтай агалоскі, прадухілення гвалту і магчымых супрацьпраўных дзеянняў з боку работнікаў СШ № 16 г. Мінска, адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска і сістэмы адукацыі ў цэлым, і прыцягнення ўвагі СМІ да беззаконня і парушэння правоў сям’і і дзіцяці.
Адукацыя павінна быць ЧАЛАВЕЧНАЙ! Без гэтага галоўнага прынцыпу пісьмо, матэматыка, літаратура, маляванне, геаграфія і іншыя навучальныя прадметы не маюць ніякага значэння, бо гісторыя ведае нямала прыкладаў таго, як асобы з добрай адукацыяй ужывалі атрыманыя веды ў самых выдасканаленых формах для гвалту і запалохвання людзей.