«Генералы рыхтуюцца да мінулай вайны». «Красаўцы» чакаюць паўтарэння 2020-га

Паказныя выступленні і «контртэрарыстычныя аперацыі» павінны запужаць апошніх «змагароў», тых, хто не згодны з рэжымам, каб пераабранне самаабвешчанага кіраўніка прайшло без эксцэсаў.

Скрыншот з відэа МУС

Скрыншот з відэа МУС

Беларускія ўлады разыгрываюць на рэдкасць фальшывы, убогі перадвыбарчы спектакль. Учора Аляксандр Лукашэнка, які называў сябе праваслаўным атэістам, сказаў, што перахрысціўся, калі даведаўся, што збор подпісаў за яго вылучэнне ўзялася весці «Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі» (ФПБ). Маўляў, гара з плячэй, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

Нібыта можна падумаць, што гэта была спантанная ініцыятыва знізу і што інакш быў бы завал.

Правадыр трапіў у кропку: «Гэта катастрафічная праца»

Юрый Сянько, старшыня праўладнай ФПБ і кіраўнік ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Лукашэнку, далажыў яму, што ў актыве групы нібыта ўжо 1 581 559 подпісаў.

Колькі іх сабрана на самой справе, мы не ведаем. Улады могуць высмактаць з пальца любую лічбу.

Але не выключана, што гэты паказчык не такі ўжо далёкі ад рэальнасці. Паколькі ёсць мноства сведчанняў, што грамадзян масава прымушаюць падпісвацца за кіраўніка рэжыму. Часам пры гэтым наўпрост пагражаюць, але ў многіх выпадках людзі проста не хочуць рызыкаваць. Час такі, што за нядобранадзейнасць могуць і з працы або вучобы паперці, і з інтэрната выселіць, і іншыя падлянкі зладзіць.

Падкрэслім, што ФПБ — ніякая не грамадская арганізацыя, а структура, па сутнасці, убудаваная ў дзяржаўны каркас, як гэта было ў савецкія часы. Так што ўжо з гэтай прычыны ў наяўнасці выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу.

«Па той колькасці подпісаў, якую вы сабралі, — гэта катастрафічная праца. Я нават не чакаў, што так будзе», — такі камплімент зрабіў Лукашэнка кіраўніку ФПБ і яго камандзе.

Вось ужо сапраўды: катастрафічная. Толькі ў іншым сэнсе. Людзей нахабна пазбаўляюць права выбару, палітычнай волі, проста топчуць іх чалавечую годнасць.

Дазволена даць эфір спарынг-партнёрам. Яны ж ведаюць, што гаварыць

Пры гэтым кіраўнік не упусціў магчымасці зноў покакетнічаць: «Я ўжо казаў пра тое, што, напэўна, трэба спыніць збор, але гэта будзе няправільна, таму што людзі папракнуць».

А яшчэ Лукашэнка зрабіў шырокі жэст — папрасіў прысутных на сустрэчы прадстаўнікоў дзяржСМІ: перадайце, маўляў, свайму начальству, што трэба даць слова і іншым прэтэндэнтам у кандыдаты. Паказаў, што нібыта не баіцца канкурэнцыі, выступае за шматгалоссе ў медыя.

На самой справе гэты жэст толькі пацвярджае, што ўсе дапушчаныя да збору подпісаў спарынг-партнёры кіраўніка — людзі надзейныя, правераныя. Кожны выразна будзе гуляць сваю ролю і нічога крамольнага не змарозіць.


Глядзіце таксама

Калі і ёсць нейкая інтрыга, то яна ў тым, ці зарэгіструюць кандыдатам Ганну Канапацкую. У яе, у адрозненне ад іншых уяўных супернікаў кіраўніка, маецца гэткі апазіцыйны шлейф: сяброўства ў цяпер ліквідаванай «Аб'яднанай грамадзянскай партыі», фронда ў перыяд дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў (выступала ў абарону бел-чырвона-белага сцяга, Курапатаў і г. д.).

Калі яе зарэгіструюць, гэта будзе азначаць, што ўладныя паліттэхнолагі вырашылі злёгку ўскладніць сцэнар дубовага перадвыбарчага шоу. Да таго ж, кіраўніку, з яго гендарнай паказухай і «сіндромам Ціханоўскай», мабыць, будзе прыемна з разгромным лікам «перамагчы» на «бязвыбарах» жанчыну.

Хочуць маральна здушыць праціўнікаў рэжыму

Трагікамізм цяперашняга перадвыбарчага сюжэту яшчэ і ў тым, што людзей прымушаюць падпісвацца не толькі за Лукашэнку, але і за яго псеўдаканкурэнтаў. За апошніх беларусы баяцца ставіць подпісы, каб потым раптам не прыляцела. Таму для імітацыі плюралізму даводзіцца выкручваць небаракам рукі.

Ну, тым, каго вырашаць уключыць у бюлетэнь, звыш ста тысяч подпісаў так ці інакш намалююць. А вось навошта такімі тэмпамі наганяць колькасць подпісаў за правадыра?


