Генпракуратура распавяла пра тэракт з дапамогай беспілотніка ў верасні. Што вядома?

Падрабязнасці заяўленага тэракту не раскрываюцца, піша telegraf.by.

kvadro2.jpeg.webp

У 2020 і 2021 гадах фіксаваліся шматлікія факты супрацьпраўнага выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА), а ў верасні 2021 года меў месца акт тэрарызму з іх ужываннем. Пра гэта паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Падрабязнасці заяўленага тэракту не раскрываюцца. Аднак 25 верасня ў сацсетках пісалі пра тое, што на базу АМАПу ў Мінску з вялікай вышыні былі скінутыя дзве пяцілітровыя ёмістасці з запальнай сумессю. Як паведамлялася, скідванне суправаджалася гучнымі выбуховымі гукамі і выбліскамі.

Сілавыя структуры раней гэтыя паведамленні не каментавалі.

Цяпер жа «ў мэтах павышэння ўзроўню бяспекі палётаў, мінімізацыі рызыкаў здзяйснення правапарушэнняў» Генеральная пракуратура прапанавала ўсталяваць нарматыўныя патрабаванні да сертыфікацыі і ўліку БПЛА і іх аператараў. Таксама прапануецца вызначыць парадак абароту БПЛА з улікам іх узлётнай масы і прызначэння выкарыстання і прадугледзець адказнасць за невыкананне патрабаванняў, якія ўводзяцца.

Нагадаем, 20 жніўня ва УУС Мінгарвыканкама заявілі, што несанкцыянаваныя палёты беспілотнікаў забароненыя. Там адзначылі, што палёты для аэрафотаздымкаў і аэрамагнітных здымкаў можна праводзіць толькі пры дазволе Генеральнага штаба Узброеных Сіл. Без яго, па словах міліцыі, — гэта «парушэнне патрабаванняў п. 95 правілаў і класіфікуецца як адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае арт. 18. 41 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях».

За яго фізасоба можа атрымаць папярэджанне або штраф да 20 базавых, а юрыдычная асоба — папярэджанне або штраф да 50 базавых, паведамілі ва УУС Мінгарвыканкама.