Хронікі рэпрэсій за 18 лістапада: за 2 тыдні па палітычных матывах асудзілі больш за сто чалавек
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1464 дні, Дзяніс — 1344.
***
У беларускіх судах з 4 да 16 лістапада разгледзелі 91 «пратэсную» крымінальную справу, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». У рамках гэтых крымінальных спраў судзілі 113 чалавек.
Як мінімум 10 працэсаў праходзілі ў закрытым рэжыме.
Самы распаўсюджаны артыкул — «грубае парушэнне парадку» (арт.342 Крымінальнага кодэкса), па ім судзілі 37 чалавек. Звычайна па гэтым артыкуле судзяць за ўдзел у пратэстах 2020 года. Групавыя суды па гэтым артыкуле прайшлі ў Фаніпалі і Брэсце.
13 чалавек за два тыдні судзілі па артыкуле аб «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК), 10 — па артыкуле аб «паклёпе» на яго (арт.367 КК). Па артыкуле аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) судзілі 10 чалавек, па артыкуле аб «распальванні варожасці» (арт.130 КК) — як мінімум 26 чалавек.
Яшчэ ў дачыненні да 10 чалавек разглядалі крымінальныя справы па артыкуле аб «здрадзе дзяржаве» (арт.356 КК).
Акрамя таго, 4 да 16 лістапада ў судах разгледзелі 20 спраў аб змене рэжыму адбыцця пакарання, гэта значыць — аб пераводзе зняволенага з «хатняй хіміі» ў калонію.
***
Палітвязень Мікалай Аўтуховіч паведаміў, што цягам 21 дня быў у ШІЗА. Прычыны пакарання Аўтуховіч не паведаміў. Як стала вядома «Свабодзе», палітвязень адчувае сябе дрэнна і непакоіцца за жыццё.
18 лістапада Мікалай Аўтуховіч, якога трымаюць у гродзенскай турме, выйшаў на сувязь са сваякамі пасля больш як месяца маўчання. Ад палітвязня стала вядома, што ён адбыў 21 дзень у ШІЗА, дзе яму толькі зрэдку аказвалі медыцынскую дапамогу, хоць ён мае хранічныя захворванні.
— Размова па тэлефоне была кароткай. Паспеў сказаць, што пачуваецца «не вельмі», бо 21 дзень прабыў у «санаторыі». Гэтак вязні там завуць ШІЗА. Яшчэ паспеў сказаць, што было вельмі холадна, толькі напрыканцы тэрміну ў камеры адрамантавалі ацяпленне. Начамі, сказаў, увогуле «катастрофа», так было холадна, — расказала крыніца «Свабоды» са спасылкай на сваякоў Мікалая Аўтуховіча.
Паводле яе, Аўтуховіч скардзіўся на недахоп медыцынскай дапамогі.
— Ён хранічны гіпертонік, яму трэба рэгулярна кантраляваць ціск. Але сказаў, што забралі танометр, хаця ў яго быў дазвол на карыстанне. Яшчэ нерэгулярна выклікалі да яго лекара, калі ён прасіў дапамогі. Кажа, толькі ў адным з пяці выпадкаў выклікалі.
Як звычайна, ён не шмат гаварыў пра здароўе, але гэтым разам сказаў, што «калі з ім штосьці здарыцца, дык гэта было зроблена спецыяльна».
Паводле звестак крыніцы, у Мікалая Аўтуховіча пухнуць ногі, таксама палітвязень пакутуе ад хваробы суставаў.
— Ён збіраецца скардзіцца на ўтрыманне ў ШІЗА і неаказанне медыцынскай дапамогі, — паведаміла крыніца.
***
На Аршаншчыне — пераслед чыгуначнікаў, паведамляе orsha.eu.
Так, не выходзячы на волю, ужо трэці раз быў асуджаны машыніст лакаматыўнага дэпо Юры Жук. Апошні раз яго асудзілі на «суткі» 13 лістапада, а да таго судзілі яшчэ двойчы.
