Фотакарэспандэнтам Васюковічу і Грыдзіну прысузілі 11 сутак
У судзе Фрунзенскага раёна Мінску 17 верасня ўзнавіліся адміністрацыйныя працэсы над фотакарэспандэнтамі Аляксандрам Васюковічам і Уладзем Грыдзіным, паведамляе Свабода. Іх вінавацяць у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

Судзяць Аляксандра Васюковіча 15 верасня. Фота Ірыны Арахоўскай
Учора суд адправіў справы ўсіх траіх на дапрацоўку. Абвінавачванне не здолела даказаць, што Васюковіч, Грыдзін і затрыманы з імі ў бары "1067" Ягор Калягін удзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі на вуліцы Раманаўскай Слабадзе — ужо пасля завяршэння пратэставага «Маршу герояў». Сёння прадставіла цалкам пераробленыя пратаколы. З іх вынікае, што фотакарэспандэнты і іх сябар «мітынгавалі» зусім у іншым месцы і ў іншы час — на вуліцы Прытыцкага, 21, з 19:00 да 19:05.
14.09 Ягору Калягіну, якога затрымалі разам з Грыдзіным і Васюковічам, прысудзілі штраф 540 рублёў.
Фотакоры штрафамі не абышліся і пазаштатніку "Новага часу" Аляксандру Васюковічу і пазаштатніку Tut.by Уладздю Грыдзіну далі па 11 сутак адміністрацыйнага арышту.
* * *
Вядомых у Беларусі і ў свеце фотакарэспандэнтаў Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча затрымалі 14 верасня а 21-й гадзіне ў мінскім бары «1067» разам з сябрам Ягорам Калягіным.
Васюковіч сядзеў у бары разам з Грыдзіным і Калягіным, расказала Свабодзе іх суседка па століку Жанна. Пасля таго як мужчыны выйшлі пакурыць і вярнуліся ў бар, па іх зайшлі 6–7 чалавек у балаклавах. Мужчын затрымалі і забралі іхнае абсталяванне. Імёны іншых затрыманых пакуль невядомыя. З запісаў камераў назірання было відаць, што некаторыя сілавікі былі ў форме АМАПУ.
Журналістаў даставілі ў Фрунзенскае РУУС, адкуль іх пасля перавезлі ў ізалятар на Акрэсціна.
Грыдзін быў фотакарэспандэнтам Радыё Свабода, пакуль 29 жніўня ўлады не пазбавілі яго і яшчэ трох журналістаў акрэдытацыі. Апошні час супрацоўнічаў з парталам Tut.by. Уладзь быў пераможцам і прызёрам конкурсу Belarus Press Photo, яго здымкі публікавалі сусветныя агенцтвы і СМІ.
У канцы ліпеня звыш 200 журналістаў звярталіся да ўладаў і сілавікоў у справе гвалту супраць журналістаў і перашкодаў у працы:
«У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсць артыкул 198: „Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста... караецца штрафам, або пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, або займацца пэўнай дзейнасцю, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін“».