Мэр Мінска Шорац: Калі вам сорамна за Мікалая Лукашэнку ў ААН, з'язджайце ў іншую краіну
Адна з жанчын на сустрэчы з чыноўнікам пацікавілася, ці не сорамна яму за краіну, прэзідэнт якой цягае за сабой дзіцё на афіцыйныя мерапрыемствы.

Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац правёў сустрэчу з грамадзянамі. Яна прайшла ўвечары 7 кастрычніка ў актавай зале сярэдняй школы №120. Зала была поўная, прыйшлі на сустрэчу пераважна жанчыны, паведамляе Sputnik Беларусь.
Сярод пытанняў да Андрэя Шорца было і адно вострае. Жанчына пацікавілася ў чыноўніка, ці не сорамна яму за краіну, кіраўнік якой возіць за сабой малалетняга сына на афіцыйныя мерапрыемствы за мяжу.
«Калі ў Заводскім раёне галоўная праблема — гэта сын прэзідэнта, то тады вы добра жывяце», — сказаў Шорац.
Пры гэтым ён параіў жанчыне, што яна магла б пераехаць у іншую краіну, дзе ёй будзе не так сорамна.