Палова случчан хоча, каб іх дзеці атрымлівалі адукацыю па-беларуску
Каля 40 працэнтаў случчан сказалі, што выкарыстоўваюць беларускую мову ў штодзённых размовах, амаль 54 працэнты — разумеюць мову, але не выкарыстоўваюць. Гэта вынікае з апытання, што праводзіць аддзел адукацыі Слуцкага райвыканкама.
Вынікі апытання можна пабачыць на сайце Слуцкага райвыканкама. З іх можна вынікае, што большасць
бацькоў хацелі б, каб іх дзеці дасканала
валодалі роднай мовай.
У апытанні па становішчы на 9 гадзін раніцы 19 сакавіка прынялі ўдзел 297 чалавек, якія адказалі на розныя пытанні. З тых 297 асоб, што прагаласавалі, 177 выказаліся за тое, каб дзеці свабодна размаўлялі па-беларуску. Супраць — толькі 65 удзельнікаў.
173 чалавек хочуць, каб школьнікі вывучалі гісторыю Беларусі на роднай мове, адмоўнае стаўленне выказала меншая частка — 112 чалавек.
Да беларускамоўнага выхавання ў дзіцячых садках пазітыўна ставяцца крыху менш, чым палова апытаных.
Крыху больш за палову падтрымалі беларускамоўную адукацыю ў школе па ўсіх навучальных прадметах: за — 150 чалавек, 147 — супраць.
Па выніках
апытання «Слуцкае гарадское таварыства беларускай мовы» напісала зварот да
бацькоў, які цяпер распаўсюджваецца ў мясцовых чатах. У сваім звароце ТБМ
просіць бацькоў Слуцкага раёна агучыць сваё пажаданне наконт беларускамоўнага
навучання на школьных бацькоўскіх сходах і напісаць пісьмовыя звароты на імя
дырэктараў школ, аддзела адукацыі Слуцкага райвыканкама наконт забеспячэння
законнага права на атрыманне адукацыі на беларускай мове.