«Галоўнае — каб чалавека ніколі не пакідалі». Валеры Ерынкевіч кожны дзень гатуе абеды дзясяткам бяздомных

Кожны дзень напрацягу ўжо васьмі гадоў былы шэф-повар Валеры Ерынкевіч здзяйсняе свой маленькі подзвіг — гатуе ад 50 да 150 абедаў для тых, хто не мае дома, блізкіх, хто страціў кірунак і моцы для яго пошуку. Гэта дзівосная гісторыя няспыннасці і ўпартасці на шляху да дабрыні, якая ўратавала незлічоную колькасць жыццяў.

imgl6949_logo.jpg


Валерыю Ерынкевічу 70 гадоў. Напрыканцы 80-х ён працаваў шэф-поварам аднаго з Мінскіх рэстаранаў.

— Мне вельмі падабалася прафесія, — кажа спадар Валеры, — Яна не толькі дазваляла добра зарабляць, але і давала магчымасць творчай працы. Я быў задзейнічаны ва ўсіх этапах прыгатавання ежы, гэта вельмі ціква.

У рэстаране Валеры заўжды, нават у часы дэфіцыта, меў доступ да алкаголя. Даволі хутка ён займеў з ім праблемы, пачаў співацца і ледзь не страціў сям’ю — жонку і дваіх дзяцей.

— Усведамленне таго, што я сапраўды магу застацца без сям’і, вельмі ацвярозіла, — узгадвае Валеры. — Але галоўнае — знайшоўся сябар, які завёў мяне ў царкву. Да гэтага дня я ніколі туды не хадзіў. І менавіта ў царкве я знайшоў свой паратунак. Аднавіў добрыя адносіны ў сям’і, у нас з жонкай нарадзіліся яшчэ двое дзяцей. Цяпер іх чацвёра.

Каб ніколі не вярнуцца да залежнасці, Валерыю давялося звольніцца з рэстарана.

— Прыгадваю, што напряцягу пяці гадоў мне час ад часу яшчэ жадалася неяк сустрэцца са старымі сябрамі. Тое жыццё, яно ж, разумееш, зацягвае. Калі чалавек не мае апоры, даводзіцца вельмі складана. Маёй апорай быў і ёсць Бог. Я бачыў прыклады, калі людзі не пілі па 8-10 гадоў, а потым зрываліся. На шчасце, мяне гэтая доля мінавала.

Бяздзейнасць — адзін з ключоў д’ябла да чалавечага сэрца

Звольніўшыся з рэстарана, Валеры стаў місіянерам і прысвяціў гэтай справе 20 гадоў свайго жыцця.

Спачатку разам з жонкай і чатырма дачкамі, самай малодшай з якіх тады было паўтары гады, ён паехаў ва Украіну. Потым былі Малдова, Румынія, Турцыя, Баўгарыя, Расія… Пры цэрквах былы повар арганізоўваў нешта кшталту рэабілітацыйных цэнтраў для залежных. Вось як Валеры ўзгадвае гэты перыяд:

— Напрыклад, да мяне звярталіся людзі, якія маюць праблему — алкаголь ці наркаманія… Я ўжо праз гэта праходзіў, да таго ж добра ведаю Біблію, таму маю разуменне, куды чалавека скіраваць, як яго спыніць, які падказаць занятак. Таму што бяздзейнасць — адзін з ключоў д’ябла да чалавечага сэрца. Ён падказвае: нічога не рабі, паляжы, выпей…Ад бяздзейнасці і безадказнасці людзі і трапляюць у бяду, вось і ўвесь сакрэт. І такія людзі мяне знаходзілі, а я знаходзіў іншых такіх жа, мы збіраліся, разам адзначалі святы без спіртнога, шмат размаўлялі, праводзілі час у тлумачэнні Слова. А таксама працавалі разам. Напрыклад, займаліся рамонтам кватэр. Пэўны час я нават быў у іх прарабам. Таксама рамантавалі сантэхніку ці ўцяплялі вокны ў дзіцячых дамах.

