«Галоўнае для пабудовы новай школы ў нас ужо ёсць — разуменне, што адукацыя не павінна абслугоўваць дзяржаву»

Без яснай вызначанай мэты школа не ведае, каго яна павінна рыхтаваць: беларуса? Рускага са знакам якасці? Грамадзяніна СНД? Патэнцыйнага эмігранта? Чалавек без ідэнтычнасці не арыентаваны на дабрабыт сваёй краіны, на яе рынак працы, на адказнасць за сябе і за сваю супольнасць. Гэта наўпроставая пагроза існаванню самой дзяржавы.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Мы прадстаўляем нашым чытачам другі выпуск серыі артыкулаў «Новага Часу» пра тое, якой павінна быць новая Беларусь. Першы матэрыял быў прысвечаны войску. Сёння ж, калі ў Беларусі адзначаюць Дзень настаўніка, мы прапанавалі экспертам і проста зацікаўленым паразважаць пра адукацыю. З чаго пачынаць рэфармаванне сістэмы адукацыі? Якія прынцыпы павінны быць галоўнымі ў гэтай сферы? Што трэба прыбраць з навучальнага працэсу, а што дадаць? Сваімі думкамі дзеляцца настаўніца, пісьменніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец, намесніца старшыні нядаўна зліквідаванага ўладамі Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч і намеснік галоўнага рэдактара «Новага Часу», бацька сямікласніцы Сяргей Пульша.

Ганна Севярынец: Усё, што рабілася школай у мінулым жыцці — не працуе


Якраз цяпер я знаходжуся ў даволі няпростых думках пра школу. Насамрэч сёння адукацыя знаходзіцца ў крызісе, больш ці менш глыбокім, па ўсім свеце. Моцна мяняюцца супольнасці, моцна мяняецца структура і якасць інфармацыі, нават, я б сказала, біялагічна мяняецца чалавек — аператыўная памяць меншае, бо няма ў яе ранейшым аб’еме ранейшай патрэбы — навошта запамінаць тое, што можна лёгка аднавіць праз гугл? Гэта не добра і не дрэнна, гэта так ёсць, бо чалавек — істота вельмі практычная, і ўсе жыццёвыя працэсы ў ім падпарадкаваныя законам эканоміі энергіі і пабудове найбольш простых і эфектыўных шляхоў выкарыстання рэсурсаў.
Дый мэты адукацыі мне цяпер не надта зразумелыя. Навошта, напрыклад, мне сёння выпускаць пісьменных дзяцей, калі гэтыя пісьменныя дзеці стануць выкарыстоўваць сваё ўменне пісаць без памылак для таго, каб ганьбіць іншых, маніпуляваць менш пісьменнымі? Ці павінна я даваць найперш веды — альбо, можа быць, я мушу даваць веданне правіл паводзінаў у соцыуме? А як гэта рабіць без ведаў? А якія канкрэтныя веды вучаць чалавека быць маральным? І якія навыкі я мушу выпрацоўваць у дзецях?
Мне б на сёння хацелася выпрацоўваць навыкі эмпатыі, салідарнасці, супрацьстаяння злу — але нават выкладаючы літаратуру, самы адэкватны ў гэтым сэнсе прадмет, я не разумею, якім чынам гэта рабіць. Усё, што рабілася школай у мінулым жыцці — не працуе.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Таму мне б хацелася, каб будучая беларуская школа была найперш адкрытая да пошуку. Каб кожны настаўнік і кожны калектыў маглі б максімальна шырока эксперыментаваць і шукаць новых шляхоў. Каб у бацькоў і дзяцей быў бы сапраўдны выбар: ісці ў школу з традыцыйным выкладаннем, у эксперыментальную, у такую ці іншую. Шырокі выбар і свабода справакуюць здаровую канкурэнцыю, а канкурэнцыя — вастрыню і эфектыўнасць пошукаў. Астатняе — гэта ўжо проста тэхнічныя пытанні.


Тамара Мацкевіч: Першая задача нашай школы — сфармаваць актыўнага грамадзяніна-беларуса


Здаецца, у наш час трэба думаць пра тое, каб проста фізічна выжыць, а не марыць пра светлую будучыню. Аднак менавіта паводзіны ўладаў, якія пайшлі «ў апошні бой», паказваюць, што рэсурсы ў іх сканчаюцца і нам трэба быць гатовымі хутка адбудоўваць краіну. Любая рэформа пачынаецца з падрыхтоўкі для яе кадраў. Таму рэформа адукацыі будзе ў прыярытэтах новай Беларусі.
