«Галоўнае — каб беларус з беларусам пачаў размаўляць па-беларуску»

Цікаўнасць людзей да роднай мовы становіцца ўсё больш відавочнай у розных кутках краіны. А калі б колькасць такіх людзей узрасла ў сотні разоў? У тысячы? А калі б бацькі напісалі заявы аб выбары адукацыі сваіх дзяцей у садках і школах на беларускай мове? Гэта б ужо была воля народа, перакананая жыхарка Слуцка Алена Дубіцкая.

Алена Дубіцкая

Алена Дубіцкая

— Большую частку свайго жыцця я жыла ў вёсцы Сорагі Слуцкага раёна, дзе была беларускамоўная школа, і там увогуле не было моўнай праблемы. У Слуцку ж няма аніводнай беларускай школы. Калі дзесяць гадоў таму я пераехала з вёскі ў Слуцк, пачала з суседзямі па пад’ездзе размаўляць на рускай мове. Якое ж было маё здзіўленне, калі суседзі адказвалі мне па-беларуску! Высветлілася, што большасць жыхароў майго дома таксама пераехалі з вёсак, каб працаваць на Слуцкім мясакамбінаце.
У нашым мікрараёне знаходзяцца дамы цукровага камбіната, жыхары якога таксама з лёгкасцю падтрымліваюць размову па-беларуску.
У цэнтры горада ўжо інакш. Адказваюць на рускай мове, але многія хваляць мяне і дзякуюць за родную мову. Відавочна, што так размаўляю не я адна, бо прадавачкі даволі звыкла пачалі казаць «дзякуй», «калі ласка». Так, была сведкай, як жанчына ў вулічным шапіку купляла малочныя прадукты і замаўляла іх на добрай беларускай мове. Прадавачка ў адказ прыязна пасміхалася і нават пажадала «смачна есці». У шапіку, дзе прадаюцца газеты, прадавачка не толькі падзякавала па-беларуску і пажадала «ўсяго найлепшага», але і паабяцала наступны раз поўнасцю абслужыць па-беларуску.
Паводле слоў Алены Андрэеўны, аднойчы яна ўсё ж такі сутыкнулася з абразай беларускай мовы.
— У сувязі з эпідэміяй каронавіруса я цяпер меней камунікую з людзьмі на вуліцах. Таму зарэгістравалася ў суполцы-чаце «Слуцкая телега». Там больш за 2 тысячы ўдзельнікаў. Допісы і каментары ў большасці рускамоўныя. Аднойчы ў адказ на мой беларускамоўны каментар адзін з удзельнікаў чата назваў беларускую мову «сабачай». Была вельмі здзіўлена рэакцыяй шматлікіх рускамоўных случчан, якія «накінуліся» на аўтара зняважлівага каментара. Людзі пісалі пра неабходнасць павагі да роднай мовы. Называлі яго «небеларусам» і нават прапаноўвалі пакінуць краіну, заблакаваць карыстальніка і г. д. Магчыма, гэты ўдзельнік чата быў заблакаваны адміністратарам альбо змяніў нік, бо такіх абраз болей я не сустракала. Наадварот, пасля гэтага выпадку павялічылася нават колькасць беларускамоўных каментароў, а «Слуцкая телега» нават ператварылася ў «Слуцкі воз».
— Як уратаваць нашу мову ў такіх неспрыяльных абставінах, калі ўлада з дзвюх дзяржаўных моў фактычна падтрымлівае толькі адну — расійскую?
— Мова — галоўны вынік развіцця беларускай культуры. Люстэрка нашага існавання, адбітак нашых душ. Аніякія прагматычныя інтарэсы не прыводзяць да нацыянальнага абуджэння народа. Нішто не зможа перамагчы волю людзей, калі яна моцная і калі яна ёсць. Заўсёды можа стацца так, як гэтага захочуць людзі. Можна без вялікай бойкі, без шуму і страт у корані перамяніць становішча і высока падняць беларускую мову ў нашай краіне. Патрэбныя толькі ахвота і крышку змагання. А галоўнае — каб беларус з беларусам пачаў размаўляць па-беларуску. У мяне ёсць адчуванне, што многія людзі пачынаюць гэта разумець. 
— Наколькі ведаю, вы таксама робіце спробы беларусізаваць прадукцыю прадпрыемстваў?
— Так, я вяду перапіску з многімі прадпрыемствамі: прашу беларусізаваць надпісы на ўпакоўцы прадуктаў, этыкеткі. Часта атрымліваю ў адказ, што «ў нас дзве дзяржаўныя мовы» і рускамоўнае афармленне не супярэчыць заканадаўству. Некаторыя камбінаты аргументуюць адмоўны адказ тым, што экспартуюць прадукцыю ў Расію. Як быццам расіяне не змогуць зразумець, што яны купляюць, калі замест «сахара» будзе напісана «цукар». 
Радуе, што пасля дзвюх старонак аргументацыі на карысць дзяржаўнай рускай мовы напрыканцы тое ж ААТ «Слуцкі сыраробчы камбінат» паведаміла, што «пры распрацоўцы новых этыкетак і закупцы новага пакавання ўлічыць пажаданні спажыўцоў аб маркіроўцы прадукцыі на беларускай мове або на беларускай і рускай мовах». Тое ж самае паабяцала і ААТ «Здравушка-мілк».
Разам з маёй знаёмай у сярэдзіне лютага наведалі нашу слуцкую цэнтральную пошту (аддзяленне сувязі Слуцк – 9). Калі тая выказала пажаданне атрымаць квіток на падпіску на беларускай мове, высветлілася, што ў наладах моўнай панэлі адсутнічала беларуская мова. Пасля запісу ў кнізе заўваг і прапаноў аб магчымасці атрымання паслугі па-беларуску атрыманы адказ, што цяпер рэалізавана магчымасць уводу даных на беларускай мове. І, што цікава, адказ кліентцы быў дастаўлены наўпрост у рукі, а супрацоўніца службы дастаўкі пры ўручэнні заказной карэспандэнцыі прадэманстравала добрую беларускую мову.
А калі б колькасць такіх людзей узрасла ў сотні разоў? У тысячы? А калі б бацькі напісалі заявы аб выбары адукацыі сваіх дзяцей у садках і школах на беларускай мове? Гэта б ужо была воля народа.