Хронікі рэпрэсій за 26 лістапада: Амаль 800 беларусаў трапілі ў расійскі вышук
Пачалі судзіць каталіцкага святара Генрыха Акалатовіча — гэта першы працэс аб «дзяржаўнай здрадзе» над святаром з 1991 года. Экстэмісцкімі прызналі акаўнт спецпасланніцы Літвы па Беларусі Асты Андрыяўскене ў «Х» і Instagram спявачкі і рэжысёркі Светы Бень. Галоўныя навіны палітычнага пераследу за сённяшні дзень мы сабралі з дапамогай СМІ і праваабаронцаў.
Заснавальніка клінікі «Новы Зрок» завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі і вялікага штрафу
У Мінскім гарадскім судзе з 23 верасня па 25 лістапада адбываўся разгляд крымінальнай справы супраць 55-гадовага заснавальніка клінікі «Новы Зрок» Алега Каўрыгіна і яго чатырох былых калегаў.
У выніку Алега завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 10000 базавых велічынь (400 тысяч рублёў).
Былым супрацоўнікам клінікі прызначана пазбаўленне волі з адтэрміноўкай выканання, а таксама штрафы. Справу разглядала Анастасія Папко.
Паводле пазову намесніка Генеральнага пракурора з Алега Каўрыгіна таксама пастанавілі спагнаць больш за тры мільёна рублёў як кампенсацыю ў «лік нявыплачанага падатку». Апроч гэтага, Каўрыгіна пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў.
Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» пашырылі
У Беларусі працягваецца ціск на грамадзянскую супольнасць праз пашырэнне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і пераслед дзяржаўных службоўцаўачых.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», суд Смаргонскага раёна 22 лістапада прыняў рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкімі матэрыяламі» памежнага чата «Каменны Лог-Medininkai».
У той жа час, у спіс таксама трапілі старонкі ў сацыяльных сетках, у тым ліку акаўнты «Кірыл Атаманчык» ва «Укантакце» і Facebook, старонка «Кропка» ва «Укантакце», акаўнт «echarde» у Twitter, канал «reformbynews» у TikTok і старонка «Belarusam» у Instagram.
- Акаўнт спецпасланніцы Літвы па Беларусі ў «Х» прызналі «экстрэмісцкім»
Гаворка пра старонку Асты Андрыяўскене. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 21 лістапада.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі Instagram-акаунт «sveta.ben», YouTube-канал «BELPOL SHORTS & NEWS VIDEOS», старонка ў «Аднакласніках» «МХД – Маладыя Хрысцiянскiя Дэмакраты», а таксама старонкі ў «Х» «Шыба», «sandra baby potato», «Treci Dotyk».
Улады звальняюць дзяржслужбоўцаў
У Гродне пачаліся звальненні дзяржаўных служачых за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Дакладная колькасць звольненых і падставы для звальненняў на дадзены момант не паведамляюцца.
Варта адзначыць, што рэпрэсіўны механізм закранае нават тых, хто публічна падтрымлівае ўладу. Так, у Корме адбыўся другі суд над праўладным блогерам па абвінавачванні ў «экстрэмізме».
- За «распаўсюд экстрэмізму» другі раз судзілі праўладнага блогера
25 лістапада ў судзе Кармянскага раёна суддзя Андрэй Аўсейцаў разглядаў яшчэ адну адміністрацыйную справу датычна вядомага мясцовага праўладнага блогера Аляксандра Петрачкова. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Гэта ўжо другі раз, калі Петрачкова судзяць за «распаўсюд экстрэмізму». Першы раз яго паводле таго самага артыкула судзілі 21 кастрычніка. Прычым, і тады суддзёй быў Андрэй Аўсейцаў, піша «Гомельская Вясна».
Аляксандр — вядомы ў рэгіёне праўладны дзеяч, актывіст і блогер. Ён браў актыўны ўдзел у шматлікіх праўладных мерапрыемствах, некалькі разоў ён рабіўся станоўчым героем публікацыяў у мясцовай дзяржаўнай газеце «Зара над Сожам».
