Пяць беларускіх суддзяў сышлі ў адстаўку па ўласным жаданні
Пяць беларускіх суддзяў сышлі ў адстаўку па ўласным жаданні. Сярод іх і тыя, хто судзіў многіх вядомых апазіцыянераў, і тыя, хто не ўдзельнічаў у палітычных працэсах, паведамляе «Еўрарадыё».
Пяць беларускіх суддзяў сышлі ў адстаўку па ўласным жаданні. Пра гэта гаворыцца ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі №487 ад 24 снежня 2020 года. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Прычына звальненняў ва ўказе не пазначаная. Звольніліся Аляксей Бычко (Мінскі гарадскі суд), Аляксей Кісляк (суд Ленінскага раёна Мінска), Іван Касцян (суд Цэнтральнага раёна Мінска), Таццяна Трапашка (суд Жодзіна), Віталь Янюк (суд Наваполацка).
Бычко працаваў суддзяў яшчэ з пачатку 2000-х: тады ён судзіў і маладафронтаўцаў, і прадпрымальнікаў, і палітыка Віктара Івашкевіча. У 2011-м трапіў у "чорны спіс" Еўрасаюза. Як піша "Наша Ніва", кантракт Бычко дзейнічаў да 2022 года, але ён вырашыў сысці датэрмінова.
Кісляк адпрацаваў па новым пяцігадовым кантракце толькі год. Раней Кісляк судзіў сярод іншага Мікалая Статкевіча, Эдуарда Пальчыса, пісьменніка Уладзіміра Арлова. Пасля сёлетніх выбараў, як сведчыць сайт Zubr.cc, ён не вёў ніводнай палітычнай справы.
Касцян працаваў суддзёй з 2017 года. Судзіў многіх вядомых апазіцыянераў — Юрася Губарэвіча, Мікалая Казлова, Змітра Дашкевіча, Ніну Багінскую, Максіма Вінярскага, Паўла Севярынца. Па артыкуле 23.34 аштрафаваў беларусаў на 60 тысяч рублёў, прысудзіў 139 сутак.
Судзіў Касцян і журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк
Новы кантракт у Таццяны Трапашка пачаўся толькі два месяцы таму. Згодна з сайтам Zubr.cc, яна вяла тры палітычныя працэсы. Усе тры разы яна давала дэманстрантам па 10 базавых велічыняў і адпускала з СІЗА.
Пра палітычныя працэсы Віталя Янюка звестак няма. Новы кантракт у яго пачаўся ў лютым 2020 года.
Суддзяў у Беларусі прызначае і звальняе асабіста Лукашэнка сваімі ўказамі.