Гісторыка Ігара Кузняцова пачалі судзіць за рэпосты па 17 заявах у міліцыю. Яго звольнілі з БДУ
27 кастрычніка ў дачыненні да гісторыка, даследчыка масавых рэпрэсій Ігара Кузняцова пачаўся суд за рэпосты ў сацыяльных сетках паводле артыкула 19.11 КаАП. У той жа дзень Кузняцова звольнілі з БДУ — не працягнулі кантракт пасля 23 гадоў працы, піша «Свабода».
За 1,5 месяца грамадзянін Прохараў напісаў на Кузняцова 17
заяў
Паводле кандыдата гістарычных навук, дацэнта БДУ Ігара Кузняцова, адзін неабыякавы грамадзянін па прозвішчы Прохараў за паўтара месяца напісаў на навукоўца 17 заяў у міліцыю.
«Заявы на мяне розныя — пачынаючы ад рэабілітацыі нацызму да
процьмы рэпостаў.
Першая заява — калі я рэпосціў вядомае фота, дзе група
воінаў трымае павержаны нацысцкі сцяг. Прохараў напісаў, што Кузняцоў
прапаведуе нацызм. І другое — нібыта я рэпосціў нейкі матэрыял "Бел***а".
Участковы апытаў мяне па першым эпізодзе. Ясная справа, там
нічога не было. Але грамадзянін Прохараў напісаў скаргу вышэй — што, маўляў,
участковы не толькі праяўляе лаяльнасць, а ўступіў у злачынную змову з Кузняцовым,
каб той пазбег адказнасці паводле артыкула 19.11», — расказаў навуковец.
Паколькі тэрмін разгляду спраў па першых заявах Прохарава
скончыўся, той 3 кастрычніка напісаў на даследчыка яшчэ 6 заяў: што «Кузняцоў
рабіў рэпосты з сайтаў "Бел***а" і T**.by"».
«Але ўсе матэрыялы, якія я рэпосціў, былі выключна па
гісторыі, адукацыі, пра ЕС, быў выступ прэзідэнта Польшчы. То-бок па
змесце там нічога экстрэмісцкага няма. Але паколькі яны былі размешчаныя на
такіх сайтах, у міліцыі склалі пратакол і накіравалі ў суд Савецкага раёна», —
тлумачыць Ігар Кузняцоў.
Суд доўжыўся 1 хвіліну, справу накіравалі на дапрацоўку
27 кастрычніка адбылося судовае пасяджэнне, якое цягнулася роўна адну хвіліну. Суддзя адразу паведаміла, што матэрыялы накіраваныя на дапрацоўку ў Савецкае РУУС.
Ігар Кузняцоў сцвярджае, што Прохараў — чалавек рэальны і
піша скаргі рэгулярна.
Калі навуковец напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што
«Прохараў А.А. з'яўляецца інфарматарам», і папярэдзіў, каб людзі «былі пільнымі
і асцярожнымі», грамадзянін Прохараў А.А. падаў чарговую скаргу ў РУУС, каб
Кузняцова прыцягнулі ўжо да крымінальнай адказнасці.
«Прохараў напісаў, што я яго пакрыўдзіў і назваў
інфарматарам, а таксама выклаў персанальныя даныя гэтага Прохарава. Хоць
акрамя прозвішча і ініцыялаў там нічога не было.
Дарэчы, пасля таго, як на "Свабодзе" ў жніўні 2021 года мы
аналізавалі званкі, якія паступілі ў міліцыю летась, Прохараў таксама накатаў
заяву, і там была цікавая фармулёўка: "Кузняцоў аналізуе базу 102, а я
з'яўляюся індывідуальным прадпрымальнікам і баюся, што пацерпіць мой бізнэс".
Прычым гэты Прохараў піша заявы не толькі на мяне. Таму я быў вымушаны
звярнуцца да адваката», — кажа Ігар Кузняцоў.
Пакуль невядома, калі адбудуцца наступныя судовыя
пасяджэнні па скаргах Прохарава.
