«Гэта вы дрэнна не жылі яшчэ!»

Напэўна кожны з нас чуў гэткае ад шматлікіх прадстаўнікоў сталага пакалення. Звычайна такое прамаўляецца з нейкім дурнаватым пачуццём псеўдагонару. Жыць дрэнна — ці варта гэтым ганарыцца? Ці павінен кожны мець такі досвед? Дый, увогуле, што гэта такое — «жыць дрэнна»?

fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg


Пачнем з таго, што адмоўны досвед у той ці іншай галіне нашага жыцця ўжо вельмі доўгі час з’яўляецца нейкім «знакам якасці». Сяргей Даўлатаў пра гэта шмат пісаў. Сапраўды, калі ў тым ці іншым асяроддзі з’яўляецца чалавек з досведам, які зусім не адпавядае гэтаму асяроддзю, то да яго адразу пачынаюць ставіцца з вялікай зацікаўленасцю! І гэта нармальна, бо ён можа распавесці нешта новае. Але калі гэта «новае невядомае» становіцца падставай да таго, што носьбіт «новага невядомага» пачынае дамінаваць над іншымі толькі таму, што ён ведаў горшае жыццё за сваіх слухачоў — то будзе бяда. Пакрысе першапачатковыя маральныя каштоўнасці пачнуць размывацца і дэвальвавацца пад моцным уплывам новага нібыта лідара. Дрэннае жыццё спачатку будзе ўспрымацца нейкім экзатычным досведам, зведаўшы які, шмат хто так у ім і застанецца. І будзе называць гэта модным словам «даўншыфцінг», не ведаючы, што гэта зусім іншае. Насамрэч гэта будзе дэградацыя...
Але вернемся да рэчаіснасці. У тым жа 2020 шмат людзей не разумела — а навошта гэтае ўсё? Выбарчая кампанія, мітынгі нейкіх кандыдатаў, подпісы збіраць — навошта? Усё ж зразумела наконт вынікаў — чаго вы тут балбаціце і жыць не даеце спакойна? Чаго вам не хапае? Гэта вы дрэнна не жылі, таму і вось... Але ж на пытанне «А як гэта «жыць дрэнна»?» амаль заўсёды я атрымліваў таямнічы адказ: «Як мы жылі раней!»
Дзіўна, але ў далейшай размове з’яўлялася нешта ўжо зусім іншае: «Дзяды і бацькі нашыя так жылі! Чаму нам нешта новае патрэбна?» Вось такі цікавы дысананс атрымліваецца! Раней было дрэнна, але навошта іншае? Нацыянальны від спорту — Выжыванне. Упэўнены, што беларусы ў міравых спаборніцтвах у гэтай дысцыпліне штогод бралі б залатыя медалі ці дзялілі б першае і другое месца з Паўночнай Карэяй.
Чаму досвед у «дрэнным жыцці» ўсё ж з’яўляецца нейкім маркерам годнасці? Можа таму, што тыя, хто ўзгадвае пра гэта, жадаюць неяк апраўдацца перад самімі сабой у тым, што жыццё пражываецца зусім не так, як спачатку марылася? Не, для ўсіх яны ў «шакаладзе» — кватэра, лецішча (ніхто з іх не ведае што гэта «дача»), машына, закаткі ўвосень і гэтак далей. Звычайны такі сусвецік. Утульны. А гэтыя вашыя «свабоды» і «выбары»... Не, яны на «выбары» ходзяць! Гэта ж магчымасць адчуць сябе Грамадзянінам Дзяржавы! Рабіць выгляд, што нешта вырашаюць. Але калі ім распавядаеш, што яны толькі дрэнныя акцёры ў заштатнай пастаноўцы — вельмі злуюцца. Сусвецік кватэры з дыванамі і закаткамі адразу пачынае нагадваць, што любыя перамены могуць у іх гэта ўсё адабраць! Як? Не пытайцеся ў мяне — я не ведаю. Гэта яны неяк самі сабе ў галаву ўцямілі — без існуючага рэжыму ўсё разам знікне! Закаткі, дываны, канапы ўтульныя і тэлевізар з радаснымі навінамі (апошняе дакладна знікне, тут без варыянтаў) — і вось настане тое самае «дрэннае жыццё», ад якога яны дагэтуль досыць добра ўцякалі.
