Грамадскае аб’яднанне «Беларуская жаночая ліга» адзначае 20 гадоў жаночай актыўнасці

Гендэрныя праграмы многіх партый пісаліся яшчэ ў 90-я гады, і яны ўстарэлі. У састарэлых  праграмах – арыентацыя на традыцыйныя каштоўнасці, фактычна жанчыне адводзіцца галоўная роля на кухні і дзіцячым пакоі.

img_0861_logo.jpg

30 чэрвеня кіраўнік Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская вітала актыўных жанчын, якія займаюцца палітычнай, грамадскай і сацыяльна-культурнай дзейнасцю на працягу многіх гадоў. На сустрэчы прысутнічалі 25 чалавек з розных рэгіёнаў рэспублікі.

Беларуская жаночая ліга з’яўляецца зарэгістраванай рэспубліканскай арганізацыяй, якая прымае ўдзел у розных праектах.  Была заснавана ў 1998 годзе з мэтай аб’яднання жанчын для выканання законных грамадзянскіх, сацыяльных і культурных інтарэсаў. Тады ініцыятыву нараджэння новай жаночай арганізацыі падтрымалі, у асноўным, актывісткі БСДП, жонкі актывістаў партыі, калегі Стужынскай з Інстытута гісторыі АН Беларусі і проста жанчыны, якім спадабалася ідэя арганізацыі жаночай салідарнай групы.

Нашай галоўнай задачай у тыя часы было стымуляванне грамадскай актыўнасці жанчын ва ўмовах недэмакратычнай дзяржавы і гендэрнай няроўнасці, — гаворыць старшыня Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская.

Сярод дасягненняў БЖЛ — стварэнне сваіх структур у 23 гарадах і мястэчках, дапамога сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва, адукацыйныя і мабілізацыйныя праекты па стварэнню грамадскага грамадства. У сваёй дзейнасці жанчыны не абмяжоўваліся сацыяльна-культурніцкай дзейнасцю.

img_0869_1_logo.jpg

Тэмамі семінараў і канферэнцый былі “Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў 20-м стагоддзі”, “Трагедыя таталітарных грамадстваў”, “Выбіраем будучыню для дзяцей і ўнукаў”, “Жаночы парламент”. Паспяхова ажыццёўлены праект “Гісторыя, якой няма ў падручніках”. Дарэчы, папулярызацыі сапраўднай нацыянальнай гісторыі арганізацыя прысвяціла больш за 10 праектаў. Мнагалюдныя канферэнцыі, семінары і выставы прысвячаліся тэмам, якія былі выкінуты за межы афіцыйнай гістарыяграфіі. Двухгадовая кампанія “Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў 20-м стагоддзі” закранула вялікую групу забытых людзей. Успаміны былых вязняў сталінскіх лагераў былі выданы асобнай кнігай “Боль людская”. Дзякуючы папулярызацыі гісторыі вызваленчага нацыянальнагу руху “Беларускі рэзістанс” з’явілася магчымасць пазнаёміць грамадскасць гісторыяй антысавецкага супраціву і ўпершыню надрукаваць сакрэтныя матэрыялы. Вялікая ўвага ў арганізацыі надавалася і гендэрнаму накірунку, папулярызацыі паспяховага досведу жанчын іншых краін у палітыцы, удзелу ў аздараўленчых міжнародных праектах. Сур’ёзная праца па праекту супраць раку малочнай залозы знайшла падтрымку як сярод насельнітва, так і дактароў-анколагаў.

Зразумела, што не ўсё ўдалося ажыццявіць, што задумалі, — гаварыла ў сваім выступе Ніна Стужынская. — за 20 гадоў пагублялі многіх актывістаў, але захаваўся актыўны жаночы асяродак. 20 гадоў шмат у чалавечым жыцці. Што далей? Патрэбна абмеркаваць, якімі мы бачым перспектывы заўтрашняга дня і распрацаваць праграму дзейнасці на наступныя гады.

Надзея Ефімава, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры сацыяльнай камунікацыі БДУ прадставіла прысутным сваё даследаванне на тэму “ Удзел жанчын у дэмакратычнай палітыцы”. Цікава, што для даследвання былі выбраны 12 найбольш вядомых палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Даследваліся колькасць жанчын у арганізацыях дэмакратычнай накіраванасці і іх кіраўнічых органах, наяўнасць гендэрнай тэматыкі ў праграмах.

Высветлілася, што колькасць жанчын у партыях складае ад 20 да 50 адсоткаў ад агульнай колькасці сябраў. Жанчыны-кіраўніцы — толькі ў партый “Зялёных” і “Надзея”, у грамадскіх арганізацыях “Наш дом” і “Гавары праўду “. Тым не менш шмат жанчын, якія з’яўляюцца вядомымі і яркімі лідарамі, і на працягу многіх гадоў удзельнічаюць у партыйнай дзейнасці. 2 жанчыны ад дэмакратычных арганізацый трапілі ў парламент.

Згодна даследванню, у параўнанні з 2014 у 2017 годзе баланс паміж жанчынамі і мужчынамі ва ўдзеле ў партыях не змяніўся, але дзейнасць жанчын стала больш прафесійнай. У 2016 годзе 42 жанчыны былі зарэгістраваны кандыдатамі ад 8 партый і грамадскіх арганізацый дэмакратычнай накіраванасці ў парламент. (вылучалася больш).