Скрыншот з відэа МУС

Скрыншот з відэа МУС

Гэта робіцца, каб стварыць карціну практычна ўсенароднай падтрымкі, падрыхтаваць грамадства да таго, што па выніках выбараў кіраўніку афіцыйна напішуць 80-85% галасоў. Калі не больш.

А яшчэ — каб маральна, псіхалагічна здушыць тых, хто, як выказваецца Лукашэнка, «схаваўся пад ліштвой». Маўляў, вас, «бэчебэшнікаў», жменька, бачыце, усе нармальныя людзі — за «бацьку». Ды і цябе, «змагара», прымусім за яго падпісацца, калі не хочаш з працы вылецець.

Калі ўсе за «бацьку», навошта рыхтавацца душыць масавыя пратэсты?

Тым часам сілавікі пад эгідай МУС зладзілі маштабныя вучэнні «з удзелам суб'ектаў дзяржаўнай сістэмы рэагавання». Генералы, як заўсёды, рыхтуюцца да мінулай вайны.

У прыватнасці, паводле слоў міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, «адпрацавалі эпізоды, якія адбываліся ў рэспубліцы ў 2020 годзе, а таксама тыя, што мелі месца ў іншых краінах. Бо ў нас пачыналася ўсё з банальнага — чэргаў на выбарчыя ўчасткі». Маўляў, «чэргі штучна ствараліся, каб сабраць людзей і потым вывесці іх на цэнтральныя вуліцы, перакрываць дарогі».

Між тым, беларусы выдатна памятаюць, што чэргі былі стыхійныя, мноства людзей з белымі бранзалетамі імкнуліся прагаласаваць за Святлану Ціханоўскую. А першыя пратэсты на вуліцах — таксама стыхійныя — пачаліся значна пазней, ужо пасля закрыцця ўчасткаў. І пасля таго, як міліцыя стала «вязаць» тых, хто патрабаваў ад выбаркамаў вывесіць выніковыя пратаколы.


Глядзіце таксама

На «бязвыбарах» 26 студзеня 2025 года аніякіх пратэстаў не прадбачыцца. Максімум актыўнасці, прапанаванай замежнымі штабамі апазіцыі тым, хто не згодны з цяперашнімі парадкамі, — прагаласаваць супраць усіх.

Але прапаганда круціць шытыя белымі ніткамі фільмы, якія малююць планы «збеглых» здзейсніць узброенае ўварванне і паклікаць на дапамогу NATO. А сілавікі на вучэннях паказваюць, як ліха скручваюць у барановы рог умоўных баламутаў на выбарчых участках, адпрацоўваюць затрыманне ўдзельнікаў вулічных пратэстаў, тушаць спецыяльна падпаленыя для трэніроўкі аўто і нават рэпетуюць «вызваленне населенага пункта, захопленага ўзброенымі бандытамі».

Насельніцтва папярэджваюць: «Магчыма перамяшчэнне спецтэхнікі з перакрыццём вуліц, а таксама выкарыстанне піратэхнікі». Грымяць выбухі, шугае полымя, бегаюць закутыя ў цяжкія даспехі байцы з аўтаматамі, брэшуць службовыя сабакі... Вось так бачаць улады «свята народнага волевыяўлення».


Скрыншот з відэа МУС. Гледзячы па ўсім, тут сілавікі імітуюць пратэстоўцаў

Скрыншот з відэа МУС. Гледзячы па ўсім, тут сілавікі імітуюць пратэстоўцаў

ДзяржСМІ ж ахвотна паказваюць, як «красаўцы» (так назваў сілавікоў у 2020-м Лукашэнка) гатовыя разбірацца з тымі, хто адважыцца публічна выказаць незадаволенасць грубым электаральным фарсам. Такіх камікадзэ, хутчэй за ўсё, не будзе, але паболей застрашвання не перашкодзіць.

Прапаганда, як заўсёды, алагічная: калі ўвесь народ нібыта за «бацьку», то навошта рыхтавацца да падаўлення масавых хваляванняў?

Пры гэтым улады не ўсведамляюць, якімі вачыма глядзіць грамадства на сюжэты з брутальнымі «красаўцамі», якія ледзь стрымліваюць на ланцугах здаравенных зубастых сабак. Вялікім начальнікам не цюкае ў галаву, якія гэта выклікае асацыяцыі ў тых, хто нагледзеўся фільмаў пра Другую сусветную, пра акупацыю.

У савецкі час рэальных выбараў таксама не было, але прапаганда, прынамсі, не запалохвала, а малявала лубачныя карцінкі ўсеагульнага дабрабыту. Цяпер жа рубрыка «насустрач выбарам» вось такая — з сабакамі, што рвуцца загрызці «няправільнага» выбаршчыка.

Як гэта яшчэ не дадумаліся пусціць гэтых красаўцаў з ваўкадавамі збіраць подпісы за правадыра? Імгненна б назбіралі сто мільёнаў.