Хронікі рэпрэсій за 19 лістапада: Як на медыкаў ціснуць перад выбарамі?
Суды над чатырма сем'ямі, пашырэнне спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, суды над настаўніцай і выхавацелькай дзіцячага сада — усё гэта сведчыць пра працяг рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў супраць сваіх грамадзян.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», не менш за 200 чалавек асуджаныя ў Беларусі па крымінальных артыкулах за салідарнасць з Украінай з пачатку поўнамаштабнай вайны.
У Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся суд па справе аб генацыдзе
19 лістапада ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе Канстанціна Смоўскага, які абвінавачваецца ў генацыдзе беларускага народа.
Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры Беларусі, Смоўскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны займаў пасаду камандзіра ахоўнай паліцыі. Следства ўстанавіла 26 эпізодаў яго злачыннай дзейнасці, у тым ліку ўдзел у спаленні жыхароў вёскі Хатынь.
Варта адзначыць, што судовы працэс праводзіцца пасмяротна.
Суд над настаўніцай, якую раней заносілі на раённую Дошку гонару
У Вушацкім раёне сёння адбываецца судовы працэс над настаўніцай Вольгай Жыткай, якую вінавацяць у «несанкцыянаваным пікетаванні» паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Вольга Жыткая — вядомая ў райцэнтры настаўніца біялогіі з больш чым 20-гадовым стажам працы. Яе вучні неаднаразова перамагалі на алімпіядах рознага ўзроўню. У 2012 годзе яе імя было занесена на раённую Дошку гонару.
Яшчэ ў жніўні 2023 года прапагандыст Мукавозчык публічна выступіў з крытыкай у адрас настаўніцы, абвінаваціўшы яе ў правядзенні адукацыйных летнікаў для настаўнікаў.
Справу разглядае суддзя Аксана Мішута.
Былую выхавальніцу дзіцячага сада і палітзняволеную будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму»
Ірына — выхавальніца ў дзіцячым садку, была затрымана напрыканцы верасня 2021 года па крымінальнай справе за перформанс на гарадскіх могілках, калі кампанія маладых людзей усталявала на магілу партрэт Лукашэнкі і адкаркавала шампанскае. Яе асудзілі да 2 гадоў калоніі.
Летась, па вызваленні з калоніі, жанчыну асудзілі паводле 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Тады ў судзе Першамайскага раёна суддзя Наталля Карабліна аштрафавала Пярцову на 1850 рублёў.
Сёння, 19 лістапада, над жанчынай адбудзецца новы суд паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), піша @vitebsk_info. Справу разгледзяць у судзе Першамайскага раёна Віцебска. Суддзя — Аляксей Макаранка.
Суды над сем'ямі
На гэтым тыдні ў Мінску адбываюцца судовыя працэсы адразу над чатырма сем'ямі. Паводле інфармацыі праваабарончых крыніц, 19 лістапада ў судзе Заводскага раёна Мінска пачынаецца суд над Ганнай, Іннай і Раманам Усманавымі, а таксама Кірылам Селязнёвым. Іх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Таксама сёння ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска разглядаецца справа Кацярыны і Ігара Грамовічаў па тым жа артыкуле. Працэс вядзе суддзя Таццяна Полулех.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 21 лістапада распачнецца суд над Маркам Куніцкім і Ірынай Пратазанавай-Куніцкай у судзе Кастрычнікага раёна Мінска.
А 22 лістапада будуць судзіць сям'ю Вашчышыных — Ганну, Таццяну і Андрэя — у судзе Фрунзенскага раёна.
Пашырэнне спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў
Пашыраецца спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паводле афіцыйных крыніц, у спіс дадалі новыя рэсурсы, у тым ліку:
- Тэлеграм-канал BesLive
- TikTok-акаўнты: maks356878, raisaom, belsat.tv
- Instagram-старонкі: bymapka, chernuho
«Пазначаныя жоўтым» — музычны альбом пра палітвязняў Беларусі
На фоне працягу рэпрэсій праваабарончы цэнтр «Вясна» сумесна з творчымі дзеячамі прэзентаваў музычны альбом «Пазначаныя жоўтым», прысвечаны палітвязням Беларусі. Альбом складаецца з шасці трэкаў, якія адлюстроўваюць шлях палітвязня ад затрымання да вызвалення.