Але ж ці існавала ўвогуле тое «дрэннае жыццё», пра якое нам ужо які год улады так упэўнена кажуць у спічах пра тое, што ўсяго «заставалася на тры дні»? Магчыма так і было, я дакладна не ведаю. Памятаю, што напрыканцы 90-х вучнем школы прыходзілася ўзнімацца а 6-й раніцы, каб заняць чаргу ў краму за хлебам, але гэта было літаральна менш за паўгады. Добра памятаю як узімку стаялі пад крамай па хлеб, але ў гэтых чэргах будавалася тое, што выходзіла на вуліцы ў 2000-х, бо размовы там былі...Ух!
Я памятаю і іншыя чэргі! Ля майго дому была кропка гуказапісу — аддаеш касету з замовай і праз колькі часу атрымліваеш яе з гэтым самым запісам. Было такое, шмат хто гэта памятае. Дык вось аднойчы ў гэтую кропку не падвезлі замовы ў пазначаны час. Народу сабралася... Чалавек пад 100. Я тады ніколі не ведаў, што ў нас на раёне столькі аматараў музыкі. У гэтай студзеньскай чарзе мы прастаялі каля трох гадзін. Уявіце сабе зараз! Каб атрымаць касету з жаданым запісам людзі стаялі там больш за тры гадзіны на студзеньскім марозе і ніхто з іх не сварыўся, не лямантаваў. Мы чакалі кожны сваё і на гэтай падставе неяк так аб’ядналіся. Спачатку былі спрэчкі пра гітару Блэкмара, потым аб вакале Хэтфілда і гэтак далей… Гэта быў адзін з найлепшых вечароў у маім жыцці, насамрэч, хаця я потым ад холаду ног не адчувай да ранку. Зараз у вядомых будынках гэта называюць «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Таму і амаль няма зараз чэргаў, бо кожная з іх хутка мусіць стацца такім вось фармаваннем.
Цікава, але тыя, хто кажа пра «гэта вы дрэнна не жылі» і потым пра «дзядоў і бацькоў», упэўнена карыстаюцца туалетнай паперай, інтэрнэтам і іншымі «неверагоднымі дасягненнямі»! А калі ім кажаш, што іх дзяды карысталіся парэшткамі газетаў ці ўвогуле лапухом — злуюцца і кажуць, што гэта іншае... Ага, ну няхай так. Але ж у іх вачах можна пабачыць збянтэжанасць і пачатак разумення, што можа так і ёсць. Чамусьці глядзяць яны навіны па тэлевізару «SONY» ці «Samsung», ціха адмаўляючыся ад «Гарызонта». На пытанне «чаму?» не адказваюць, а толькі матам лаюцца. З чаго бы?
«Indesit» індэзіць і добра! Менавіта гэта мусіць быць дзяржаўнай ідэалогіяй, якую так доўга шукаюць дзяржаўныя дзядзькі з нядрэннай зарплатай? Дзеля ўнутранага спажывання досыць добра падыходзіць. Лядоўня пакуль адпавядае тэлевізару, бо ёсць жа сваякі ў вёсцы, паўкабана і ўсё гэткае. Жывём! Але ж пасля любой п’янкі заўсёды надыходзіць пахмелле і яно ў гэты раз будзе досыць цяжкае. Бо так заўсёды. Чымсьці даўжэйшае свята — тым больш горкі і балючы світанак. Але ці ж мы «дрэнна не жылі»?
Гэтае намаганне спраецыраваць асабісты адмоўны досвед на свае атачэнне вельмі раз’юшвае. Ну як так? Вы сапраўды хочаце сваёй долі сваім жа дзецям? Вы хочаце, каб яны таксама як і вы, пакорна хадзілі на тыя ж выбары і разумелі, што ад іх нічога не залежыць? Каб яны адчувалі сябе чучалам з пашпартам? Каб пра годнасць яны чыталі толькі ў падручніках для пачатковай школы і толькі тое, што тычыцца піянераў ды іншых Паўлікаў Марозавых?
Няўжо мы павінны нейкі час «жыць дрэнна» каб больш не жадаць так жыць? Няўжо адмоўны досвед павінны ўкараніцца літаральна ў кожным, каб мы зразумелі, што ТАК ЖЫЦЬ НЕЛЬГА?
Няўжо дзеля таго, каб мы прачнуліся, павінны памерці хтосьці яшчэ і не адзіны?Няўжо...
Хутчэй за ўсё на ўсе гэтыя пытанні мы сёння атрымаем станоўчы адказ. Чаму? Спытаемся ў сябе.