Выняла з рамкі партрэт Лукашэнкі і напісала «3%» — жанчыну судзілі

Напісала «3%», бо менавіта столькі пасля ўсіх выплат застаецца на жыццё ад заробку, патлумачыла ў судзе жанчына. 



Фота viciebskspring.org/

Фота viciebskspring.org/

23 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску вынес рашэнне паводле дзвюх справаў, заведзеных на кухарку абласной бальніцы Алену Куставу. Маці дваіх няпоўнагадовых дачок прызнаная вінаватай у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП) і ў непадпарадкаванні законнаму патрабаванню супрацоўніка МУС (арт. 23.4 КаАП), паведамляе «Віцебская Вясна».

Суддзя Андрэй Шыдлоўскі аштрафаваў жанчыну на 3 і 5 базавых велічынь адпаведна. Суд доўжыўся два дні.

«Шмат разоў прасіла прыбраць партрэт...»

Паводле пратаколу, 23 лістапада Алена Кустава, знаходзячыся ў холе інтэрнату на вуліцы Зарэчнай, 3 «наўмысна, з хуліганскіх памкненняў» зняла са сцяны партрэт Лукашэнкі, занесла яго ў свой пакой і «выразала» з рамкі. Замест партрэту на падкладцы напісала «3%» і вярнула рамку з надпісам у хол інтэрнату «для ўсеагульнай дэманстрацыі». Паводле міліцыі, сваімі дзеяннямі «парушыла грамадскі парадак, выказала яўную непавагу да грамадства».

З пратаколам Алена Кустава не згадзілася, віны сваёй не прызнала, хоць ад таго, што зняла партрэт і занесла ў свой пакой, не адмовілася. Жанчына патлумачыла, што зрабіла гэта з крыўды. Паводле жанчыны, штодзень, праходзячы міма партрэту Лукашэнкі, яна ўсведамляла, што яе жыццё і сацыяльны статус залежаць ад гэтага чалавека. А 23 лістапада Кустава святкавала дзень народзінаў.

«Я шмат разоў прасіла загадчыцу інтэрнату прыбраць партрэт Лукашэнкі. Бо пасля выбараў усё грамадства раскалолася. Адны — за Лукашэнку, другія — за Ціханоўскую. Жыць у краіне, працаваць і не мець магчымасці схадзіць нават у кіно — гэта крыўдна», — патлумачыла Кустава.

Жанчына ўдакладніла, што партрэт не «выразала», а «выняла і акуратна згарнула». Напісала «3%», бо менавіта столькі пасля ўсіх выплат застаецца на жыццё ад заробку. Акрамя вартаўніка на вахце нікога не было, таму выказваць непавагу не было да каго. Намеру сарваць дзяржаўны герб, як ёй прыпісваецца ў рапарце, не мела, запэўніла Алена Кустава.

«Размахвала рукамі, хапала за абмундзіраванне...»

У другім пратаколе, датаваным 24 лістапада, Куставай выставілі ў віну тое, што, будучы ўжо затрыманай паводле арт. 17.1 КаАП, яна не падпарадкоўвалася законным патрабаванням старшага ўчастковага інспектара па справах няпоўнагадовых маёра міліцыі Чырвонай. Нібыта «на неаднаразовыя патрабаванні інспектара адказала катэгарычнай адмовай, размахвала рукамі, хапала за форменнае абмундзіраванне».

Сваёй віны паводле гэтага пратаколу Кустава таксама не прызнала. Яна патлумачыла, што падзеі адбываліся не ў 12.00, як пазначана ў пратаколе, а пасля 11-ці, бо яе дзеці якраз збіраліся на аўтобус, які адыходзіць у 11.32. Дочкі мусілі ехаць да бабулі, якая мелася адвесці іх у гімназію. Акурат у гэты час зайшлі два супрацоўнікі, якія не назваліся. Па словах Куставай, дзеці пайшлі на аўтобус, але іх дагнаў оперупаўнаважаны Комлеў, не дазволіў дзецям зайсці ў аўтобус, малыя заплакалі. У гэты момант пад'ехала інспектарка па справах няпоўнагадовых Чырвоная, якая мусіла перадаць дзяцей бабулі. Куставай жа загадалі апранацца.

Паводле абвінавачанай, у адной з дачок пачалася істэрыка — яна напалохалася. Кустава папрасіла Чырвоную выйсці з пакоя, але тая не дазволіла Куставай адчыніць дзверы. Хтосьці з жанчын ударыў у дзверы. Міліцыянт Комлеў вырашыў, што паміж імі ўзнік канфлікт і, ужыўшы сілу, змусіў Куставу выйсці з пакоя. Яна была дастаўленая ў пастарунак, а пасля складання пратаколу — у СІЗА, дзе правяла суткі.

Суддзя прызнаў жанчыну вінаватай

У судзе былі апытаныя вартаўнічка, якая выклікала міліцыю, і загадчыца інтэрнату. Міліцыянты Комлеў і Чырвоная запэўнівалі суд, што супраць дзяцей сілы не ўжывалі, а дзеянні ў дачыненні да Куставай тлумачылі яе «агрэсіўнымі паводзінамі».

Адвакат Алены Куставай прасіў справу ў дачыненні да сваёй падабароннай спыніць, бо сваімі дзеяннямі жанчына не парушала грамадскі парадак. Між іншым заўважыла, што супрацоўніца Чырвоная наагул не мела паўнамоцтваў затрымліваць Куставу і дастаўляць яе ў РАУС.

22 снежня разгляд справы быў завершаны, але суддзя Андрэй Шыдлоўскі так і не вынес рашэння, бо ў міліцэйскіх пратаколах было шмат памылак. Рашэнне агучыў толькі на наступны дзень.

Алену Куставу прызналі вінаватай па абодвух артыкулах. Суд аштрафаваў яе на 3 базавыя велічыні (81 рубель) паводле арт.17.1 КаАП і на 5 базавых велічынь (135 рублёў) паводле арт. 23.4 КаАП. Агулам — на 8 базавых велічынь (216 рублёў).