Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”: шэсць гадоў з вамі!

6 гадоў таму Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” упершыню адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў. Тады адбылася эвалюцыя нашага першага праекта Галерэя Арт-Падземка ў больш сур’ёзную інстытуцыю з амбіцыйнымі мэтамі не толькі лакальнага, але і глабальнага маштабаў.



unnamed19.jpg

Год таму галерэя “Ў” упершыню прыняла ўдзел у новым праекце Месяц Фатаграфіі ў Мінску з выставай Sense of Place, якая прысвячалася сучаснай латвійскай фатаграфіі. Дзякуючы арганізатарам фэсту і візіту Марціна Пара ў Мінск летась, у гэтым годзе мы радыя прадставіць вам выставу “Рэальны свет”, дзе зараз можна пабачыць працы Марціна Пара (Вялікая Брытанія) і Рымалдаса Вікшрайціса (Літва). Такім чынам мы зацверджваем і працягваем працу над адным з нашых асноўных накіраванняў: міжнародным супрацоўніцтвам.

Мы шмат працуем над пашырэннем культурных абменаў і абменам сацыяльна-арыентаванымі мастацкімі практыкамі. У рамках праекта S.M.A.R.R.R.T. за гэты год у нас адбылося 3 рэзідэнцыі нашых замежных партнёраў, вынікам якіх паўсталі распрацоўкі дзвюх нефармальных адукацыйных праграм, якія неўзабаве будуць рэалізаваныя на базе галерэі. Keep going!

Адукацыя —  другі важны аспект дзейнасці, які мы паспяхова сумяшчаем з глакальнасцю нашай галерэі.

Так, працягваючы гаворку пра міжнароднае супрацоўніцтва, сумесна з нашымі партнёрамі мы правялі чарговы мастацка-адукацыйны праект Artes Liberales — фестываль, які доўжыць амаль месяц, і які робіць галерэю адкрытай лабараторыяй, дзе міжнародныя выкладчыкі і беларускія спецыялісты дзеляцца досведам і запрашаюць усіх гасцей паглыбіцца ў свет навукі і які выступае кропкай збору гуманітарных, прыродазнаўчых і мастацкіх галін творчасці.

Каб інтарэс да мастцтва і навукі толькі рос, мы ладзім Дзіцячыя творчыя майстэрні, дзе, напрыклад, знаёмімся з такімі складанымі з’явамі, як школа Баўхаўс, але ў простай і зразумелай форме. І гэта толькі адзін з падыходаў у нефармальнай адукацыі, якія мы развіваем. Месяц таму разам з Дзіцячым хоспісам мы правялі вельмі важны праект з выкарыстаннем новых арт-практык, дзе дзеткі з асаблівасцямі развіцця стваралі мастацкія творы.

Разумеючы адукацыю ў больш шырокім сэнсе, амаль на ўсіх выставах мы рыхтуем спецыяльную праграму з лекцыямі, семінарамі і проста сустрэчамі з мастакамі і куратарамі, а таксама ладзім аўтарскія экскурсіі, дзе нашыя госці паглыбляюцца ў актуальныя тэматыкі для сучасных творцаў і маюць магчымасць атрымаць розныя ацэнкі і пункты гледжання на важныя пытанні.

На базе галерэі праходзяць курсы беларускай мовы МоваНанова, якія кожны панядзелак збіраюць аншлагі, а па нядзелях адбываюцца заняткі для маленькіх дзетак.

Мы разумеем значнасць інвестыцый у будучыню праз працу з дзецьмі, праз развіццё супрацоўніцтва, як глабальнага, так і лакальнага. І нам вельмі падабаецца, калі атрымліваецца сумяшчаць як мага больш складнікаў гэтай задумы.

Улетку адбылася “смачная” рэзідэнцыя нашых грузінскіх калег з GeoAIR, вынікам якой стала сумеснае прыгатаванне ежы на нашым эка-дворыку. Так мы ўзмацняем грамадска-гарадскую супольнасць і дзелімся сямейнымі гісторыямі, спрабуем быць бліжэй з кожным госцем. І гэта не толькі сплачэнне людзей з розных супольнасцяў, але і прыцягванне ўвагі да праблем шырокай аўдыторыі.

Экалогія для нас з’яўляецца вельмі важным аспектам дзейнасці. І ў гэтым годзе мы, дзякуючы нашым партнёрам і сябрам са Школы экалагічнага актывізму, адкрылі першы у Минску гарадскі эка-агародзік. Працуючы з гэтай тэмай, мы праводзім зялёныя ўік-энды, дзе разам з дзецьмі і не толькі, ладзім спецыяльныя воркшопы для паглыблення ў галіну экалогіі.

