Дзясяткі палітвязняў могуць памерці за кратамі

Сярод тых, каго рэжым трымае ў палоне, шмат людзей з цяжкімі захворваннямі. Ім не аказваецца належная дапамога, яны атрымліваюць кепскае харчаванне, не маюць магчымасці займацца фізічнымі практыкаваннямі, праз што стан толькі пагаршаецца.

56497_nxc44g100phha7yj4kxnxfgtibzel078_100.webp

Паводле стану на 22 лістапада 2024 года, праваабаронцам вядома не менш чым пра 224 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. За кратамі 104 чалавекі знаходзяцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, 11 чалавек маюць інваліднасць, у 46 сталых людзей узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 16 чалавек маюць ментальны разлад. Сярод палітзняволеных — 37 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра 5 сямей, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.

Найстарэйшы з палітвязняў — 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі за «абразу Лукашэнкі».

Для людзей з пэўных уразлівых груп зняволенне аказваецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для астатніх. Да таго ж, яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя праз несвоечасова аказаную дапамогу, адсутнасць рэгулярных медабследаванняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасць патрэбных медыцынскіх сродкаў. «Вясна» расказвае пра людзей з уразлівых груп, якія сёння знаходзяцца за кратамі.   

Цяжкі фізічны стан

Як мінімум 104 чалавекі цяпер знаходзяцца ў зняволенні ў цяжкім стане здароўя. У зняволенні кожнае захворванне прагрэсуе хутчэй: акрамя адсутнасці кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, на гэта ўплываюць умовы ўтрымання: недахоп свежага паветра, дрэннае харчаванне, пастаянны псіхалагічны ціск і стрэс. Гэта прыводзіць да таго, што нават тыя праблемы, якія не абвастрыліся б у нармальных умовах, у зняволенні аказваюцца для людзей сур’ёзнымі праблемамі.

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Войніч смяротна хворы. Пасля віруснага гепатыту ён мае цыроз печані, цукровы дыябет, пухліну над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пухір і мноства звязаных з гэтым ускладненняў. Яму патрэбная тэрміновая перасадка пячонкі, да арышту ён штомесяц наведваў трансплантолага. Аднак у калоніі, куды яго накіравалі для адбыцця сямігадовага зняволення, яго кідаюць у карцар, ён пазбаўлены перадач і спатканняў.

У 59-гадовага палітолага Аляксандра Фядуты дыягнаставаная вострая сардэчная недастатковасць, у СІЗА у яго здараліся прыступы стэнакардыі і арытміі. Яго прысудзілі да дзесяці гадоў калоніі, аднак адразу пасля этапу ён трапіў у лякарню праз праблемы з сэрцам і ацёкі. Нават нягледзячы на цяжкі стан, мужчына абвесціў медыцынскую забастоўку супраць абмежаванняў на ліставанне са сваякамі: пэўны час ён адмаўляўся прымаць пігулкі, без якіх у яго мог здарыцца сардэчны прыступ. Восенню 2022 года яго жонка расказвала, што праз праблемы з сэрцам Фядута не можа ляжаць і нармальна спаць. Яму нават рабілі рэнтген і кардыяграмы, збіраліся праводзіць кансіліум наконт яго сітуацыі, але чым усё скончылася — невядома. У снежні палітвязня этапавалі ў магілёўскую ПК № 15. Як выявілася, амаль адразу пасля пераводу ён трапіў у бальніцу, бо ў яго абвастрыліся праблемы з сэрцам. 

19-гадовы Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію, на адным з допытаў адразу пасля затрымання яго забрала «хуткая», але пасля рэанімацыі яго зноў вярнулі ў ізалятар. Хлопец расказваў, што тады яго збівалі дручком кожны дзень. Мікіта адбывае ў калоніі прызначаны так званым «судом» тэрмін — чатыры з паловай гады пазбаўлення волі. На судзе ён расказаў, што ў СІЗА яму не давалі таблетак, канваір тады сказаў: «Ты "палітычны", здохнеш». Пасля прысуду ў Мікіты Залатарова пачалася істэрыка — ён кідаўся на краты і крычаў: «Выпусціце мяне адсюль!»

21-гадовы Арсень Майсейчык, прысуджаны да шасці гадоў калоніі, хворы на лейкому: гэта патрабуе рэгулярнага кантролю лекарамі і штогадовага праходжаня МРТ. Хлопцу таксама забароненыя шмат якія фізічныя нагрузкі — невядома, ці ўлічваецца гэта ў папраўчай калоніі, дзе Арсень цяпер адбывае пакаранне. Праблемы са здароўем, якія патрабуюць рэгулярнага абследавання, немагчымага ва ўмовах зняволення, маюць таксама Ігар Мінц, Яўген Люльковіч. У Арцёма Баярскага пасля чатырохмесячнага бесперапыннага кашлю развілася недыягнаставаная алергія.

У Марфы Рабковай, прысуджанай да 14 гадоў і 9 месяцаў зняволення, імкліва пагаршаецца стан здароўя праз умовы ўтрымання. Яна мае праблемы з лімфавузламі і шчытападобнай залозай, вадкасць у малым тазе.

Летам 2021 года яна страчвала прытомнасць у СІЗА, моцна схуднела і цяжка перахварэла на кавід. Яна некалькі разоў пісала заяву на выклік стаматолага, аднак ёй пастаянна адмаўлялі ў гэтым. Праблемы з зубамі назіраюцца шмат у каго з палітзняволеных: так сказваецца недахоп кальцыю і адсутнасць своечасовай стаматалагічнай дапамогі.