Судзяць былога выратавальніка, які публічна звольніўся ў 2020 годзе
Сёння ў судзе Савецкага раёна Мінска пачалі судзіць 32-гадовага Антона Булаха — былога пажарнага аварыйна-выратавальнай часткі Кастрычніцкага РАНС (раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях). У 2020 годзе ён публічна звольніўся.
Цяпер яго судзяць паводле «народнага» артыкула 342 КК за ўдзел у мірных шэсцях у 2020 годзе. Справу разглядае суддзя Святлана Касмачова.
Вядома, што Антона затрымалі 9 верасня 2020 года. Раней ён вёў інстаграм, у якім распавядаў пра гісторыі на сваёй працы.
«У зводках галоўнае што? Паказаць канчатковы вынік: пажар ліквідаваны, пацярпелых няма. Я ж стараюся пісаць так, каб людзям было цікава і каб яны хаця б мінімальна ўяўлялі сабе, што адбываецца на кожным этапе працы пажарных-ратавальнікаў», — распавядаў ён у інтэрв’ю.
Антон Булах нарадзіўся ў 1992 годзе. У 2014 годзе закончыў Гомельскі інжынерны інстытут МНС. Пасля звальнення працаваў у IT-сектары.
Распачаўся суд над каталіцкім святаром Генрыхам Акалатовічам: першы працэс аб «дзяржаўнай здрадзе» над святаром з 1991 года
У Беларусі пачаўся судовы працэс над каталіцкім святаром Генрыхам Акалатовічам, пробашчам парафіі ў Валожыне. Паводле польскіх СМІ, гэта першы працэс аб «дзяржаўнай здрадзе» над святаром з 1991 года.
Як паведамляе Каталіцкае Інфармацыйнае Агенцтва (eKAI), «справа абвастрыла і без таго напружаныя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і аўтарытарным рэжымам у Мінску».
Генрых Акалатовіч мае доўгую гісторыю служэння Касцёлу і супраціву ўладам. Ён вучыўся ў падпольнай семінарыі ў Мядзведзічах, служыў у савецкай арміі, атрымаў адукацыю чыгуначніка. Асаблівае месца ў яго біяграфіі займае тое, што ён стаў першым беларускім святаром, які наведаў Катынь і цэлебраваў там святую Імшу за загінулых польскіх афіцэрах.
За савецкім часам Акалатовіч атрымаў каля 30 пакаранняў ад тагачасных уладаў, што сведчыць пра яго паслядоўную пазіцыю ў абароне рэлігійных правоў і свабод.
Польскія медыі, у тым ліку газета Rzeczpospolita, якая выпусціла матэрыял пад тытулам «Нязломны ксёндз перад судом беларускага дыктатара», надаюць вялікую ўвагу гэтаму працэсу. Адзін з найбуйнейшых польскіх парталаў onet.pl падкрэслівае, што «ўлады краіны паслядоўна прымаюць рашучыя і масавыя дзеянні супраць Каталіцкага Касцёла, да якога належыць каля 10 працэнтаў насельніцтва».
Палітвязень Андрэй Пачобут выйшаў з памяшкання камернага тыпу
Журналіста-палітвязня Андрэя Пачобута перавялі з памяшкання камернага тыпу (ПКТ) у звычайны атрад у Наваполацкай калоніі №1. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.
Цяпер палітвязню даходзяць лісты ад сваякоў, і яму дазваляюць сустракацца з адвакатам. Гэта стала вядома падчас апошняй акцыі салідарнасці з Пачобутам у Беластоку.
Варта адзначыць, што гродзенскі журналіст знаходзіцца за кратамі ўжо 3 гады і 8 месяцаў. 8 лютага 2023 года яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі. На працягу ўсяго тэрміну знаходжання ў наваполацкай калоніі №1 на яго аказваецца ціск.
Андрэй Пачобут з'яўляецца вядомым журналістам і грамадскім дзеячам. Ён адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №1 у Наваполацку.
