Ад Замкавай да Віленскай. Першы аўдыёгід для шпацыру па былым гета стварылі ў Гродне

Гродзенскія студэнты распрацавалі першы ў Гродне аўдыёгід для самастойнага гарадскога шпацыру. Гэта экскурсія па гета № 1. Каб яе прайсці, патрэбны толькі інтэрнэт: маршрут прывязаны да сучаснай карты горада, у кожнай кропцы можна праслухаць аўдыё пра гэтае месца і паглядзець тэматычныя фота, піша hrodna.life.

geta_nv_25_12_20_08_1_1024x768.jpg

Аўдыёгід «Арыенціры гета» распрацавалі студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы і медыцынскага ўніверсітэта ў межах міжнароднага праекта «Вымяраючы гета». Моладзь з Беларусі, Украіны і Малдовы вывучалі гісторыю гета ў сваіх гарадах і шукалі спосабы пазнаёміць з ёй землякоў. У Гродне ў час вайны было два гета, але пра другое вядома вельмі мала. З гета № 1 жа звязана шмат гісторый. Яго і абралі гродзенскія студэнты для свайго праекта.

Карта для самастойных шпацыраў і падкасты

Да анлайн-карты прывязаны 12 кропак ад вуліцы Замкавай, уздоўж Вялікай Траецкай і да Віленскай. У кожнай кропцы можна спыніцца і паслухаць гісторыю, звязаную з пэўным будынкам. На старонцы з картай да кропак дапасуюцца таксама тэкст і тагачасныя і сучасныя фотаздымкі, план гета. Праект дае магчымасць прайсці экскурсію самастойна, без экскурсавода, ці нават не выходзячы з дому. Гэта досыць своечасова з улікам пандэміі каранавірусу і патрэбы змяншаць сацыяльныя кантакты і трымацца самаізаляцыі. Аўдыёзапісы можна слухаць таксама як падкасты з платформы Soundcloud.
У тэкстах экскурсіі пераплецены асабістыя гісторыі вязняў гета і гістарычныя факты: асаблівасці побыту, заробкі, спосабы выжывання. Ёсць старонкі пра сінагогу, якая была пунктам збору перад вывазам жыхароў гета на смерць, Фару Вітаўта, дзе захоўвалі адабраныя ў яўрэяў рэчы, скарб, які знайшлі ў адным з дамоў у 2018 годзе.
Карта арыентаваная ў тым ліку і на школьныя экскурсіі, мусіць дапамагчы ў працы настаўнікам. Каманду стваральнікаў кансультавала экспертка ў галіне методыкі выкладання Халакосту Іна Соркіна. Праект пакажуць дзевяцікласнікам у гродзенскіх гімназіях. Распрацоўкай студэнтаў змогуць карыстацца і гродзенскія музеі. Ёсць ідэя таксама размяшчаць QR-коды са спасылкамі на розныя моўныя версіі гіда.
«Па сутнасці, вам патрэбны толькі інтэрнэт. Вы прыходзіце на месца, адкрываеце карту, да кожнай кропкі прымацаваны аўдыёфайл, там жа тэкст і фота», — кажа Ліза Зайцава, каардынатарка праекта.
Экскурсія на агульным сайце праекта «Вымяраючы гета» ўжо даступная на беларускай, рускай і англійскай мовах. Ідзе праца над перакладам на нямецкую і польскую.

Нагадваць, што ёсць злачынствы без тэрміну даўнасці

Працуючы над праектам, аўтары хацелі зноў узняць праблему Халакосту перад гараджанамі і наведнікамі Гродна і нагадаць усім пра злачынствы, якія не маюць тэрміну даўнасці.
«Зразумела, што на чужых памылках ніхто не вучыцца, але мы ўсё адно мусім гаварыць пра гэтыя памылкі», — перакананая Ліза.
«Калі ідзе гаворка пра вайну, асабліва на постсавецкай прасторы, пераважна вядзецца пра салдата, яго гераізм для фармавання гонару за дзяржаву, продкаў і гэтак далей, — тлумачыць яна. — Нямногія любяць успамінаць цёмныя, крывавыя моманты. Гета — і гета, але мала гродзенцаў ведаюць, у якой форме і якім маштабе гэта было. Лічбы загінулых агаломшваюць, гэта амаль палова насельніцтва Гродна».
Асобных праграм, якія распавядаюць пра гродзенскае гета, няма. Пра гэта кажуць дзяржаўныя музеі, дасведчаныя выкладчыкі ў вну. Гарадскія ўлады дазваляюць праводзіць мерапрыемствы памяці ахвяр Халакосту. 

geta_nv_25_12_20_05_1024x768.jpg

«Ёсць кнігі, напісаныя па ўспамінах выжыўшых, той жа Лізы Чапнік, Фелікса Зандмана. А вось чагосьці базавага, для школьнікаў, для турыстаў, якія прыязджаюць у Гродна на пару дзён і ім не трэба паглыбляцца ў гэтыя гісторыі, — няма», — тлумачыць Ліза. На некаторых кропках стваральнікі да гістарычных фактаў дадалі асабістыя гісторыі вязняў гета, каб праз іх закрануць пачуцці слухачоў.

Гід стварылі з нуля за пару месяцаў

Межы гета вядомыя, але аднаўляць яго гісторыю было няпроста. У архівах засталося няшмат дакументаў, пераважна — рукапісных і на нямецкай мове. Начальнік гета № 1 Курт Візэ ў канцы акупацыі знішчыў большую частку архіва, клапоцячыся пра будучыню. Стваральнікі гіда працавалі з вялікай колькасцю літаратуры, але многія звесткі ў ёй папросту дублююцца. Істотнай дапамогай стала «oral history» — успаміны людзей, якія перажылі гета, і гараджан, якія суіснавалі з гета ў той час, расказаў куратар праекта, гісторык Алесь Радзюк.
Аўдыёгід па гродзенскім гета распрацоўвалі шасцёра студэнтаў гродзенскіх вну — будучыя юрысты, лінгвістка, гісторык. Каардынатарка праекта «Арыенціры гета» Ліза Зайцава, студэнтка гродзенскага меда, далучылася да праекта праз асабістае захапленне гісторыяй і архітэктурай Гродна. У тэхнічным плане стваральнікаў гіда кансультавалі Аляксей Шота і Ірына Новік з рэдакцыі Hrodna.life. Яны дапамаглі з запісам і апрацоўкай аўдыё, а таксама выбарам платформы для размяшчэння гіда. Многія дублі даводзілася запісваць па некалькі разоў, шмат высілкаў адабрала звядзенне файлаў. Тэксты праекта правяралі гродзенскія гісторыкі.
Праект зрабілі цалкам з нуля літаральна за пару месяцаў. Аўдыё адмыслова пісалі ў горадзе. На ім чуваць брэх сабак, касцёльныя званы, гукі вуліцы. Гэта мусіць даць слухачу большае пагружэнне ў атмасферу Гродна. Англійскі варыянт экскурсіі агучвала студэнтка-лінгвістка з ГрДУ Кацярына Дзедушкіна, рускі — навучэнец гістарычнага факультэта Мікіта Цімакоў, беларускі — гісторык Алесь Радзюк.
«Калі паглыбляешся ў нейкую тэму, пачынаеш звяртаць увагу на факты, а не эмацыйны бок, бо калі ўсё захінаюць эмоцыі, цяжка сканцэнтравацца на адэкватным прадастаўленні інфармацыі. Але ў любым разе некаторыя рэчы проста агаломшылі нас саміх, бо мы не ведалі іх раней», — успамінае Ліза Зайцава.