У мяне тут шмат аптымізму. Па-першае, шмат чаго ўжо зроблена. Прынамсі, нашыя настаўнікі і бацькі ўжо маюць вобраз і апрабаваныя элементы школы будучыні. Па-другое, мы — апошнія, хто мае нерэфармаваную з савецкіх часоў адукацыю. Усе суседнія краіны ўжо зрабілі ці робяць рэформу адукацыі, значыць, нам можна вывучыць іх моцныя бакі і памылкі і будаваць сваю сучасную сістэму, арыентаваную на нацыянальныя інтарэсы і ўпісаную ў глабалізаваны інфармацыйны свет.
Ірына Дубянецкая кажа, што не толькі наша, але і ўся адукацыя ў свеце перажывае крызіс, звязаны з шалёным развіццём інфармацыйных тэхналогій. Пандэмія каронавіруса таксама ўнесла свае карэктывы. Новы свет патрабуе новай адукацыі. І пакуль ніхто не ведае, якой яна будзе. Адназначна не такой, як цяпер. І выйграе той, хто цяпер эксперыментуе, а не кансервуе: шукае альтэрнатывы ў змесце, методыках, узаемаадносінах.
Але ўжо цяпер можна вызначыць важныя крокі, якія абавязкова будуць зроблены і пацягнуць змены ў сістэме адукацыі новай Беларусі.  

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


1.   Вызначыць мэту адукацыі і зацвердзіць яе нацыятворчую місію
Каб нешта пачало мяняцца ў адукацыі, найперш трэба пачаць з яе мэтаў: дакладна апісаць, каго мы рыхтуем і для чаго, г. зн. зацвердзіць кампетэнтнасную мадэль вучня (такі ідэал выпускніка). Калі будзе такая мадэль, толькі тады можна распрацаваць вучэбныя стандарты, праграмы (змест), якія будуць працаваць на стварэнне такога выпускніка, падабраць адпаведныя методыкі, і толькі потым напісаць падручнікі, навучыць усім гэтым карыстацца настаўнікаў. І праз некалькі гадоў памераць гэтыя кампетэнцыі па распрацаваных крытэрах і зрабіць карэкціроўку праграм, методык, падручнікаў і г. д. Гэта называецца Цыкл Дэмінга — мадэль развіцця, якая прыйшла з бізнесу ў адукацыю і працуе. Так робіць увесь свет.
Без яснай вызначанай мэты школа не ведае, каго яна павінна рыхтаваць: беларуса? Рускага са знакам якасці? Грамадзяніна СНД? Патэнцыйнага эмігранта? Чалавек без ідэнтычнасці не арыентаваны на дабрабыт сваёй краіны, на яе рынак працы, на адказнасць за сябе і за сваю супольнасць. Гэта наўпроставая пагроза існаванню самой дзяржавы.
Першая задача нашай школы — сфармаваць актыўнага грамадзяніна-беларуса, які б сам будаваў для сябе прастору для камфортнага жыцця, а не чакаў, калі зменіцца палітычная сітуацыя, з’явяцца эканамічныя свабоды. Для гэтага нам найперш патрэбна збудаваць нацыянальную сістэму адукацыі, зарыентаваную на Беларусь і беларусаў. Грамадзянскія кампетэнцыі для нас не менш важныя, чым працоўныя, камунікатыўныя ці якія яшчэ.
Сярод грамадзянскіх кампетэнцый абавязкова павінна быць частка, звязаная з удзелам у кіраванні сваёй дзяржавай: забеспячэнне змяняльнасці ўлады праз адкрытыя дэмакратычныя выбары, павага да дэмакратычных працэдур. У дзейнасным складніку грамадзянскай кампетэнцыі павінна быць адстойванне сваіх правоў і сфармаваная суадказансць за лёс дзяржавы, толькі тады дзяржава будзе свая. Інакш дзяржава не будзе атаясняцца з грамадствам, бо ў іх могуць быць розныя інтарэсы.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Змест адукацыі павінен быць беларусацэнтрычным: накіраваным на наш рынак працы, на фармаванне нацыянальнай самасвядомасці. У такой беларусацэнтрычнай сістэме не можа быць прадмета з назвай «Великая Отечественная война советского народа». Такога народа няма, спроба яго стварыць у СССР была няўдалай, і не трэба дэзарыентаваць нашых дзяцей. Гісторыкі прапануюць назваць курс «Беларусы ў Другой сусветнай вайне», тады ўсё стане на месца.