Рэжысёр тэатра лялек пад судом
26 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Гродна адбыўся чарговы палітычна матываваны працэс — на гэты раз над вядомым дзеячам культуры. Адначасова стала вядома пра маштабнае пашырэнне спісаў вышуку ў Расіі.
Сёння пад судовым пераследам апынуўся Алег Жугжда, галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Справу па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП разглядала суддзя Наталля Горбач.
Жугжда, які з'яўляецца ўраджэнцам Вільнюса, працуе ў тэатры з 2000 года. За гэты час ён стаў лаўрэатам і дыпламантам міжнародных фестываляў, атрымаў прэмію імя Дубко як «Рэжысёр года», быў прызнаны «Чалавекам года Гродзеншчыны 2014» і атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
Амаль 800 беларусаў дададзены ў расійскі вышук
Пашыраецца і колькасць асобаў, якіх падалі ў міждзяржаўны вышук. Як паведаміла «Медыязона», за апошнія паўгода ў расійскую базу вышуку дадалі амаль 800 беларусаў. Агульная колькасць беларускіх грамадзян у гэтай базе цяпер перавышае 3500 чалавек.
У спісы трапляюць журналісты, сваякі палітвязняў, былыя палітвязні, актывісты, творчыя асобы і праваабаронцы.
Пачалі судзіць барабаншчыка, які вярнуўся з Грузіі
Аляксею Сіленка 35 гадоў. Ён мінчук. У 2012 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, вучыўся на архітэктара. Аляксей вядомы як барабаншчык. Ён выступаў у мінскай Пясочніцы, на Пешаходцы і як музыка ўдзельнічаў у шматлікіх праектах (ОХ.РА, БУЛЬВАР, Mnsr. Gustav і іншых).
Пасля пачатку вайны, калі меркаваць па чатах у тэлеграме, на нейкі час з'язджаў у Грузію. Але, падобна, пасля вярнуўся ў Беларусь, пісала «Наша Ніва».
Суд над Аляксеем распачаўся сёння, 26 лістапада, у Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «закліках да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Сутнасць абвінавачанняў невядомая. Справу разглядае суддзя Анастасія Папко.
У Віцебску пачалі судзіць 56-гадовага актывіста за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні»
Віцебчук Іосіф Дулеба раней узначальваў Віцебскае падраздзяленне БНФ, але ў пачатку 2000-х адышоў ад партыйных спраў.
Іосіфа Дулебу затрымалі напачатку траўня 2024 года. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле, затым перавялі ў СІЗА па крымінальнай справе. Пазней КДБ ўнёс у спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў» шэраг медыя-рэсурсаў праекта FreeInfoBel, а таксама «Білорусь 2.0 Робімо Разам». Камітэт пералічыў канкрэтных людзей, якія, на іх думку, маюць дачыненне да праектаў, у тым ліку ўключыў і Іосіфа.
Цяпер палітвязня абвінавачваюць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Яго справу пачалі разглядаць 26 лістапада ў Віцебскім абласным судзе. Працэс вядзе суддзя Яўген Буруноў.
У Пінску — суд за паслявыбарчыя пратэсты ў 2020 годзе
У судзе Пінска і Пінскага раёна пачаўся суд за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўня 2020 года. Паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) судзяць Аляксея Шпакоўскага. Справу разглядае Вольга Лубнік.
Агулам паводле ч. 2 арт. 293 КК у Беларусі ўжо асудзілі 181 чалавека, з іх 29 — асуджаныя ў Пінску.
У Брэсце судзяць настаўніка з Баранавіч за каментары
53-гадовы Ігар Ільюкевіч — настаўнік фізкультуры ў СШ № 1. Яго затрымалі, меркавана, 5 чэрвеня, піша «Берасцейская Вясна». На «палонным відэа» ад 18 чэрвеня ён казаў, што пакідаў абразлівыя каментары пра міліцыянтаў і Лукашэнку.
Цяпер яго абвінавачваюць паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы).
Справу Ігара пачалі разглядаць 25 лістапада ў Брэсцкім абласным судзе. Працэс вядзе суддзя Кацярына Груда.