Залежныя бачылі тых абяздоленых малечаў і разумелі, што такі лёс чакаў бы і іх дзяцей, калі б яны не спыніліся. Так людзі і ратаваліся.

А калі прыходзілі маладыя, мы стараліся ім знайсці сяброў з царквы, у царкве ім дапамагалі, даглядалі іх, аднаўлялі згубленыя дагументы…З наркаманамі было крыху лягчэй, у асноўным менавіта таму, што яны маладзейшыя. Бывае, пачынае калоцца ў 16 гадоў, а ў 19 ужо разумее, што сур’ёзна на іголцы сядзіць. Тады іх прасцей вырваць з залежнасці.

Валеры Ерынкевіч

Валеры Ерынкевіч


Валеры Ерынкевіч кажа, што яго дзеці, у сваю чаргу, выраслі ў правільным кірунку, бо «тваё асабістае жыццё для дзяцей — лепшы прыклад».

— А вось жонцы лёгка не было ніколі. Але яна не апускала рукі, усе цяжкасці дзялілі на дваіх. Хутка будзе 45 гадоў, як мы разам, — кажа Валеры і дадае, — Увогуле галоўнае — каб чалавека ніколі не пакідалі. Калі сем’і распадаюцца, людзі застаюцца пакінутымі. Тады адразу ж падкрадаецца думка — пайду вып’ю ці яшчэ што-небудзь жудаснае зраблю. Памятаю і страшэнныя выпадкі, калі людзі сканчвалі жыццё самагубствам. Альбо нап'юцца і задушацца ў падушцы ад уласных ванітаў. Гэта бяда.

Да таго ж часта бывае, што чалавек пачынае піць і ніхто не звяртае на гэта ўвагі. Трэба адразу біць у набат! Нельга пакідаць іх.

За гады місіянерскай практыкі Валеры знаёміўся з прадстаўнікамі шматлікіх народаў.

— Цудоўныя людзі былі ў Румыніі, — узгадвае ён. — Там была такая галеча, але ж людзі з гонарам, лёгкія на ўздым, ахвочыя да працы. Калі румын выбіраўся са сваёй бяды, ён адразу ж бег ратаваць іншага, усім навокал стараўся дапамагчы. Адкрытыя вельмі людзі. Малдаване таксама народ асаблівы. Ва Украіне працаваць было прасцей, бо гэта краіна вельмі хрысціанская. А ў Расіі я 5 гадоў працаваў з цыганамі. Дзівосныя людзі. Іх да п’яніцаў ці бяздомных ніяк не аднясеш. Яны могуць не мець жыцця, але дзе пераночыць заўжды знойдуць. Музычныя, вясёлыя людзі. Яны гралі канцэрты, мы ездзілі ў Тулу, у Тамбоў… Царква з цыган арганізавалася. Цікавы быў час.

Такіх людзей, як нашы беларусы, я не сустракаў ніколі. Вельмі закрытыя. Але ж і сама абстаноўка, духоўная атмасфера тут вельмі цяжкая. Безвыходнасць такая. І бясконцыя клопаты, клопаты…


Але ж Валерый вярнуўся ў Беларусь і вось ужо восем гадоў дапамагае мінскім бяздомным выжыць


— На жаль, магчымасці карміць людзей два разы на дзень няма. Але прынамсі адзін паўнавартасны абед ёсць штодня.

Зараз яшчэ кожны дзень даем вялікі піражок з начыннем — з бульбай ці капустай. Да піражка суп — боршч альбо шчы. Потым другое — адбіўная з курыцы, катлеты, тэфтэлі, штосьці з мяса ёсць абавязкова.

Таксама варым кісялі альбо кампоты, у гэтым годзе быў добры ўраджай яблыкаў.


З адзеннем стала складаней, бо раней мы маглі атрымліваць нешта з-за мяжы, адтуль нашмат лепш гуманітарка прыходзіць. У нас людзі ўсё даношваюць, а потым аддаюць. Да таго ж прыносяць сукенкі, басаножкі на высокіх абцасах... Ну зараз жа зіма, няўжо чалавек не разумее, што не актуальна?