Руская літаратура будзе выкладацца ў межах замежнай, у праграме якой Дастаеўскі і Булгакаў будуць вывучацца побач з Гётэ, Шылерам, Байранам і Шэкспірам. Тады беларусу будзе зразумелым, што тургенеўскі «барин» і ягоная жонка — «толстая злая баба», тое жудаснае прыніжэнне сялян, жанчын — гэта чужая ментальнасць, гэта не мы, не нашыя продкі. У нас, еўрапейцаў, чалавек заўсёды быў важнейшы за яго «сословие». Праграма ж беларускай літаратуры будзе ўключаць найлепшыя творы беларускіх мысляроў і сучасных выдатных аўтараў, бо ў савецкія часы роля прадметa была — паказаць другаснасць беларускай літаратуры ў параўнанні з вялікай рускай, таму ў праграме не было ні Гарэцкага, ні Мрыя, ні Жылкі, ні Разанава. Я ўпэўнена, што эсэ Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам», прынамсі яго першая частка, і версэты Алеся Разанава павінны абавязкова вывучацца і абмяркоўвацца ў беларускай школе.
2.  Прымяніць навуковы падыход і стварыць рамачную дзяржаўную праграму
Паколькі Беларусь засталася апошняй сярод постсавецкіх краін з нерэфармаванай сістэмай адукацыі, трэба будзе прыгледзецца да навуковых высноваў і практыкі суседзяў (напрыклад, Эстоніі) і зацвердзіць дзяржаўную рамачную праграму, якая будзе абапірацца на навуковы падыход і нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Каштоўнасны складнік становіцца асноўным у вызначэнні праграмнага зместу адукацыі.
Патлумачу на прыкладзе.
Кампетэнцыі, прапісаныя ў дзяржаўнай праграме і стандартах, не адмяняюць ведаў-уменняў-навыкаў, якія фармуе настаўнік у межах свайго прадмету, а пашыраюць іх, бо яны звязаныя з паводзінамі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі вучня. Можна прывесці ў прыклад двух вучняў, якія маюць аднолькавыя веды ў біялогіі, але па-рознаму вядуць сябе ў лесе: адзін збірае сухастой для вогнішча, каб не шкодзіць жывой прыродзе, а другі не задумваючыся спілуе дзікую вішню, бо да ягад цяжка дацягнуцца.
Гэтыя паводзіны ў сітуацыі выбару вызначаюць і агульную атмасферу ў грамадстве. Ад школы залежыць, які доктар атрымаецца з тых двух вучняў у будучыні: які імкнецца вылечыць, дакапацца да дыягназу, ці фармальна выпісаць пілюлю, якая хоць не лечыць, але абавязковая для прапісвання як прадукт «айчыннага вытворцы».
Аўтары праграм усіх школьных прадметаў мелі б улічыць, ці фармуюць праграмы гэтую кампетэнцыю. Напрыклад, праграма грамадазнаўства мусіла б мець тэмы, прысвечаныя працоўнаму заканадаўству дзяржавы, правам працаўніка і наймальніка, аналізу рынка працы, юрыдычным асновам вядзення бізнесу ў Беларусі, парадку адкрыцця свайго прадпрыемства. Праграма роднай мовы вучыла б дзяцей не перапісваць практыкаванні пра «камбеды» і падобнае ў сшытак, а навучала б моўнаму этыкету, уменню скласці сваё рэзюмэ для прыёму на працу, правілам дзелавога ліставання і этыцы перамоваў. Матэматыка ўключала хаця б некалькі задач на разлік падаткаў паводле актуальных ставак, прадмет «замежная мова» знаёміў бы з аўтарытэтнымі бізнес-выданнямі, тэндэнцыямі змен у сусветнай эканоміцы, тэхналогіях… Старэйшая школа сама вызначала б профілі з улікам перспектывы развіцця рэгіёна, каб запоўніць дэфіцыт кадраў. Гэта ўсё пакуль тычыцца ведаў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Каб сфармаваць навыкі і ўменні, трэба думаць пра методыкі. Абавязкова сярод методык школы было б праектнае і кааператыўнае навучанне, праца ў групах.