Таксама на мінулым тыдні стала вядома, што быў затрыманы Валянцін Мартынаў — манцёр чыгуначных шляхоў. Яго абвінавачваюць па крымінальным «экстрэмісцкім» артыкуле. Пра факты пераследу стала вядома 18 лістапада.
***
Траіх жыхароў Наваполацка будуць судзіць паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (арт342 КК) праз удзел у пратэстах 2020 года, піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».
Сёння суд у Наваполацку пачаў разглядаць справы Канстанціна Панамарова, Рамана Прыходзькі і Наталлі Казловай.
Вядома, што іх справу будзе разглядае суддзя Віталь Лапко.
***
У Ваўкавыску 13 лістапада быў затрыманы Аляксандр Сезень. У яго кватэры на вуліцы Гарбатава правялі ператрус нібыта ноччу, калі сам Сезень, які мае значныя праблемы са здароўем, знаходзіўся ў шпіталі.
Што мужчыну збіраюцца інкрымінаваць, пакуль невядома, паведамляе «Гродзенская вясна».
Аляксандра Сезеня неаднаразова затрымлівалі да 2020 года.
***
33-гадовая жыхарка Мазыра апублікавала ў TikTok «абразлівы ролік на адрас супрацоўніка мясцовай ДАІ» — яе затрымалі, піша «Вясна».
Пра гэта 18 лістапада паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, «дзяўчына проста вырашыла прыцягнуць увагу, запісаўшы на тэлефон свой адыход ад машыны ДАІ. Яна дадала да відэа арыгінальную гукавую дарожку, патлумачыўшы гэта тым, што "ўбачыла ролік у інтэрнэце з міліцыяй і вырашыла паўтарыць"».
Паведамляецца, што супрацоўнікі праваахоўных органаў праглядзелі ролікі дзяўчыны ў TikTok і «знайшлі там шмат цікавага, у тым ліку сувязі з экстрэмізмам». У выніку ёй вынеслі «некалькі адміністрацыйных пакаранняў».
***
Беларуса затрымалі праз застаўку тэлефона на спартыўным мерапрыемстве.
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчына падчас спартыўнага мерапрыемства адкрыў свой тэлефон — і яго суседзі ўбачылі застаўку з бчб-сцягам.
Як пішуць сілавікі, мужчыну затрымалі, у яго тэлефоне знайшлі інфармацыю «не толькі на адміністрацыйную справу, але і на крымінальную».
***
19 лістапада і 20 лістапада ў Пінску пройдуць новыя адзіночныя суды паводле арт.342 КК, паведамляе «Вясна. Брэст».
Судзіць будуць Аляксандра Невара, Уладзіслава Карасюка і Дзмітрыя Гальяша.
Пра аднаго з гэтых мужчынаў праваабаронцам дакладна вядома, што ён чакае суда пад вартай, у СІЗА.
Як мінімум адзін з абвінавачаных быў затрыманы за пратэсты жніўня 2020 года ў Пінску. Мяркуючы з усяго, мужчынаў судзяць за паслявыбарчыя пратэсты.
***
13 лістапада суд Лунінецкага раёна прызнаў суполку «Дапамога бяздомным жывёлам, Лунінец» у «Аднакласніках» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведная пастанова апублікаваная на сайце Міністэрства інфармацыі, піша «Медыязона».
Таксама «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя Instagram-акаўнт журналіста Аляксандра Чарнухі, тэлеграм-канал «BesLive», чат у вайберы «Мазыр», старонкі ў TikTok «Кастусь», «maks356878», «raisaom», «belsat tv».
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 650 дзён, Мікалая Статкевіча — 647 дзён, Ігара Лосіка — 638 дзён, Віктара Бабарыкі — 576 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 506 дзён, Уладзіміра Гундара — 469 дзён, Аляксандра Арановіча — 164 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1270 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1399 чалавек. Сярод іх — 174 жанчыны і 3 непаўнагадовых. 24 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.