Гродзенцу Юрыю Панасюку «за абразу» кіраўніка Беларусі прысудзілі 2 гады абмежавання волі
Крымінальнай справы Юрыя Панасюка магло не быць увогуле. Фармальна ён парушыў заканадаўства, але ж маглі абмежавацца папярэджаннем. Асабліва ўлічваючы тое, што Панасюк выдаліў свой допіс і тое, што ён мае пэўныя праблемы са здароўем.
23 снежня суд Ленінскага раёна Гродна на закрытым пасяджэнні абвясціў прысуд Юрыю Панасюку — паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу яму прысудзілі два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Гэта так званая "хатняя хімія".
Панасюка абвінавацілі ў тым, што з 2 па 26 ліпеня 2020 года ён на сваёй старонцы ВКонтакте, якая знаходзіцца ў вольным доступе для іншых карыстальнікаў сеткі, «размясціў выявы, якія змяшчаюць негатыўную ацэнку» Лукашэнкі, «якая мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання», чым і «публічна абразіў» беларускага кіраўніка.
Панасюка не бралі пад варту, ён быў увесь час волі. Яго дапытвалі ў Следчым камітэце і Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Юрый сцвярджаў, што яго ў кастрычніку прызналі абмежавана разумным на псіхіятрычнай экспертызе ў лячэбным прыватным унітарным прадпрыемстве «Рэзервовыя магчымасці чалавека» ў Мінску. Са студзеня 2020 года яго прызналі інвалідам трэцяй групы пасля агляду ў Гродзенскім абласным клінічным цэнтры «Псіхіятрыя-наркалогія».
Крымінальнай справы Юрыя Панасюка магло не быць увогуле. Фармальна ён парушыў заканадаўства, але органы, якія чамусьці вельмі выбарча і мэтна палітычна вядуць маніторынг сацсетак, маглі абмежавацца папярэджаннем. Асабліва ўлічваючы тое, што Панасюк выдаліў свой допіс і тое, што ён мае пэўныя праблемы са здароўем. Што датычыць прысуду, то ён выглядае занадта жорсткім — калі браць пад увагу ўсе акалічнасці, суд мог бы вызначыць мінімальнае пакаранне, прыкладам, невялікі штраф.
Паводле spring96.org