Асобна вылучана тэма дзяцей, чыі бацькі былі зняволены паводле палітычных матываў. Альбом з'яўляецца своеасаблівай дакументацыяй рэпрэсій Беларусі.
Паводле інфармацыі «Вясны», у аснове тэкстаў — рэальныя сведчанні палітзняволеных. У аранжыроўцы выкарыстоўваюцца архіўныя запісы затрыманняў, судовых працэсаў і галасоў палітвязняў.
Сярод іншага, у ім можна пачуць бразгат кайданаў Марыі Калеснікавай, абурэнне жыхароў «Плошчы Перамен» пры затрыманні Сцяпана Латыпава, голас Сяргея Ціханоўскага і як чытаюць лісты да мамы і таты Насця і Ваня — дзеці палітзняволеных Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча. Альбом прысвячаецца ўсім палітвязням Беларусі і тым, хто прайшоў гэты шлях.
Над стварэннем альбома працавалі аўтарка ідэі і менеджарка Крысціна Дробыш, рэпер і аўтар тэкстаў Аngst, музыка і рэжысёр Арцём Ставер, праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук. Безумоўна, гэта не ўсе, хто прыняў удзел у працы над праектам, але, на жаль, у мэтах бяспекі мы не можам назваць імёны ўсіх. Таму распавядзем пра некаторых з іх. У выкананні трэкаў узялі ўдзел акторы і музыкі, сярод якіх — Андрэй Новік, а таксама былыя палітзняволеныя Алесь Папковіч і Алана Гебрэмарыям.
Прымусовы збор подпісаў у медыцынскіх установах: Як на медыкаў ціснуць перад выбарамі
Паводле інфармацыі, якая паступіла ў незалежныя медыя, у медыцынскіх установах і ўстановах адукацыі Беларусі назіраецца масавы збор подпісаў з выкарыстаннем адміністрацыйнага ціску.
Як паведамляе медыцынская супольнасць (паводле інфармацыі belhalat_by), у санаторыі «Беларусачка» збор подпісаў адбываецца наступным чынам: у кабінеты прыносяць спісы з усімі дадзенымі супрацоўнікаў і патрабуюць паставіць подпіс, не тлумачачы мэты.
Адным з асноўных метадаў ціску з'яўляюцца пагрозы выселення з інтэрнатаў. Гэта датычыцца як студэнцкіх, так і сямейных інтэрнатаў. Паводле крыніцы, ідэолагі патрабуюць ад усіх пражываючых прайсці ў адзін з кабінетаў і паставіць подпіс.
У медыцынскіх універсітэтах, як паведамляецца, подпісы збіраюць сярод студэнтаў непасрэдна ў будынку навучальнай установы, правяраючы пашпарты.
Паводле крыніцы, у адной з бальніц Мінска начмед заявіў, што 90% персаналу павінны паставіць подпісы.
У лякарнях і паліклініках супрацоўнікам прыходзіць рассылка: «прыходзім заўтра з пашпартамі, будзем ставіць подпісы за Лукашэнку». Былі прэцэдэнты, калі па «аўтографы» прыходзілі ў кабінеты лекараў наўпрост падчас прыёму пацыента.
У Беларусі пачаліся маштабныя міліцэйскія вучэнні, звязаныя з выбарамі
МУС Беларусі паведаміла аб пачатку маштабных міліцэйскіх вучэнняў, звязаных з выбарамі. Паводле афіцыйнага паведамлення, «падчас вучэнняў праваахоўныя структуры прадэманструюць гатоўнасць аператыўна рэагаваць на магчымыя ўскладненні сітуацыі ў краіне падчас выбарчай кампаніі».
Мэтай вучэнняў, як паведамляецца, з'яўляецца «недапушчэнне праяў экстрэмізму і тэрарызму, уцягванне грамадзян у супрацьпраўную дзейнасць» і «недапушчэнне парушэнняў грамадскага парадку», паведамляе МУС.
Паведамлялася, што магчымыя «перамяшчэнні спецтэхнікі, перакрыццё вуліц, выкарыстанне піратэхнікі».