Гомельскі блогер не будзе пакараны за відэасюжэт пра бязмежжа чыноўнікаў
Гомельскі блогер Арцём Шапараў не будзе пакараны за свой відэасюжэт пра бязмежжа чыноўнікаў ад адукацыі. У роліку быў калаж на дырэктара школы, на якім быў ваенны кіцель, візуальна падобны на форму афіцэра СС.

Праваахоўнікі спынілі адміністрацыйны працэс па прычыне заканчэння тэрмінаў прыцягнення да адказнасці.
Арцём Шапараў адзначае, што такая фармулёўка міліцыянтаў пакідае дваістыя ўражанні:
— Справа ў дачыненні да мяне спынена, гэта добра, адзінае што, я незадаволены самой матывіроўкай: проста па тэрмінах даўнасці. Я ўпэўнены, што не вінаваты, і магу гэта патлумачыць з гледзішча заканадаўства. Артыкул 17.10 разглядае распаўсюд нацысцкай сімволікі і дакладна прапісана, што менавіта з’яўляецца нацысцкай сімволікай. Гэта сцяг, вымпел, нагрудны знак і гальштук НСДАП. Тое, што там ёсць, гэта форма СС. У артыкуле 17.10, ці ў нейкім іншым артыкуле, пра распаўсюд нацысцкай сімволікі пра гэта нічога не сказана.
Гамяльчук Арцём Шапараў стаў вядомым дзякуючы сваім сацыяльным ролікам. Адзін з найбольш рэзанансных матэрыялаў быў прысвечаны праблеме так званых сацыяльна небяспечных сем’яў, калі чыноўнікі пры жаданні могуць паставіць на ўлік любую сям’ю.
Блогер асвятляў сітуацыю маці-адзіночкі Антаніны Шайнюк, якая выхоўвае чатырох дзяцей. У маі гэтага года дырэктар школы №3 Ніна Старажэнка пагражала маці адабраннем дзяцей, калі яна не пераклеіць шпалеры і не прыбярэ з кватэры хворага на анкалогію сабаку.