Крызіс са здароўем у Марыі Калеснікавай пачаўся 28 лістапада 2022 года, калі «да праблем з ціскам, млоснасцю і прытомнасцю дадаўся пакутлівы боль у страўніку». Марыю даставілі ў хірургічнае аддзяленне Гомельскай бальніцы хуткай дапамогі і прааперавалі з прычыны прабадной язвы і перытаніту. Праз некалькі дзён палітзняволеную перавялі назад у калонію, у медыцынскі стацыянар, дзе ёй дазволілі сустрэцца са сваім бацькам. Цяпер Марыя ўжывае мала ежы, бо харчаванне з калоніі ёй не пасуе. У медсанчастцы паабяцалі скарэктаваць для яе рэжым харчавання. Вядома, што шпіталізацыі папярэднічала непрапарцыйна жорсткае абыходжанне ў ШІЗА. Праз праблемы са здароўем Марыя не працуе. Аднойчы на пастраенні яе прыйшлося нават выводзіць пад рукі.


Глядзіце таксама

У Аляксея Галаўко, прысуджанага да 12 гадоў калоніі, хранічныя праблемы з носам, якія патрабуюць хірургічнага ўмяшальніцтва. Антаніна Канавалава ў калоніі атрымала інваліднасць па зроку, ёй не прызначаюць патрэбнае лекаванне.

Шмат у якіх палітвязняў за кратамі імкліва пагаршаецца здароўе праз умовы ўтрымання, абвастраюцца хранічныя захворванні. Сярод іх — жорстка збіты пры затрыманні Раман Багнавец, бацька шасцярых дзяцей Аляксандр Зялюткін, у якога сур’ёзна пагоршылася здароўе. Ён адчувае моцны боль, бо пачалося нагнаенне на дзёснах і з’явіліся дзіркі ў зубах. Ад болю Аляксандр не можа жаваць. Мікіта Кунтыш мае захворванне, якое пры неналежным доглядзе лекараў можа перайсці ў хранічную стадыю. У Сцяпана Латыпава дыягнаставана цынга. У праваабаронцы Уладзя Лабковіча значна пагоршылася здароўе. Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі і бяссонніцу, таксама ў яго вельмі пагоршыўся зрок. Анджэя Пачобута адправілі ў ПКТ на наступны дзень пасля таго, як у яго быў ціск 190/140. У супрацоўніка мытнай службы Яўгена Гурыновіча, якога судзяць за «здраду дзяржаве», сур'ёзныя праблемы з хрыбетнікам. У журналіста Дзяніса Івашына ўлетку 2021 года, ужо ў зняволенні, пачаліся праблемы з сэрцам.

У палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк дыягнаставалі хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці. У яе болі ў страўніку і здараецца рэзкая страта вагі. Аднойчы яна так рэзка схуднела, што стала важыць усяго 50 кілаграмаў.

У палітвязня Яўгена Бурло ў зняволенні здарыўся рэцыдыў захворвання, на якое мужчына пакутаваў яшчэ да затрымання — у яго некроз тазабедраных суставаў. Яўген быў накіраваны ў медсанчастку СІЗА. Знаёмыя палітвязня расказалі, што яго сваякі звярталіся да кіраўніцтва СІЗА, каб ён мог атрымаць належнае лячэнне, але там адмовілі. Яўген Бурло быў на мыліцах падчас прысуду, ён нават не мог устаць. Яго прысудзілі да васьмі гадоў калоніі. Вядома, што Яўген Бурло патрабуе аперацыі на хрыбетніку. Яму абяцалі яе правесці.

Інваліднасць

Яшчэ прынамсі 11 чалавек у зняволенні маюць інваліднасць. 

Інваліднасць мае Аляксандр Кісель, які стаіць на ўліку ў псіхіятра ад самага нараджэння. Яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар. Аксана Ляўшова мае захворванне ног, не можа самастойна перамяшчацца, мае інваліднасць. Яе прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Таксама інваліднасць маюць архітэктар Аляксей Парэцкі, мастак Канстанцін Прусаў, стрыечны брат прадстаўніка палка Каліноўскага Сяргей Франчук.


Глядзіце таксама

Уладзімір Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы (у мужчына няма нагі). Яго асудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Анкалогія

Асобна варта сказаць пра палітзняволеных, якія хварэюць на анкалогію: іх у зняволенні мінімум трое. Некаторыя трапілі ў зняволенне, ужо маючы анкалагічнае захворванне, у некаторых яго выявілі ўжо пасля затрымання. У абодвух выпадках стан людзей пагаршаецца неаказаннем медыцынскай дапамогі, адмовамі ў правядзенні неабходных маніпуляцый і аперацый, а таксама адсутнасцю доступу да лекаў.

У 40-гадовага Руслана Слуцкага дабраякасная пухліна галаўнога мозгу, а таксама моцныя болі ў спіне, праз якія ён часам не мог устаць з ложку, аднак у шпіталізацыі яму адмаўлялі. Але вядома, што ў лістападзе 2022 года ён быў шпіталізаваны праз пнеўманію. Мужчына асуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Цалкам прачытаць артыкул пра палітзняволеных, якія знаходзяцца ў цяжкім стане за кратамі, можна тут.