Ужо чацвёрты раз мы ладзім штогадовы Агра-Культурны Фэст і мастацкі эка-пленэр, геаграфія ўдзельнікаў якіх з кожным разам значна пашыраецца. Вынікам пленэру гэтага года паўстала выстава “Памежны стан”, дзе задзейнічаныя ўсе магчымыя інтэрактыўныя і мультымедыйныя сродкі.

, нарэшце, адной з самых значных галін нашай дзейнасці з’яўляюцца падтрымка і прэзентацыя творчасці маладых мастакоў, паглыбленне камунікацыі паміж генерацыямі мастакоў, куратараў, пашырэнне геаграфіі мастацтва.

За гэты год у нас адбыўся шэраг выставаў: Escape Яўгена Шадко з пераасэнсаваннем канцэпцыі Белага Куба і прасторы галерэі, калектыўная выстава-рэфлексія “Дыплом”, дзе была апрабаваная тактыка гарызантальнай каардынацыі, дзе маладыя мастакі (выпускнікі акадэміі) і маладыя і сталыя куратары разам праз працу з архівамі і даследваннем уладнага дыскурсу спрабавалі пераасэнсаваць сучасную мастацкую адукацыю Беларусі.

Таксама працягвала плыню маладых куратараў і мастакоў выстава Веры Залуцкай“Вымярэнні Пустэчы”, дзе значнае месца вылучалася пытанням і праблемам сучаснага мастацтва, асабліва таго, што існуе на перыферыі і ўдалечыні ад культурных цэнтраў.

Увогуле ў гэтым годзе вельмі шмат праектаў, якія адбываліся на нашай (і не толькі) прасторы, былі звязаныя з працай з архівамі, рэпрэзентацыяй і пераасэнсаваннем працэсаў, звязаных з гісторыяй развіцця сучаснага мастацтва Беларусі.

Выстава Georgian Video Art была не толькі прэзентацыяй грузінскага досведу ў працы з архівамі, але і запрашэннем для беларускіх спецыялістаў паглыбіцца і папрацаваць з гэтай тэмай. Працягнула развіваць і працаваць з гэтай тэмай Ілона Дзяргач з праектам“Сацыяльная рашотка”, дзе былі выкарыстаныя новыя архівацыі і працы з медыя-прасторай, калі раздрукаваная сценка сац. сеткі Вконтакте, стала зусім па-іншаму ўспрымацца на сценах галерэі, абароненая сапраўднай металічнай сеткай. Прыемна адзначыць, што гэты праект быў паказаны ў вільнюскай галерэі Meno Nisa падчас кірмашу сучаснага мастацтваARTVILNIUS`15

Таксама праект Тацяны Арцімовіч і Артура Клінава “Мінскі нон-канфармізм 1980-х”з’яўляецца адкрытым архівам мастацкага жыцця і плыняў 80-х, які дапаўняўся новымі архіўнымі звесткамі ў інтэрактыўным рэжыме падчас усяго праекта.

Мы пацуем над рэфлексіяй гісторыі, якую пішуць як вядомыя, так і маладыя куратары. Мы спрабуем пераасэнсаваць архіў і наладзіць узаемадзеянне паміж пакаленнямі куратараў і мастакоў.

Мы хочам адзначыць вялізную падтрымку з боку нашых сяброў і партнёраў Samsung, Беларускі Народны Банк, velcom, ГранСыстэма, pARTisan, Новая Еўропа, 34mag.net, і сказаць Вялікі дзякуй ўсім, хто нас натхняе і дапамагае нам.

Таксама мы не забываем пра нашых сяброў, якім патрэбна дапамога і робім усё магчымае для падтрымкі незалежнай культурнай сцэны ў Беларусі.

Чаму мы гэта робім? Таму што тое, чым мы займаемся, гэта не толькі прафесійнае развіццё, але ўнёсак у сусветную гісторыю мастацтва, праца з найцікавейшымі людзьмі нашага часу, бесперапынныя выпрабаванні і вялізнае поле магчымасцяў для праяўлення сябе і сваіх творчых, арганізатарскіх, куратарскіх і псіхалагічных якасцяў.

Для нас самым галоўным з’яўляецца мастацтва і безумоўная любоў. Гэта натхняе нас на новыя праекты не толькі ў працы, але і ў паўсядзённым жыцці. І ўвогуле, усё, што адбываецца — гэта сапраўднае жыццё. І чым далей, тым цікавей.

Рушым наперад разам!

Фота: работа Яўгена Шадко з праекта Escape, 2015