Хочацца свята — выдумай яго! У Мінску адзначаць неіснуючы дзень неіснуючай рэспублікі

Я разумею, што ў гэтыя складаныя часы ўсім хочацца святаў. Але ж не так цынічна, звальваючы ўсё ў адну кучу, якая, да таго ж, дрэнна пахне.

ba44c0638d9964f283be33e99551873f.jpg


Міжнародны Фонд сацыяльнай і эканамічнай падтрымкі дзеячаў культуры і мастацтваў народнага артыста Уладзіміра Гасцюхіна, сацыяльна-культурны цэнтр «Крымскае зямляцтва ў Рэспубліцы Беларусь» і «фонд Рассупрацоўніцтва» запрашаюць на вельмі пацешнае мерапрыемства. 20 студзеня ў Доме Масквы ў Мінску праводзіцца Дзень Крыма з узнагароджаннем сямейных пар медалём у гонар Святых Пятра і Фяўронні «За любоў і вернасць».

У Мінску. Дзень Крыма. З уручэннем медалёў. Дзіўна?

Цікава, чаму Дзень Крыма адзначаецца ў беларускай сталіцы, а не ў самім Крыме? Верагодна, таму, што яго святкаванне на тэрыторыі адціснутага Расіяй ва Украіны паўвострава выкліча некаторае здзіўленне.

Як гаворыцца ў прэс-рэлізе, «Дзень Рэспублікі Крым — дзяржаўнае свята, якое адзначаецца ў Крыме з 2009 года». Тут адразу ж узнікае багата пытанняў.

Калі гэта свята з 2009 года, то значыць, яно было заснавана яшчэ ва Украіне. Гэта значыць, тымі самымі «нацыстамі» і «бандэраўцамі», супраць якіх Расія цяпер праводзіць сваю «спецыяльную аперацыю». Па ідэі, свята павінна быць «варожым», і праводзіць яго ў Крыме — значыць, падрываць асновы ідэалогіі той самай расійскай «спецаперацыі», калі не ўсёй дзяржавы расійскай.

Варта таксама адзначыць, што ў 2009 годзе ніякай «Рэспублікі Крым» не існавала зусім — не існуе і цяпер. «Рэспубліка Крым» была абвешчана ў выніку «рэферэндуму» пад рулямі аўтаматаў расійскіх «іхтамнетаў», «зялёных чалавечкаў» і іншых «ветлівых людзей» 18 сакавіка 2014 года. А да гэтага часу яна была — і юрыдычна застаецца — Аўтаномнай Рэспублікай Крым у складзе Украіны.

Застаецца таму, што далучэнне Крыма да Расійскай Федэрацыі не атрымала міжнароднага прызнання: у дакументах ААН і заканадаўстве Украіны заяўленая Расіяй тэрыторыя рэспублікі разглядаецца як часова акупаваная расійскімі ўзброенымі сіламі тая самая Аўтаномная Рэспубліка Крым.

У наяўнасці — падмена паняццяў і ашуканства. Нас спрабуюць пераканаць, што з 2009 года існавала «Рэспубліка Крым», у якой, нібыта, было свята.

Прыкладна такая ж цікавостка з узнагароджаннем сямейных пар медалём ў гонар Святых Пятра і Фяўронні «За любоў і вернасць».

У 2008 годзе Міжрэлігійны савет Расіі заснаваў Дзень сям'і, любові і вернасці. Зроблена гэта было на злосць «варожаму» Дню Святога Валянціна. Маўляў, дзень Валянціна спаскуджаны заходнім спажываннем, і яшчэ невядома, каго той святы вянчаў: можа, і геяў. А Расіі патрэбны свой, спрадвечны дзень закаханых. Тэрмінова на свет раскапалі легенду пра Пятра і Фяўронню і стварылі «айчынны аналаг» дня закаханых.

Толькі вось няўвязачка: «імпартазамяшчальны» Дзень закаханых адзначаецца 8 ліпеня. Пры чым тут студзень і Крым?

Ды не пры чым.

Арганізатараў можна дзесьці нават зразумець. Ва ўмовах, калі Расія зрабілася выключна таксічнай з-за ўварвання ва Украіну, ніхто не хоча мець з ёй спраў — у тым ліку і праводзіць сумесныя мерапрыемствы. Аднак грошы пад гэтыя мерапрыемствы існуюць і былі закладзены ў расійскі бюджэт яшчэ да ўварвання. Закладзены, але пакуль не засвоены па вышэй прыведзенай прычыне. А фінансавы год, тым часам, заканчваецца, і калі на рахунках утвараюцца якія-небудзь рэшткі, фінансаванне на наступны год могуць зрэзаць — а гэтага нікому не трэба.

І свята хочацца, дык чаму б яго не зладзіць? Памятаеце, як Жорж Міласлаўскі адказаў на пытанне домакіраўніка Івана Буншы «Хто будзе аплачваць гэты банкет?» — «Ва ўсялякім разе, не мы».

Цікавае мерапрыемства з «Рэспублікай Крым» дзіўна праводзіцца ў Беларусі. Пры тым што Беларусь дэ-юрэ Крым расійскім яшчэ не прызнала. Так, Лукашэнка казаў, што паўвостраў «дэ-факта» расійскі, аднак у той жа час і казаў, што прызнання Крыма не будзе, пакуль ён не выправіцца туды з афіцыйным візітам. І не паехаў, хоць яго туды настойліва запрашалі.

А наогул гэта, вядома, чарговая спроба замазаць беларусаў у «рускім міры», і на месцы «ўзнагароджаных» ордэнам Пятра і Фяўронні я б тройчы падумаў, хадзіць туды ці не. Уручэнне ордэнаў «За любоў і вернасць» адначасова са святкаваннем дня захопленай і згвалтаванай рускімі АРК — гэта само па сабе гучыць цынічна. А ўжо калі прыняць іх... Дык пасля можна ў Крым і не трапіць наогул — як памагатым той самай анексіі.

Гэта ў лепшым выпадку. А ў горшым за гэта дапамаганне і перад судом можна апынуцца.