«Нічога не трэба, проста хачу ўсё забыць». Якой справядлівасці прагнуць беларусы?
Тысячы людзей у нашай краіне прайшлі праз турмы, праз катаванні і жорсткае абыходжанне з боку сілавікоў. Ці хацелі б яны, каб былі пакараныя тыя, хто адказны за гвалт у сённяшняй Беларусі?
Сёлета 15-га лістапада былі прэзентаваныя вынікі даследчыцкага праекта пра ўспрыманне справядлівасці тымі беларусамі, якія перажылі гвалт з боку сілавікоў рэжыму. Генадзь Коршунаў распрацоўваў метадалогію праекта (што было для мяне адначасова вялікім гонарам і адказнасцю, піша аўтар праекта на сайце «Цэнтра новых ідэй»), а аснову даследавання склалі звесткі, сабраныя праваабаронцамі «Вясны» і Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. Аналізаваліся меркаванні не ўсіх беларусаў, а менавіта тых, хто прайшоў праз катаванні ці зведаў жорсткае абыходжанне (12 глыбінных інтэрв’ю і выбарка ў 580 чалавек у колькасным даследаванні). З поўнай справаздачай можна азнаёміцца па спасылках: на беларускай мове, на англійскай і на рускай.
Пра прэзентацыю напісалі амаль усе беларускія незалежныя медыя, за што ім вялікі дзякуй. Аднак мне падаецца (як даследчыку), не ўсе прынцыпова важныя моманты былі агучаныя належным чынам.
Па-першае, я б зрабіў большы акцэнт на тым, што людзі хаця і не вельмі вераць у магчымасці аднаўлення справядлівасці ў найбліжэйшы час, не перастаюць прагнуць справядлівасці.
Так, 84% лічаць, што дамагчыся справядлівасці ў Беларусі ў хуткім часе шанцаў амаль няма, але пры гэтым 36% падкрэсліваюць, што гэта можа атрымацца, калі звяртацца ў суды іншых краін ці ў міжнародныя інстанцыі.
«Як вы лічыце, наколькі высокія шанцы дамагчыся справядлівасці ў найбліжэйшы час?..»
Шанцы практычна нулявыя або нізкія:
у Беларусі — 84%
у іншых краінах і міжнародных арганізацыях — 64%
Шанцы сярэднія:
у Беларусі — 11%
у іншых краінах і міжнародных арганізацыях — 26%
Шанцы высокія альбо хутчэй высокія:
у Беларусі — 5%
у іншых краінах і міжнародных арганізацыях — 10%
Гэта важна: мы адэкватна ацэньваем перспектывы, але не апускаем рукі і разглядаем розныя варыянты. Як той казаў, калі надзея паступова сплывае, застаюцца вытрымка, зацятасць і ўпартасць.
Да таго ж, перспектывы руху ў гэтым напрамку не цьмяныя, хутчэй, нават наадварот. Тут я маю на ўвазе зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд з просьбай правесці расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці. Калі згадаць прэцэдэнт М’янмы, то і тут ёсць неблагія шанцы. Пра гэта таксама гаварылася на прэзентацыі 15-га лістапада. Але, на жаль, інфармацыі пра тое ў медыя няшмат.
Другі момант, які падаецца мне важным: апытаныя зацікаўленыя ў аднаўленні справядлівасці не толькі і не столькі для сябе асабіста (хаця і гэта важна), колькі дэманструюць прагу да аднаўлення справядлівасці «вялікай», «гістарычнай». Гэта значыць, для іх найважнейшае — звяржэнне рэжыму Лукашэнкі і вызваленне грамадства ад яго ўлады. Падчас глыбінных інтэрв’ю менавіта пра гэта гаварылі рэспандэнты, якія перажылі катаванні, — яны самі, без падказак, разважалі пра тое, што для іх з’яўляецца справядлівасцю.
У межах колькаснага даследавання, калі рэспандэнтам прапаноўваўся спіс з 12 варыянтаў таго, што трэба зрабіць для тых, хто перажыў гвалт з боку сілавікоў, патрабаванне зрынуць рэжым аказалася на 4-м месцы — разам з кампенсацыяй маральнай шкоды (76%). На трох вышэйшых пазіцыях апынуліся: кампенсацыя матэрыяльнай шкоды, медыцынская і псіхалагічная рэабілітацыя, а таксама публічнае вяртанне добрага імя пацярпелым.
«Калі казаць пра катаванні і/або жорсткае абыходжанне з людзьмі ў Беларусі, якія, на вашу думку, дзеянні варта зрабіць у дачыненні да тых, хто гэта зведаў?»
84% — кампенсацыя матэрыяльнай шкоды (напрыклад, выдаткі на лячэнне, кампенсацыя канфіскаванай маёмасці і інш.)
82% — медыцынская і псіхалагічная рэабілітацыя
80% — рэабілітацыя пацярпелых, вяртанне добрага імя, публічныя прабачэнні ад імя дзяржавы
76% — падзенне рэжыму Лукашэнкі
64% — перагляд рашэння судоў па палітычна матываваных справах і іншых рэпрэсіўных рашэнняў дзяржаўных органаў
58% — прызнанне палітзняволенымі ці былымі палітзняволенымі ўсіх, хто гэтага заслугоўвае
53% — спыненне палітычных рэпрэсій і паляпшэнне ўмоў у месцах зняволення
39% — іншае прызнанне дзяржавай таго, што адбылося (напрыклад, публічная цырымонія пакаяння або пабудова мемарыяла)
31% — атрыманне прабачэнняў ад асоб, якія непасрэдна чынілі катаванні і/або жорсткае абыходжанне
28% — магчымасць вярнуцца дадому (ці заставацца дома) без рэпрэсій, але ў існым рэжыме
1% — нічога не трэба, проста хачу ўсё забыць
7% — іншае
Трэці момант, на які я б звярнуў увагу, — гэта успрыняцце судоў. Менавіта яны бачацца амаль такім жа ўвасабленнем рэжыму Лукашэнкі, як і сам дыктатар.
