Хронікі рэпрэсій. У калонію адправілі навукоўца, на дадатковыя 30 сутак — святара

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 2 чэрвеня.

hroniki_represij_1_1.png

Беларуска прыехала з-за мяжы, каб памяняць пашпарт — яе затрымалі. Дзіяна Холадава апошнія восем гадоў жыла ў Маскве і прыехала на радзіму 29 траўня, каб памяняць пашпарт. Цяпер яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе.

Затрыманы гродзенскі фатограф Яўген Бузук. Яго абвінавацілі ў тым, што пасля пачатку вайны ён ездзіў дапамагаць бежанцам на польска-украінскую мяжу. Таксама ён нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы».

Мінскі гарадскі суд абвясціў прысуд навуковаму супрацоўніку Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук РБ, прафсаюзнаму актывісту Аляксандру Кандрацюку. Яго абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці альбо варажнечы), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 369 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Навукоўца затрымалі разам з некалькімі супрацоўнікамі Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН РБ 5 верасня 2022 года. Ён атрымаў 13 сутак адміністрацыйнага арышту, але на волю больш не выйшаў.  Да суда, які пачаўся Кандрацюка ўтрымлівалі пад вартай ў СІЗА №1 у Мінску.

Суддзя Анжэла Касцюкевіч прызначыла Касцюкевічу 3,5 года калоніі.

У судзе Лідскага раёна па шэрагу пратэсных артыкулаў асуджаны палітзняволены. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле у іх (ч.1 арт. 342), паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367), яго абразе (ч. 1 арт 368) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369).

Суддзя Уладзімір Федаровіч прысудзіў Сцяпану пазбаўленне волі тэрмінам на 1,5 года ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска прайшло пасяджэнне па справе Уладзіслава Беладзеда, выкладчыка катэхізіса Мінскага Архікафедральнага сабора па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Беладзед у 2020 годзе ўдзельнічаў у агульных малітвах аб спыненні гвалту і беззаконня. Быў затрыманы 31 мая 2023 года і падвергнуўся бесчалавечнаму і зневажальнаму годнасць абыходжанню. Родныя на судзе звярнулі ўвагу на сляды збіцця.

Верніку прысудзілі 15 сутак арышту.

Напачатку траўня ў Гомелі адбыўся суд над Віталём Саламажэцкім — удзельнікам гурта «Дети хрущёвок». Яго абвінавацілі ў вырабе і захоўванні для распаўсюду музыкальных кампазіцый гурта, якія ад 11 красавіка былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Суддзя Аляксандр Зінчук 5 траўня прызнаў Віталя вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арыштаваў яго на 7 сутак. Хлопец на судзе віну не прызнаў.

У Баранавічах мясцовага жыхара пакаралі за цішотку з лагатыпам палка Каліноўска. За гэта на яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У выніку суд пастанавіў аштрафаваць мужчыну на 740 рублёў (20 базавых велічыняў), а таксама канфіскаваць цішотку.

У судзе Дзяржынскага раёна асудзілі Аляксея Цюшкевіча паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суддзя Таццяна Фядчук прызначыла Аляксею 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Мужчыну затрымалі ў студзені 2023 года. Аляксея абвінавацілі ў тым, што ён, з’яўляючыся актыўнум удзельнікам тэлеграм-чата «Фаніпаль», 11-12 жніўня 2020 года пісаў у ім паведамленні з заклікамі браць удзел у пратэсных акцыях.

У судзе Дзяржынскага раёна асудзілі таксама Таццяну Радчанка паводле ч. 1 арт. 342 КК. Суддзя Таццяна Фядчук прызначыла Таццяне 2 гады «хатняй хіміі».

Таццяну затрымалі 24 студзеня і ўтрымлівалі да суда пад вартай. Першапачаткова яе абвінавачвалі паводле чатырох крымінальных артыкулаў дыфамацыйнага характару. Але пазней пакінулі толькі ч.1 арт. 342 КК.

Да трох гадоў «хатняй хіміі» асудзілі Кацярыну Новікаву. Яе прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 КК. Справу разгледзеў у судзе Цэнтральнага раёну Мінска Дзмітрый Карсюк. Кацярыну затрымалі напрыканцы сакавіка.

З 25 траўня ў Мінскім гарадскім судзе разглядаецца справа Дзмітрыя Гудзеева. Хлопцу інкрымінавана ч. 2 арт. 290-5 КК (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі) і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Працэс вядзе Наталля Бугук. У чым менавіта абвінавачваюць Гудзеева — праваабаронцам невядома.