Пасля 23 гадоў працы БДУ не працягнуў кантракт з дацэнтам Кузняцовым
У той жа дзень, калі адбыўся першы суд, Ігар Кузняцоў
забраў сваю працоўную кніжку з БДУ, дзе адпрацаваў 23 гады. Фармальная прычына
— з ім не працягнулі кантракт.
Паколькі Кузняцоў дасягнуў пенсійнага ўзросту, кантракт
заключаўся на 1 год. Такі парадак.
Спадар Кузняцоў расказаў, што ціск на яго пачаўся яшчэ ў
чэрвені, пасля шматлікіх публікацый Мукавозчыка ў «СБ — Беларусь сегодня», а
таксама пасля таго, як навуковец даў некалькі інтэрв'ю да дня пачатку вайны.
28 чэрвеня яго выклікала дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Алена
Дастанка і запатрабавала напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні.
«Я катэгарычна адмовіўся. Пасля мне заявілі, што кантракт
будзе разарваны датэрмінова. Я адказаў: "Назавіце прычыну". Не знайшлі, да чаго
дачапіцца. І вось дачакаліся заканчэння кантракта — 27 кастрычніка.
Калі я звярнуўся да рэктара з просьбай пракаментаваць, чаму
кантракт са мной не будзе працягнуты, я атрымаў адказ, што, маўляў, "у сувязі з
рэарганізацыяй, скарачэннем аднаго з вашых курсаў (а ён складае 5% нагрузкі
выкладчыка на год) і пераразмеркаваннем нагрузкі кантракт з вамі працягнуты
не будзе"», — кажа гісторык.
Усе фармальныя адказы і адмовы супярэчаць Калектыўнай дамове
БДУ
Спадар Кузняцоў звярнуўся і ў камісію па працоўных спрэчках пры прафкаме БДУ. І здарыўся рэдкі выпадак: бакі не прыйшлі да згоды. Прафкам выказаўся супраць звальнення, а адміністрацыя — за звальненне.
«То-бок прафкам, па сутнасці, стаў на мой бок з адной
простай прычыны: ёсць юрыдычны дакумент — Калектыўная дамова калектыву БДУ і
адміністрацыі, і там ёсць пункт 3.1.9. Калі супрацоўнік БДУ добрасумленна
працуе, цягам года не мае спагнанняў, кантракт з ім працягваецца на максімальны
тэрмін. То-бок усе фармальныя адказы і адмовы супярэчаць Калектыўнай дамове», —
кажа Ігар Кузняцоў.
120 выдадзеных кніг і высокія рэйтынгі
За 23 гады працы на кафедры дыпламатыі і консульскай службы факультэта міжнародных адносін БДУ дацэнт Ігар Кузняцоў выдаў каля 120 кніг, з іх 67 — гэта падручнікі, вучэбныя і вучэбна-метадычныя дапаможнікі. У штогадовым рэйтынгу выкладчыкаў БДУ, дзе ўлічваюцца розныя віды дзейнасці, у тым ліку і навуковая, колькасць публікацый, у Кузняцова дастаткова высокія пазіцыі.
«З 2500 выкладчыкаў я ў гэтым рэйтынгу займаў 92 радок, то-бок уваходзіў у першую сотню лепшых. На факультэце міжнародных адносін каля 300 выкладчыкаў. У мяне 13-я пазіцыя. Ёсць яшчэ такі крытэр: цытаванне ў "Google Scholar" — колькі навукоўца, выкладчыка цытуюць. У мяне паказчык — 32. Наколькі я ведаю, нават у вядучых выкладчыкаў, загадчыкаў кафедр нашага факультэта самы высокі паказчык — ад 8 да 10. То-бок па ўсіх паказчыках я ўсе 23 гады знаходзіўся наперадзе. Аднак мне не прапанавалі нават 0,25 стаўкі ці працаваць "пагадзіннікам"», — кажа Ігар Кузняцоў.