Дарэчы, ніякіх прэферэнцый у выглядзе рэсурсаў для выбарчай кампаніі жанчыны не атрымлівалі. (У партыях многіх краін для жанчын ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы для ўдзелу ў палітычным жыцці – у сувязі з загружанасцю ў сям’і).

Гендэрныя праграмы многіх партый пісаліся яшчэ ў 90-я гады, і яны ўстарэлі. У састарэлых  праграмах – арыентацыя на традыцыйныя каштоўнасці, фактычна жанчыне адводзіцца галоўная роля на кухні і дзіцячым пакоі (БХД, партыя БНФ). Дарэчы, 20 гадоў назад гендэрная няроўнасць выглядала як натуральны парадак рэчаў. Зараз жа выглядае як прыкмета адсталасці грамадства.

Адзначаны ў даследванні і дэфіцыт маладых кадраў – маладых жанчын у дэмакратычным руху. Маладых вабіць не палітыка, а валанцёрства, сацыяльная дзейнасць, культурная тэматыка, новыя ідэі.

img_0866_logo.jpg


Пасля дакладу паміж удзельнікамі разгарнулася дыскусія аб становішчы дэмакратычных партый:

Ніна Стужынская: “Знешні гвалт вядзе за сабой унутраны гвалт. Улада імітуе выбары, дэмакратычныя партыі таксама імітуюць выбары. Дэмакратычныя партыі я б параўнала з партызанскім лагерам. Канстытуцыя — закон, але спрацоўвае камандзірскі загад”.

Таццяна Процька: “Гэта праблема ўсяго грамадства. Усе партыі ствараюцца, каб змяніць грамадства, якое нельга пачапаць і ўкусіць. Мы павінны самі быць адукаванымі, прыгожымі, прыкладам для насельніцтва ва ўсіх справах. Грамадства — гэта  мы самі. Самаадукоўвацца, самаразвівацца, змяняць  сябе і навакольнае асяроддзе”.

Трафімава Таццяна: “Страх, няпэўненасць характэрны для ўсіх у Беларусі. Пераадолець страх, няпэўненасць, стварыць пазітыў – задача для нас. Трэба быць перакананымі, што ты праў. Патрэбна дэманстрацыя ўпэўненасці ў асабістым жыцці”.

Валянціна Болбат: “Расчаравана ў палітычных партыях, яны для мяне страшней, чым вертыкаль. Бо чыноўніку магу напісаць зварот і атрымаць адказ па сутнасці пытання. Трэба працаваць з людзьмі і выйсці з замкнутага гетта.

Учора зрабілі вялікае свята ў Верхнедзвінску. Паўдзельнічалі ў акцыі “Добры сусед”. Садзім дрэвы каля дома ў мікрараёне. Далучылі дэпутата. Выкашана, прыбрана,  зрабілі домікі для птушак, паклалі асфальт каля дома. Прыцягнута шмат людзей, якія цікавяцца месцам пражывання.Малыя справы робяцца, і яны будуць рабіцца”.

Клуб жаночага лідарства, які дзейнічае ў Магілёве, развівае лідарскі патэнцыял актыўных жанчын у рэгіёнах і дапамагае ім вучыцца. Прыцягнуць жыхароў кожнага горада да вырашэння мясцовых праблем КЖЛ імкнецца не толькі ў Магілёве, але і ў Бабруйску, Шклове, Горках.

img_0870_logo.jpg


Клуб дзелавых жанчын “Бона” ў Кобрыне супрацоўнічае з БЖЛ на працягу 13 гадоў. З кожным годам актыўнасць клуба павялічваецца. Сапежынская Ала, якая ўзначальвае клуб, распавяла пра розныя формы дзейнасці зарэгістраванай грамадскай арганізацыі. Трэнінгі, лекцыі, інфармацыйныя сустрэчы, ток-шоу, “Форум-тэатр”, дзейнічае ўніверсітэт “Залаты ўзрост”, краязнаўчая секцыя “Карані і крона”. Распрацоўка настольнай гульні “Не — сучаснаму рабству” (першая ў Беларусі) накіравана на супрацьдзеянне гандлю людзьмі.   Клуб праводзіць адукацыйныя семінары для педагогаў школ раёна і горада, распрацаваў метадычныя дапаможнікі для гендэрна-адчувальных настаўнікаў.

Гендэрная тэма у сёлах — незааранае поле, — гаворыць Ала Сапежынская. —  У многіх сельскіх школах настаўнікі варожа ставяцца да гендэрнай тэматыкі. Ёсць дзяржаўныя праграмы па гендэрнай няроўнасці, пра якія настаўнікі нават не чулі. Толькі у адной школе Кобрынскага раёна быў факультатыў па тэме. Нават у школьным узросце ў школьнікаў ужо выпрацаваны стэрэатыпы.

Дзейнасць Кобрынскага жаночага клуба настолькі шматгранная, што яе мерапрымствы цяжка пералічыць. Тут і культурніцкая, і экалагічная, і валанцёрская дзейнасць. Валанцёры садзяць лес, удзельнічаюць у розных фестывалях, абмяркоўваюць праблему веладарожкі ў горадзе на тэму “Чаму трэба перасесці на ровар”. Паспяховай дзейнасці арганізацыі садзейнічае пазітыўнае стаўленне да грамадскай актыўнасці з боку мясцовых улад.

Напрыканцы сустрэчы высветлілася, што накірункі дзейнасці БЖЛ і найдалей будуць рознабаковымі. Гэта павінна быць і культурна-асветніцкая, і сацыяльная-эканамічная, і грамадска-палітычная дзейнасць.