Дзмітрыю 21 год і, мяркуючы па яго сацсетках, у мінулым траўні ён скончыў тэрміновую службу ў вайсковай частцы 3214 у Мінску. У траўні хлопца дадалі ў «тэрарыстычны спіс» КДБ. Яму пагражае ад 8 да 12 гадоў калоніі.

Паводле інфармацыі крыніц, падчас брутальнага затрымання Дзмітрый быў моцна збіты.

З 26 траўня ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме разглядаецца справа Максіма Драбніцы. Хлопцу інкрымінаваны тыя ж артыкулы, што і Дзмітрыю Гудзееву: ч. 2 арт. 290-5 КК і ч. 3 арт. 361-1 КК. Працэс вядзе Мікалай Доля.

9 траўня Максіму споўнілася 22 гады. У мінулым месяцы хлопца дадал ў «тэрарыстычны спіс» КДБ.

14 чэрвеня ў Брэсцкім абласным судзе будуць разглядаць справу Томаша Бярозы, якога абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) і арт. 358 (шпіянаж). Працэс будзе весці суддзя Сяргей Беразюк. Адзначым, што ў раскладзе суда няма імя па бацьку Томаша — верагодна, гэта звязана з тым, што мужчына паляк.

Вядома, што Томаш з 2014 году займаўся ў Белаазёрску рытуальнымі паслугамі — ён рабіў помнікі. Згодна з інфармацыяй з адкрытых крыніц, яго бізнэс быў афіцыйна ліквідаваны 16 траўня.

Грэка-каталіцкаму святару Аляксандру Шаўцову дадалі 30 сутак арышту. Рашэнне прыняў суд у Полацку, святара абвінавацілі паводле артыкулаў 19.11 і 24.23 КаАП. Да папярэдняга прысуду дадалі 30 сутак і такім чынам святар правядзе за кратамі 45 дзён.

Гэта азначае, што Шаўцоў будзе вызвалены 8-га ліпеня, праз тыдзень пасля найважнейшага фэсту Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі.

За час арышту экс-дэпутатку Алену Анісім звольнілі з Акадэміі навук. Яе затрымалі 17 траўня на працоўным месцы. Пазней былой старшыні Таварыства беларускай мовы прызначылі 12 сутак арышту за «дробнае хуліганства» — нібыта яна ў РУУС Першамайскага раёна Мінска «крычала, размахвала рукамі, паводзіла сябе агрэсіўна, на просьбы супакоіцца не рэагавала».

Журналіста Сяргея Сацука ў калоніі на «лёгкую працу» праз дрэнны стан здароўя. Нагадаем, журналісту прысудзілі 8 гадоў калоніі. Сяргея абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару), ч. 2 арт. 130 (распальванні іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 426 (перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў). 10 лютага Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле.

Палітвязня Уладзіміра Гундара адміністрацыя гродзенскай турмы адправіла ў карцар на 10 сутак. Прычыны спагнання невядомыя. Вядома, што нядаўна палітвязень сустрэўся ў зняволенні з жонкай.

Нагадаем, з 29 красавіка па 6 траўня Гундара ўтрымлівалі ў карцары, дзе ён стаў дрэнна чуць у апошні дзень тэрміну. Пасля выхаду, яго стала ліхаманіць у камеры, яму было вельмі холадна, балелі галава і вушы, ён перастаў чуць сукамернікаў і зразумеў, што аглух канчаткова. Пасля агляду і дапамогі лекара палітвязень ідзе на папраўку, да яго часткова вярнуўся слых.

Першае спагнанне Гундару было вынесена яшчэ ў пачатку красавіка за не так пакладзеную на шконку падушку. Але на працягу месяца яго туды не адпраўлялі з-за адсутнасці вольнага месца.

У Беларусі 23 новыя палітвязні. Гэта Барыс Кучынскі, Юрый Краўчанка, Аляксандр Заноўскі, Генадзь Борыс, Аляксандр Захараў, Сцяпан Якуць, Дзяніс Дземідовіч, Ігар Хартановіч, Алег Болатаў, Дзяніс Пырх, Міхаіл Мармыш, Алег Слыш, Елісей Кузняцоў, Яўген Ціханаў, Алег Лябіхаў, Юлія Касцючэнка, Вольга Іванчанка, Аксана Юр’ева, Валерый Віскірскі, Дзмітрый Панкевіч, Раман Самойленка, Захар Сінякоў, Вячаслаў Чулкоў.

Усяго ў спісах «В*сны» цяпер 1513 палітвязняў, хаця насамрэч іх у Беларусі значна больш.