Дзяды. Неацэннае 30-годдзе

Трыццаць гадоў — дастаткова, каб памятаць. У 1988 годзе адбыліся знакамітыя Дзяды, з якіх, падаецца, і пачалася перабудова ў «Вандэі перабудовы», з якіх, уласна, пайшла незалежная Беларусь. Такая, якой мы бачым яе зараз.

img_3802_logo.jpg


Сёлетнія Дзяды былі традыцыйна не вельмі шматлюднымі. Пра дзясяткі тысячаў удзельнікаў шэсця, як гэта было 30 гадоў таму, ужо ніхто і не марыць.

Ужо неаднаразова пісалася: нашая апазіцыя не ўмее піярыць свае дасягненні. Яна, падаецца, развучылася працаваць з грамадствам, аддаўшы гэтую працу сацыяльным сеткам. А сацыяльныя сеткі — гэта не тое, праз што можна мабілізаваць людзей. Так званы «хайп» у іх узнікае хутка — але настолькі ж хутка астывае і знікае: ад некалькіх дзён да, літаральна, некалькіх гадзінаў. І таму да таго, што змешчана ў інтэрнэце, людзі ставяцца як да нечага несур’ёзнага і нядоўгага.

Але ці могуць быць такім Дзяды — несур’ёзным?

Больш за тое, публіка ў сацыяльных сетках (дый увогуле ў інтэрнэце) вельмі і вельмі пасіўная. Як, уласна, і сённяшняе нашае грамадства. Так, яны, нібыта, «сочаць за падзеямі», ставяць падабайкі і іншыя піктаграмы. Ад гэтага ў іх узнікае пачуццё спрычыненасці да справы. Але гэта не больш, чым пачуццё.

Я ўжо сто разоў казаў і паўтаруся: інтэрнэт — не тое месца, дзе можна заклікаць да дзеяння. Нават на мітынг у абарону інтэрнэту (супраць указа №60) калісьці прыйшло не больш за сто чалавек, але падабайкі пад абвесткай ставілі тысячы. Потым такую выснову пацвердзіў знакаміты Віктар Марціновіч, паспрабаваўшы праз сацсеткі прыстроіць на новых гаспадароў коцікаў. Сотні лайкаў і перапостаў, а на выхадзе — ніводзін інтэрнэтчык коціка не ўзяў.

Але гэтым разам абвестак на Дзяды я не бачыў нават у сацыяльных сетках.

img_3808_1_logo.jpg

Як не бачыў і звычайных улётак, якія раней былі ці не ў кожнай паштовай скрыні. Ці налепак, якімі раней напярэдадні Дзядоў былі залепленыя ўсе слупы.

Чаму на стагоддзе БНР прыйшло да 50 тысяч чалавек, а на 30-годдзе Дзядоў — незвычайна мала? На маю думку, не ў малой ступені таму, што афішы на «свята БНР» былі расклееныя па тумбах гораду, таму, што на вялізным рэкламным экране круціўся кліп-запрашэнне на свята. То бок, арганізатары канцэрту на Дзень Волі выйшлі з інтэрнэту ў афлайн.

А арганізатары астатніх акцый усё яшчэ застаюцца ў віртуальнай прасторы.

Але насамрэч колькі б народу на Дзяды не прыйшло — 250 чалавек альбо 50 — гэта ўжо не важна. Дзяды былі, ёсць і застануцца ў грамадскай свядомасці, як дзень памінання продкаў. Тыя, хто не прыйшлі на шэсце сёння, магчыма, далучацца да ініцыятывы Міколы Статкевіча — правесці ўвечары 29 кастрычніка «ланцуг са свечкамі» ля КДБ. Больш маладзейшыя, мажліва, успрымуць заклік Змітра Дашкевіча правесці «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах — ізноў жа, увечары 29-га. Працягваецца праект «(Не)расстраляная паэзія», калі выбітныя музыкі пяюць песні на вершы рэпрэсаваных у 1937-м годзе паэтаў. Гэтым разам (прынамсі, тое, што мне вядома) пад гэтай шыльдай у «Графіці» спяе Кацярына Ваданосава. Як у яе атрымаецца спалучыць фольк-фэнтэзі і паэзію 1930-х — паглядзім.

img_3812_logo.jpg

Але відавочна тое, што Дзяды сталі не проста традыцыйным шэсцем і мітынгам — яны сталі кропкай адліку для шмат якіх іншых падзей і ініцыятыў. Гэта зараз — не проста наведванне Курапатаў раз на год. Прынамсі, і сёлетняя «Курапацкая варта», дый уся «заруба» з рэстарацыяй «Паедзем паядзім» — гэта таксама вынік Дзядоў. Тых Дзядоў, якія прайшлі 30 гадоў таму. І якія далі шмат чаго нам, як у культурніцкім (пра што ішла гаворка вышэй), так і ў палітычным, і грамадскім планах.

Ці мажліва ўявіць зараз гісторыю ўрочышча Курапаты без абаронцаў Курапатаў — як напачатку 2000-х, калі там пракладалася Мінская кальцавая, так і зараз? Ці мажліва ўявіць грамадзянскую супольнасць Беларусі без «курапацкіх» арганізацый — ад «Экспертаў у абарону Курапатаў» да таго ж Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры? Дый што там казаць: ці мог бы без праўды пра Курапаты пачаць існаванне «Мартыралог Беларусі» — а пасля і БНФ? І ўвогуле, ці была б без тых Дзядоў 30 гадоў таму беларуская дзяржаўнасць?

img_3858_logo.jpg

Канешне, хацелася б, каб на Дзяды людзі ўшаноўвалі сваіх (і не толькі сваіх) продкаў не толькі ў думках, але і ў дзеяннях. Каб на традыцыйны мітынг прыходзіла як мага больш народу. Але, паўтаруся: колькі б людзей не прыйшло, але ані Дзяды, ані Курапаты з гісторыі Беларусі выкрасліць ужо не атрымаецца.

Проста таму, што так яно ёсць. І ўжо так будзе.


Ну і, зрэшты, трэба ведаць, што Дзяды — гэта не толькі Курапаты і не толькі палітыка. Гэта яшчэ і асабістае. А асабістае — у кожнага сваё.

Згадайце сваіх продкаў!