Канкурэнцыйнасць — ужо не галоўная якасць для поспеху ў сучасным свеце. Усё больш працадаўцы шукаюць людзей, якія ўмеюць будаваць добразычлівыя адносіны, працаваць у камандзе, размяркоўваць абавязкі, планаваць дзейнасць. Каб умець комплексна працаваць над задачай, вучні павінны супольна зрабіць прынамсі адзін праект, напрыклад, даследавання рынку попыту/прапановаў свайго рэгіёна, або аналізу вытворчасці, паслугаў, рынку працы…
Арыентацыя на сваю краіну і на сваю мясцовасць падсвядома фармавала б жыццёвую стратэгію вучняў: навошта нешта пачынаць з нуля, калі я навучаны для жыцця тут, маю для гэтага веды і навыкі. Дарэчы, гэта і ёсць выхаванне патрыятызму, толькі сапраўднага, без лозунгаў, БРСМаў і пілотак з бантамі.
Каштоўнасна-дзейнасны складнік працоўнай кампетэнцыі — гэта актыўная пазіцыя, жаданне вучыцца, разуменне і ўменне стварыць для сябе працоўнае месца, стаўленне да працы як да сродку самарэалізацыі, а не як да цяжкога абавязку ці пакарання і г. д. Сёння рынак працы патрабуе актыўнага і адказнага чалавека. Яму трэба валодаць навыкамі аналізу, ацэнкі, самаацэнкі, трэба мець устаноўку, што вучыцца прыйдзецца ўсё жыццё, браць адказнасць за свае поспехі і няўдачы. Фармаванне такіх якасцяў і паводзінаў патрабуе змены функцыі ацэнкі ў школе.
Менавіта кампетэнцыі — гэта крытэры ацэнкі якасці адукацыі. Яны прымушаюць школу трымаць руку на пульсе часу, змяняцца разам з патрэбамі грамадства і адначасова актыўна ўплываць на фармаванне гэтага грамадства, каб яно было адукаваным, добразычлівым, маральным і канкурэнтаздольным.
3.   Грошы з бюджэту замацаваць за вучнем, а не за школай
Такім чынам школы будуць зацікаўлены падтрымліваць найлепшых настаўнікаў, добразычлівую атмасферу, інакш дзеці да іх не прыдуць, і яны застануцца без фінансавання. Такі падыход дазваляе бацькам выбар школы або стварэнне прыватных, грамадскіх школ, куды з бюджэту таксама будуць пералічаныя «вучнёўскія» грошы. Калі запрацуе сапраўдная ваўчарная сістэма фінансавання школ, гэта будзе на карысць найперш дзяржаўным школам, бо прыватныя і грамадскія стануць даступнымі і, каб выйграць канкурэнцыю, школы будуць весці барацьбу за добрага настаўніка, адпаведна прыдзецца настаўніку добра плаціць, каб не ўцёк да канкурэнта. А добры заробак прыцягне больш разумных людзей у сферу адукацыі і падыме яе ўзровень і прэстыж прафесіі.
4.  Дэцэнтралізацыя кіравання
У цывілізаваным свеце дырэктараў школ выбіраюць школьныя рады, рэктараў ВНУ — адпаведныя выбарныя органы гэтых установаў. Будзе так і ў нас. Менавіта тады знікнуць неўласцівыя абавязкі. Дырэктар, рэктар будзе вымушаны адстойваць інтарэсы таго, хто яго выбраў: бацькоў, вучняў, педагогаў, студэнтаў мясцовага самакіравання і працадаўцаў. А не вертыкалі ўлады, як цяпер, бо яна яго прызначае. Цэнтралізацыя ўлады, імкненне дзяржавы манапалізаваць адукацыю, пазбаўленне бацькоў і грамадства кантролю над ёй мае сумныя вынікі.
