"Гавары праўду" прапануе міністэрству адукацыі стварыць Нацыянальны ўніверсітэт

Прапанова кампаніі “Гавары праўду” аб стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта агучаная пад час сустрэчы Таццяны Караткевіч і Андрэя Дзмітрыева з намеснікам камісіі Палаты прадстаўнікой па адукацыі, культуры і навуцы Наталляй Кучынскай.    



abibok.jpg

euroradio.by

Спадарыня Кучынская станоўча аднеслася да ідэі стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта. Праўда, адзначыла, што трэба прыняць да ўвагі арганізацыйны момант: ці ствараць новы ўніверсітэт, ці зрабіць гэта на базе існуючага.

Улічваючы паразуменне з уладамі наконт неабходнасці падтрымкі нацыянальнай адукацыі, Таццяна Караткевіч заявіла: “Мы заклікаем Палату прадстаўнікоў і Міністэрства адукацыі перайсці ад словаў падтрымкі да падтрымкі справай і пачаць стварэнне ў Белраусі Нацыянальнага ўніверсітэта, дзе ўся дзейнасць, як выкладчыцкая, навуковая, гэтак жа і арганізацыйная, будзе весціся па-бераруску”. 

Між тым, 12 студзеня намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык і начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная заявілі, што ў Беларусі няма праблемы атрымання сярэдняй адукацыі на беларускай мове. Разам з тым, самі ж яны адначасова кажуць пра невялікую колькасць школ, дзе ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску. У Мінску пяць гімназій і дзве школы, адна школа ў Магілёве і Гродне і адна гімназія ў Барысаве. Выходзіць, у Барнавічах, Лідзе ці Мазыры па-беларуску вывучыць дзяцей не атрымаецца. Спадарыня Пшанічная сцвярджае, што ёсць магчымасць стварэння беларускамоўных класаў у рускамоўных школах, але пры гэтым заўважае: для двух-трох вучняў такія класы не створыш, адзначае прэс-служба "Гавары праўду".

Такім чынам, мы маем наступную сітуацыю: беларускія дзеці ў сваёй большасці не маюць доступу да навучання на беларускай мове. З другога боку, бацькі не настойваюць на тым, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску. На нашую думку, прычына гэтага палягае ў тым, што ў нас вышэйшая адукацыя на беларускай мове даецца ў катастрафічна абмежаваным маштабе. Выйсце з такой сітуацыі – адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта, дзе ўсе прадметы будуць выкладацца па-беларуску.