Мы пераглядаем адзенне тонамі, выбіраем з усёй гэтай масы недзе сто кілаграмаў. Вось нядаўна глядзелі, адабралі 40-50 куртак, на першы час будзе. Вялізная праблема з абуткам, але пакрысе вырашаем. Зараз плануем закупіць хоць бы 30 пар абутку.

imgl6992_logo.jpg

Каб карміць бяздомных трэба каля 4-4,5 тысяч даляраў у месяц

Валеры прызнаецца, што грошаў зусім не хапае.

Цяжкія часы наступілі пасля ліквідацыі платформы «Имена», зборы на якой забяспечвалі каля 40% патрэбаў арганізацыі Валерыя, якая раней мела назву «Помощь бездомным».

Разам з «Именами» Валеры Ерынкевіч рыхтаваў да запуску новы праект — бусік, які б дазваляў карміць бездомных па ўсім Мінску. Пакуль гэтая мара спадара Валерыя застаецца незбыўнай.

Зараз праект Валерыя займеў новую назву — «Луч Маяка», ён існуе толькі з дапамогай прамых ахвяраванняў.

— Таму не ведаю, магчыма, яшчэ нейкі час працягнем, паглядзім, — кажа Валеры.

Толькі каб забяспечыць ежу мне трэба ў месяц недзе 3-4 тысячы даляраў. Плюс бензін і хоць бы мінімальныя заробкі — 100-150 даляраў. Агулам каля 4-4,5 тысяч даляраў.

Ліквідацыя «Имён» пацягнула за сабой іншую сур’ёзную праблему. Шмат гадоў Валеры гатаваў ежу ў  сталовай для бяздомных па адрасе Матусевіча, 15. Але ў красавіку мінулага года праз фінансавыя праблемы падтрымліваць нармальны стан памяшкання стала немагчыма, таму галоўнаму гарадскому повару давялося шукаць новыя спосабы, каб рэалізоўваць свае галоўныя ідэі — карміць і ратаваць абяздоленых.

Валеры Ерынкевіч

Валеры Ерынкевіч


Выйсце было знойдзенае. Знаёмы прапанаваў Валерыю памяшканне, дзе ён змог гатаваць ежу. Потым повар вязе гарачыя абеды ў «начлежку» на вуліцы Ваўпшасава, 42.

— Іх жа там не кормяць, — тлумачыць Валеры. — А там маса інвалідаў.

Зараз у дзень гатуем недзе 50-60 абедаў. Гэта не вельмі шмат. Але хутка будзе больш людзей, таму мы запусцілі палатку.

Палатка — гэта памяшканне плошчай 30 квадратных метраў, якое Валеры разам з валанцёрамі пабудавалі каля «начлежкі» на Ваўпшасава. Дзякуючы палатцы у Валерыя Ерынкевіча зноў ёсць магчымасць карміць па 100 чалавек на дзень.


Спадар Валеры кажа, што ніякай канкрэтнай формулы таго, як чалавек становіцца бяздомным, няма. Але ў яго ёсць прынцып — не карміць п’яных.

— «Не напіцца» — гэта як раз тое нямногае, што яны павінны зрабіць, — кажа Валеры. — Гэта такі якар, які чапляецца за тое, звычайнае, чалавечае жыццё. Няхай сабе тонкая, але нітачка.

Я ім усім кажу: хочаце новага жыцця — станавіцеся новымі людзьмі, мяняйцеся. У вас ёсць усе магчымасці для роста. Жадаеце — пойдзем у рэабілітацыйны цэнтр, дзе вам дапамогуць.

Вось нядаўна карміў аднаго, думаў ён старэйшы за мяне. Спытаў — 48 гадоў. Жах. Таму трэба найперш спыніцца. Не піць. Шукаць людзей непітушчых, якія дапамогуць не словам, а справай.

Чалавек павінны сам зрабіць выбар

Валерыю зусім не ўсё роўна, куды разыйдуцца бяздомныя пасля абеду.

Ён знаёміцца з кожным з іх, размаўляе.