5.   Даць настаўніку і школе, бацькам свабоду выбару
Прафесійныя свабоды — неабходны складнік развіцця адукацыі. Толькі свабодны настаўнік зможа раскрыць свой творчы патэнцыял і выхаваць свабоднага, упэўненага ў сваіх сілах вучня. Толькі свабодны ад адміністратыўнага прэсу дырэктар зможа сам вырашыць, як прыцягнуць і стымуляваць (у тым ліку і фінансава) найлепшых настаўнікаў, павышаць іх кваліфікацыю, супрацоўнічаць з бацькамі, патэнцыйнымі працадаўцамі на карысць развіцця і якасці адукацыі. Мне здаецца, гэта — самы лёгкі крок, грамадства да яго гатова. Нашы настаўнікі ўжо шмат год самастойна асвойваюць новыя методыкі, узаемна навучаюць адзін аднаго, вядуць курсы, робяць пляцоўкі для масавага анлайн-навучання. Іх да гэтага ніхто не прымушае, іх праца не аплочваецца, але сетка гэтых педагогаў-энтузіястаў расце. Іх матывацыя — прафесійная самарэалізацыя. У новай Беларусі будзе шмат свабоды: свабода вучняў, студэнтаў у вызначэнні прадметаў, курсаў адпаведна сваім здольнасцям і жаданню; свабода для бацькоў у праве выбару школы, мовы навучання, дапамогі школам.
Інфантыльнасць нашага грамадства сыходзіць вельмі хутка, і здаецца, пасля 2020 года ўжо незваротна. Таму, я нічога не пішу пра ідэалогію — яна знікне сама сабой, як толькі мы зробім першы крок да новай Беларусі. Самае галоўнае для пабудовы новай школы ў нас ужо ёсць — разуменне, што адукацыя не павінна абслугоўваць дзяржаву, якой бы яна ні была.  Адукацыя — гэта сродак развіцця асобы, пабудовы грамадзянскай супольнасці, умацавання эканомікі і незалежнасці краіны.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Сяргей Пульша: Гэта праблема не школы


Калі мне, як аднаму з бацькоў, прапануюць адказаць на пытанне «Якой павінна быць школа?», я, шчыра кажучы, губляюся. Я наогул за тое, каб такія пытанні вырашалі спецыялісты. Я — не спецыяліст. Але ведаеце што? На маю думку — хай школа застаецца такой, якая ёсць. Прынамсі, пакуль.
Кажуць, што настаўнікі ў школе перагружаныя лішнімі клопатамі. Што яны вымушаныя выконваць мноства папяровай працы, складаць незразумелыя і нікому не патрэбныя справаздачы і графікі, запаўняць бескарысныя фармуляры, займацца неўласцівымі ім функцыямі кшталту кантролю таго, як жывуць «даручаныя» ім дзеці, кантраляваць умовы іх пражывання, займацца прымусовай падпіскай, і гэтак далей. Праз гэта ў іх вялікая нагрузка і яны працуюць, як лекары ў кавідных аддзяленнях — ці не па 20 гадзін у суткі.З гэтым не паспрачаешся. Але гэта — праблема не школы. Гэта праблема бюракратыі. Гэта праблема розных рай-, гар-, абл- АНА, аддзелаў народнай адукацыі ў выканкамах. Гэта ім трэба стварыць бачнасць працы. Гэта ім трэба падрапаць «пачуццё ўласнай важнасці» і паказаць, што, нібыта, грошы яны атрымліваюць не проста так. І ад гэтага яны навешваюць на настаўніка неўласцівыя яму функцыі.
Таму я пагаджуся з тым, што настаўнікаў трэба вызваліць ад гэтых функцый і залішняй папяровай працы. Вось толькі паўтаруся: гэта — праблема не школы. Гэта ў аддзелах адукацыі трэба нешта «падкруціць», а лепей — разабраць.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Безумоўна, усе мы хочам, каб у школе давалі сучасныя веды. І калі мая дачка сказала, што на ўроках інфарматыкі яны вывучаюць «Паскаль» — я быў крыху ў шоку. Я мала што разумею ў праграмаванні, але, па-мойму, вывучаць цяпер камп'ютарную мову, якую вывучалі на тых жа ўроках бацькі сённяшніх вучняў у той час, «калі дыскеты былі вялікімі» (а цяперашнія школьнікі нават не ведаюць, што такое «дыскета»), — гэта трызненне.
Але адначасова я ўспомніў і адну дыскусію ў Парку высокіх тэхналогій. Энтузіясты хацелі стварыць на яго базе сучасны адукацыйны цэнтр, у тым ліку для школьнікаў. І не стварылі, таму што навучальныя праграмы павінны ўзгадняцца ў Міністэрстве адукацыі, а Міністэрства гэтыя праграмы ўзгадняе па два-тры гады (трэба ж паказаць бачнасць працы, праўда?) А за два-тры гады палова з напісанага ў адукацыйных праграмах ПВТ проста старэе і губляе актуальнасць. І мне стала цалкам зразумела, чаму дачцэ ў школе выкладаюць «Паскаль».