Не АМАП з ГУБАЗіКам, не пракуратура з супрацоўнікамі СІЗА, а беларускія суды, паводле меркаванняў апытаных, вінаватыя ў хвалі гвалту, якая накрыла Беларусь, і мусяць панесці за гэта адказнасць.
Аляксандр Лукашэнка — вінаваты ў гвалце (82%), мусіць несці адказнасць (77%)
уся дзеючая ўлада, сістэма, рэжым — вінаваты ў гвалце (80%), мусіць несці адказнасць (88%)
суды — вінаватыя ў гвалце (73%), мусяць несці адказнасць (66%)
генералы сілавога блока — вінаватыя ў гвалце (70%), мусяць несці адказнасць (61%)
пракуратура, Следчы камітэт — вінаватыя ў гвалце (70%), мусяць несці адказнасць (62%)
супрацоўнікі СІЗА/ІЧУ/калоніі/ПУАТ — вінаватыя ў гвалце (67%), мусяць несці адказнасць (60%)
усе, хто фальсіфікаваў выбары — вінаватыя ў гвалце (64%), мусяць несці адказнасць (63%)
шараговыя сілавікі — вінаватыя ў гвалце (60%), мусяць несці адказнасць (58%)
усе, хто галасаваў за Лукашэнку — вінаватыя ў гвалце (11%), мусяць несці адказнасць (16%)
усе беларусы ў некаторай ступені — вінаватыя ў гвалце (6%), мусяць несці адказнасць (22%)
І справядлівасць, як лічаць пацярпелыя ад гвалту, таксама трэба аднаўляць пры дапамозе судовай сістэмы. Звярніце ўвагу: дзейнічае не прынцып «вока за вока», а жаданне аднавіць законнасць і сапраўднае правасуддзе. «Ступень віны кожнага і кожнай мусіць вызначаць суд у строга індывідуальным парадку» — так мяркуюць 84%; «пажадана, каб гэта рабіў Міжнародны суд (ці трыбунал), які трэба праводзіць ужо цяпер» — лічаць 46%; у сваю чаргу, 34% апытаных выказаліся за разгляд спраў ужо ў новай беларускай судовай сістэме пасля змены ўлады.
«Калі казаць пра тое, што вы перажылі, што для вас азначае справядлівасць у дачыненні да вінаватых у тым, што здарылася?»
(можна было выбраць некалькі варыянтаў адказу)
84% — ступень віны кожнага і кожнай павінен вызначаць суд у строга індывідуальным парадку
56% — усе вінаватыя павінны панесці пакаранне, звязанае з забаронай займаць пэўныя пасады і/або займацца пэўным відам дзейнасці
47% — усе вінаватыя павінны панесці пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі (аж да пажыццёвага зняволення)
29% — усе вінаватыя павінны панесці пакаранне, звязанае з пазбаўленнем маёмасці
16% — важны сам факт прызнання вінаватымі, самі вінаватыя не абавязкова павінна панесці строгае пакаранне
9% — усе вінаватыя павінны панесці фізічныя пакаранні (аж да смяротнага)
2% — усе вінаватыя павінны быць выдвараныя з тэрыторыі Беларусі
6% — іншае
Яшчэ адзін прынцыповы момант: шмат хто з апытаных сцвердзіў, што менавіта ім дапамога не патрэбная. Выкарыстоўваюцца фармулёўкі тыпу «я моцны(ая), я сам(а) дам рады», «іншым больш патрэбна», «мне і так ужо дапамагалі» і г. д. Мяркую, так праяўляюцца глыбейшыя чыннікі, чым, напрыклад, упэўненасць у сваіх сілах або ўстаноўка на непрыманне дапамогі «збоку». У нас, беларусаў, няма вялікага досведу лабіявання сваіх інтарэсаў, адвакатавання ці хаця б абароны сваіх правоў, асабліва на групавым узроўні. За апошняе дзесяцігоддзе мы трошачкі навучыліся адстойваць свае правы на персанальным узроўні. А вось тое, што хоць крыху вышэйшае, большае і шырэйшае, — не ўмеем, не ведаем і не разумеем, навошта гэта трэба.
Мы да апошняга выжываем у адзіночку: «я моцны, мне дапамога не патрэбная». А потым надыходзіць момант, што мы выгараем і знясільваемся.
Праз тое і пытанні аб тым, што маглі б рабіць суб’екты рознага ўзроўню для пацярпелых ад гвалту, выклікалі ў рэспандэнтаў пэўныя цяжкасці. Беларусам разважаць пра дапамогу ў свой бок складана. Тое самае і на ўзроўні супольнасцей, што б аб’ядноўвалі асоб, якія прайшлі праз катаванні і/ці жорсткае абыходжанне. На гіпатэтычным узроўні рэспандэнты гатовыя разважаць пра неабходнасць і карысць такіх аб’яднанняў. Калі ж даходзіць да практычнага ўзроўню, то патрэбы свайго ўдзелу ў такіх групах рэспандэнты хутчэй не бачаць.
Між тым дапамога не будзе залішняй, асабліва ў кірунку спрашчэння працэсаў легалізацыі і адаптацыі беларусаў у трэціх краінах, у намаганнях дзеля прыцягнення вінаватых да адказнасці і ў рэабілітацыі пацярпелых.