Хронікі рэпрэсій за 25 лістапада: за апошні тыдзень па палітычных матывах асудзілі больш за сто чалавек

Канвеер рэпрэсій перад так званымі «выбарамі» набірае абароты. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.

hroniki_represij2_4_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1474 дні, Дзяніс — 1354

***

Перад так званымі «выбарамі» хваля рэпрэсій узмацнілася: па ўсёй краіне ладзяцца ператрусы і затрыманні, піша «Вясна».

З 18-га па 22 лістапада ў беларускіх судах разглядалі 87 крымінальных палітычных спраў, у рамках якіх судзілі 106 чалавек.

Мінімум 11 судовых працэсаў праходзіла ў закрытым рэжыме. Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул — «народны» артыкул 342 Крымінальнага кодэкса. Па ім судзілі 35 чалавек.

За «здраду дзяржаве» на мінулым тыдні судзілі мінімум шэсць чалавек. За мінулыя два тыдні ў Беларусі судзілі 12 чалавек за каментары пра Лукашэнку. Звычайна іх трактуюць як «абраза Лукашэнкі» і заводзяць крымінальныя справы паводле арт.368 КК. Іншы дыфамацыйны артыкул, па якім судзяць за выказванні пра палітыка — «паклёп на Лукашэнку» (арт. 367 КК). Па ім судзілі 7 чалавек. «За абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) судзілі дваіх чалавек.

***

Маларыцкі суд аштрафаваў 71-гадовага пратэстанцкага пастара Уладзіміра Бурштына за «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў» (ч.2 арт.24.23 КаАП), піша «Хрысціянская візія».

Судовы працэс прайшоў 6 лістапада, але яго вынікі сталі вядомыя толькі цяпер.

Суд палічыў Бурштына вінаватым у тым, што 8 верасня 2024 года ў Маларыцкай царкве каля вадаёма «Ваеннае возера» ён правёў урачыстае набажэнства, дзе дзевяць чалавек прынялі воднае хрышчэнне. Суд аштрафаваў пастара на 800 рублёў.

Гэта ўжо другі суд за «парушэнне правядзення масавага мерапрыемства» для Бурштына. У чэрвені 2023 года баптысцкага пастара аштрафавалі на 555 рублёў за пропаведзь у Драгічыне.


***

25 лістапада Мінскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да ксяндза Генрыха Акалатовіча. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч.1 арт.356 КК). Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Акалатовіч — пробашч касцёла Св. Юзафа ў Валожыне.

Святара затрымалі ў лістападзе 2023 года. Яго абвінавачваюць у тым, што ён нібыта перадаў камусьці нейкую сакрэтную інфармацыю, праз што дзяржаве была нанесеная шкода на суму блізу 1 млн. еўра, піша reform.news.

***

Віцебскага актывіста Аляксея Саламаненку абвінавачваюць у «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-2 КК), піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».

Судзіць Саламаненку пачнуць у Віцебскім абласным судзе 2 снежня.

Актывіста ўжо затрымлівалі ў 2020 годзе за пікет па зборы подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай і судзілі за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага. Тады Саламаненку прызначылі штраф у 25 базавых велічынь.

***

Жыхароў Гомельшчыны масава выклікаюць у пракуратуру, каб узяць абавязацельствы аб «належных паводзінах» у перыяд выбараў.

Адным з відаў прэсінгу ў перыяд выбарчай кампаніі сталі масавыя выклікі ў пракуратуру жыхароў Гомельскай вобласці, якія нейкім чынам «засвяціліся» як палітычна актыўныя, піша «Флагшток».

Гэта тыя, каго судзілі паводле крымінальных або адміністрацыйных артыкулаў за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года, за падпіскі на рэсурсы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі».

Акрамя таго, вядома пра выпадкі, калі такія выклікі ў пракуратуру атрымлівалі тыя, хто мае шмат штрафаў па лініі ДАІ.

Людзей прымушаюць падпісваць папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння Крымінальнага кодэкса і КаАП, абавязацельствы не парушаць грамадскі парадак. Паводле слоў крыніцы выдання, такіх выклікаў у пракуратуру можа быць па некалькі дзясяткаў штодня.

Выклікі адбываюцца праз позву або з дапамогай тэлефоннага званка. Аднак актывісты адзначаюць, што турбавацца не варта — гэта толькі фармальная працэдура, якую сілавікі разглядаюць як «прафілактычную акцыю».

***

Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах Міхаіла Галінскага будуць судзіць за жаданне ваяваць за Украіну, паведамляе «Наша Ніва».

Галінскага затрымалі ў чэрвені 2024 года. Спачатку яго судзілі па адміністрацыйнай справе — за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі».

Суд па крымінальнай справе над Міхаілам пачнецца 2 снежня 2024 года. Яго абвінавачваюць у «спробе ўдзелу ў вайне» (ч.1 арт.361-3 КК). Звычайна па гэтым артыкуле судзяць тых, хто думаў пра тое, каб далучыцца да УСУ.

Міхаілу Галінскаму 59 гадоў. Ён — адзін з самых вядомых трэнераў па кітайскіх адзінаборствах. Яго выхаванцы выйгравалі міжнародныя спаборніцтвы па ушу, а яго школа вядомая ў Беларусі і па-за яе межамі паводле вынікаў спаборніцтваў.

Судзіць Галінскага будзе Вера Галаўкова. З 2016 года яна вынесла дзясяткі палітычных прысудаў.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 660 дзён, Мікалая Статкевіча — 657 дзён, Ігара Лосіка — 648 дзён, Віктара Бабарыкі — 586 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 516 дзён, Уладзіміра Гундара — 479 дзён, Аляксандра Арановіча — 174 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваецца 1271 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1401 чалавек. Сярод іх — 179 жанчын і 3 непаўнагадовых. 24 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.