Але хіба гэта праблема школы? Гэта праблема Мінадукацыі. Гэта там трэба пазбавіць чыноўнікаў права вызначаць, што павінна быць у навучальнай праграме, а што не павінна. Або прымусіць чыноўнікаў працаваць, каб навучальныя праграмы па новых дысцыплінах зацвярджаліся за лічаныя тыдні (скажам, два), а не гады. Гэта ў Мінадукацыі трэба нешта падцягнуць, а школа тут — ні пры чым.
У нас выдатныя настаўнікі. Яны апякуюцца вучнямі, іх развіццём, водзяць іх па музеях, арганізуюць пазакласныя мерапрыемствы. Паглядзіце, як настаўнікі спрацавалі ў першую хвалю пандэміі — нягледзячы ні на што, многія з іх пагадзіліся адправіць школьнікаў па хатах, і самі (самі!) распрацавалі сістэмы хатняга навучання. Размаўлялі з вучнямі праз вайбер-групы, запісвалі і выкладвалі ў Ютуб відэаўрокі, абмяркоўвалі ў сацсетках методыкі і праграмы навучання, дзяліліся вопытам дыстанцыйнага выкладання…

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Хіба гэта школа вінаватая ў тым, што міністр адукацыі Карпенка, услед за сваім шэфам, казаў, што «вірусы не лётаюць» і настойваў на прысутнасці дзяцей у класах?
Той жа Карпенка адсправаздачваўся, што Нацыянальная платформа дыстанцыйнага навучання запрацуе ў пачатку 2021/2022 навучальнага года. Цяпер у нас той самы 2021/2022 навучальны год і 4-я хваля пандэміі. Настаўнікі — па-ранейшаму малайцы. А вось дзе даўно абяцаная міністрам-камуністам тая платформа — дагэтуль не зразумела.
Але хіба гэта праблема школы, а не праблема выніковасці працы міністра?
Калі кажуць пра бацькоўскі сход, то ў многіх першыя думкі — колькі грошай з сабою браць у школу, і на што яшчэ паспрабуюць «стрэсці». Бацькі школьнікаў ужо звыклі здаваць грошы на рамонты класаў, на ўцяпляльнікі вокнаў перад зімой, на пітную ваду для дзяцей, і на ўсякія «непрадбачаныя патрэбы». Гэта тое, пра што гавораць усе. Але давайце зноў жа падумаем — гэта праблема школы? Дакладна? Не Міністэрства фінансаў, не чыноўнікаў, якія, распрацоўваючы бюджэт краіны, закладаюць у яго фінансаванне адукацыі «па рэшткавым прынцыпе»?
Гэта праблема не школы. Гэта праблема прыярытэтаў сённяшняй дзяржавы.
Я нават не буду спрачацца з цяперашнімі новаўвядзеннямі наконт «ваенрукоў». Адзінае, што я б папрасіў — каб гэтыя ваенрукі займаліся справай, а не «бла-бла-бла ідэалогіяй». Урэшце, уменне сабраць і разабраць аўтамат Калашнікава — не дай Бог, каб спатрэбілася, але мы ведаем, у якім свеце мы жывем, і які ў нас сусед. Ва Украіне яшчэ ў пачатку 2014-га ніхто не думаў, што будзе Крым, Луганск, Данецк...
Адзінае, што я б прасіў — прыбраць са школы папоў. Хай прадаюць «опіум для народа» ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Але і гэта праблема не адукацыі, а царкоўных патрыярхаў, якія забыліся, што ў нас па Канстытуцыі — свабода веравызнання, а царква — аддзеленая ад дзяржавы. І ў дзяржаўных установах (адукацыі ў тым ліку) святарам не месца. Проста таму, што гэта парушэнне закона — Асноўнага закона.
Так што рэфармаваць школу, на маю думку, не трэба. А дзе трэба — з гэтым справяцца самі настаўнікі, калі даць ім больш свабоды і ініцыятывы. Рэфармаваць трэба «каляшкольны накіп», вось там — вялікія праблемы, якія адбіваюцца на настаўніках.
А школа хай застаецца такой, якая ёсць. Прынамсі, пакуль.