— Яны заўжды адчуваюць крывадушнасць, — распавядае повар. — Калі кажаш надзьмутымі словамі, якіх не перажыў, не ведаеш моцы гэтых словаў, тады кажаш як на вецер. А калі дакранаешся да ягонай душы — адразу зразумееш сутнасць чалавека. Бывае, што пачынаюць грубіць. Тады пытаюся, чым заслужыў такія адносіны. Не нагадваю, што я ва ўзросце, нічога такога — проста шчыра пытаюся.

Бяздомныя ўвогуле народ цікавы, своеасаблівы. Пры мне стараюцца не сварыцца, не брыдкасловіць. Сярод маіх памочнікаў ёсць былыя бяздомныя, я назіраю, як яны імкнуцца да зменаў. Прыемна глядзець. Цягнем іх на сабе. Адзін так са мной 4 гады прапрацаваў, іншы 6 гадоў. А потым яны ідуць далей, бо ўжо адчулі, зразумелі, што штосьці могуць.

imgl7003_logo.jpg


Але ж некаторых і сам выганяю. Кажу: ну ты ж не спраўляешся, усё роўна цішком пачынаеш піць, красці. Ну навошта ты мне такі? Усё, ідзі туды, куды хочаш. А што рабіць?

Разумеш, тут такая справа — чалавек павінны сам зрабіць выбар. Мы павінны дапамагчы тым, хто гэтага хоча.

Ёсць і тыя, хто кажа мне — ты не ўлязай у маё жыццё. Накармі і ўсё. Тады я адказваю: накарміць цябе — гэта не мой абавязак. Мой абавязак — сказаць табе, што ты чалавек, які зараз на мяжы перахода з аднаго стану ў іншы. Пакуль цябе яшчэ можна назваць чалавекам. А потым будзеш двуногай жывёлай, бо апусцішся да такой стадыі, з якой узняцца не здолееш.

Я неяк аднаму казаў — слухай, я гляжу, ты ходзіш тут, нагамі размахваеш. Але ж не думаеш, што гэтыя ногі можаш у адзін дзень згубіць? Бо бачна было, што ногі хворыя, іх трэба даглядаць, а ён імі махаў… І ў адзін дзень прыйшоў, як заўжды, на Ваўпшасава, а ён у калясцы, адна нага адрэзаная. Кажу яму: ну што, дапрыгаўся? Так, ведаю, што гэта жорстка... А ён адказвае: «Валера, я ўзгадваў твае словы і горка плакаў». Я ж прасіў яго: спыніся, бо не туды ідзеш.

Пытаюся ў Валерыя, што яму дапамагае кожны дзень выносіць такую колькасць чалавечага гора.

— Калі б не царква, я б ніколі гэтага не вытрымаў, — прызнаецца Валеры Ерынкевіч. — Патрэбная духоўная аддушына, і толькі там я яе знаходжу. Калі малюся за іх, згадваю, якія былі людзі, лёсы… Прашу Бога, каб ён дапамог. Да таго ж жонка, дзеці — мы ўсе разам, за адно. І так прасцей, а то б не вытрымаў. Бо калі нешта аддаеш, яно павінна аднаўляцца. Інакш чалавек згасае.

Вось мне зараз 70 гадоў, хоць ніхто, па шчырасці, столькі не дае. Але ж шкада, што няма памочнікаў, якім усё гэта потым можна было б перадаць. Я, вядома, знайду. Але мне важна бачыць, што чалавек імкнецца дапамагчы гэтак жа, як і я. Тады можна будзе спакойна недзе збоку падказваць. Пакуль вось не атрымліваецца. Царкоўныя прыходзяць, дапамагаюць, але ж у іх сем’і.

Увогуле часам думаю — колькі я ўжо бачыў людзей, колькі мяне падводзілі, колькі дрэннага было, і ўсё ж — не губляеш веру ў людзей. Гэта вельмі істотна. І вы не адчайвайцеся. Я вам так скажу, усё будзе добра. Кожны дзень, пражыты на зямлі — гэта шчасце, — сцвярджае Валеры.

Рэквізіты для дапамогі праекту Валерыя Ерынкевіча «Луч Маяка»:

306869400_157638600249689_7887453242890752440_n.webp


Фота з архіву Валера Ерынкевіча