Хронікі рэпрэсій за 11 чэрвеня: Пікетаванне нагой і «экстрэмісцкая» крама сувеніраў
Чарговае папаўненне спіса экстрэмістаў, асудзілі былога дырэктара і супрацоўніцу санаторыя «Беларусь». Праваабаронцы працягваюць збіраць факты палітычнага пераследу беларусаў
- Новыя экстрэмісты — крама сувеніраў
Сацсеткі крамы адзення і сувеніраў у нацыянальным стылі «Князь Вітаўт» прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Гаворка пра старонкі ва «УКантакце» «KNIAZ.ВY (Князь Вiтаўт) – крама тваёй краiны!» і «Крама "КНЯЗЬ ВIТАЎТ".Вiцебск. Будзьма беларусамi!"», а таксама Facebook-старонку «Князь». Адпаведнае рашэнне прынятае судом горада Наваполацк 3 чэрвеня.
Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Брати Яковлеви», «Daily Storm», «Чашники без цензуры»;
- Старонка ва «УКантакце» «Свабодны САЛIГОРСК»;
- TikTok-старонкі «Елена», «Belarus», «based.hrodzienski».
- «Пікет нагой»: У Мінску хлопец з прыёмнага пакою лякарні адправіўся на Акрэсціна
У прыёмным пакоі лякарні №5 затрымалі хлопца за «несанкцыянаванае пікетаванне» без дазволу гарадскіх уладаў: на ягонай назе была татуіроўка «Пагоня». За гэта яго адправілі на Акрэсціна на 7 сутак, заўважыла @zerkalo_io ў банку судовых рашэнняў.
Сам хлопец у судзе растлумачыў, што ніякіх грамадска-палітычных мэтаў не меў, а проста быў апрануты ў майку і шорты, бо яму было спякотна. Яго судзілі на наступны дзень пасля затрымання.
Як гаворыцца ў матэрыялах справы, малады чалавек «парушыў парадак правядзення пікетавання, што выявілася ў правядзенні ім несанкцыянаванага пікетавання, без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў, падчас якога дэманстраваў навакольным грамадзянам размешчаную ў правай ікраножнай мышцы татуіроўку выглядзе герба „Пагоня“».
- «Мы тут, бо так кажуць нашыя сэрцы»: акцыя салідарнасці з палітзняволеным адвакатам Максімам Знакам
У Вільні, насупраць будынка Беларускай амбасады, 11 чэрвеня прайшла акцыя салідарнасці з палітзняволеным беларускім адвакатам Максімам Знакам.
Мерапрыемства было арганізаванае Саветам адвакатаў Літвы і падтрыманае беларускімі адвакатамі і актывістамі, каб заявіць ва ўвесь голас аб беззаконні ў дачыненні да зняволенага за сваю прафесійную дзейнасць беларускага калегі, ад якога амаль 16 месяцаў няма ніякіх звестак.
- 23+2: Палітвязню дадалі 2 калоніі па новай крымінальнай справе. Ён падаў апеляцыйную скаргу
У судзе Горацкага раёна 25 сакавіка вынеслі прысуд палітзняволенаму Дзянісу Дзікуну . Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя Наталля Фамічова прызначыла яму яшчэ два гады зняволення ў дадатак да 23 гадоў пазбаўлення волі. Палітвязень абскардзіў рашэнне суда.
У Магілёўскім абласным судзе 18 чэрвеня адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі Дзяніса. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Сяргея Каралёва.
- У Брэсце за ўдзел у акцыі пратэсту затрыманы мясцовы жыхар — яго назвалі «радыкалам, які быў узброены палкай ад лаўкі»
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што затрыманы 10 жніўня 2020-га году ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту, дзе «ламаў лаўкі, разбіваў брук і кідаў іх у супрацоўнікаў праваахоўных органаў».
- Экс-дырэктара санаторыя «Беларусь» судзілі за «здраду дзяржаве»
Стала вядома, што экс-дырэктара санаторыя «Беларусь» Андрэя Кобеля асудзілі ў верасні 2023 года да 9 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве»
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, справу разглядала Алена Ананіч. 24 лістапада адбылася апеляцыя, а ў снежні яго адправілі ў калонію адбываць тэрмін.
Пра затрыманне былога кіраўніка санаторыя стала вядома ў снежні 2022 года з прапагандысцкага фільма «Аперацыі беларускага КДБ супраць спецслужбаў Захаду і Украіны». У фільме паказаны аператыўныя кадры, на якіх Кобель дае паказанні. У сюжэце была агучана інфармацыя, што ён прапрацаваў галоўным урачом у санаторыі «Беларусь» у Літве больш за 10 гадоў, потым быў галоўным урачом у беларускім санаторыі ў Сочы.
«Літоўцы абклалі яго па ўсіх правілах шантажу: пагражалі крымінальнай справай за махінацыю з зямельным участкам, крадзеж сродкаў пры рэканструкцыі санаторыя, маўляў, пазбавяць яго і членаў сям'і віду на жыхарства, а сыну падкінуць у аўтамабіль наркотыкі».
- Супрацоўніцу санаторыя «Беларусь» асудзілі да 6 гадоў калоніі за «агентурную дзейнасць»
У Мінскім гарадскім судзе 11 чэрвеня грамадзянку Літвы і супрацоўніцу санаторыя «Беларусь» у Друскінінкаі Аленай Романаўскіене асудзілі да шасці гадоў калоніі. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 358-1 КК («агентурная дзейнасць»).
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але, як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, яе абвінавацілі ў тым, што жанчына «неаднаразова падавалі звесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў». Яе нібыта завербавалі літоўскія спецслужбы больш за 10 гадоў таму.
Як раней паведамляла літоўскае выданне 15min, затрымаць Раманаўскене маглі летась, калі яна вярталася ў Літву з Беларусі, дзе наведвала родных.