Спецдакладчыца ААН па Беларусі: «У краіне адбываецца дзяржаўны тэрор супраць уласнага народа»
Ураджэнка Францыі, палітолаг Анаіс Марэн апошнія шэсць гадоў інфармавала сусветную грамадскасць аб становішчы спраў з правамі чалавека ў Беларусі ў якасці спецыяльнага дакладчыка ААН. Праца была, дарэчы, валанцёрскай, і яна называлася «незалежным экспертам ААН».
Пасля завяршэння кадэнцыі «Позірк» пагутарыў з ёй пра тое, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца, пра сітуацыю, у якой апынуліся беларусы. Інтэрв’ю атрымалася вялікім — у адпаведнасці з маштабам праблем у сферы правоў чалавека ў Беларусі.
Даведка «Позірку». 28 чэрвеня 2012 года Савет па правах чалавека (СПЧ) ААН заснаваў мандат спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Анаіс Марэн пераняла гэтую пасаду 1 лістапада 2018 года ў венгерскага праваабаронцы Міклаша Харасці, а 1 лістапада 2024-га перадала эстафету прадстаўніку Латвіі Нілсу Муйжніексу.
«У стане рэпарцёра на вайне»
— Калі параўноўваць абставіны, у якіх вы пачыналі працаваць у 2018 годзе, і цяперашнія, што, на ваш погляд, кардынальна змянілася?
— Не змянілася тое, што мяне ў Беларусь не пускаюць. З самага пачатку я ведала, што наўрад ці змагу паехаць у Беларусь. Але вось такі парадокс: Беларусь прыехала да мяне. У плане рэпрэсій сітуацыя настолькі пагоршылася, што прымусіла з’ехаць з краіны сотні тысяч людзей. У Вільнюсе, куды я даволі часта прыязджаю, у Варшаве, дзе я цяпер жыву, ёсць магчымасць сустрэцца з людзьмі — ахвярамі парушэнняў правоў чалавека, прадстаўнікамі палітвязняў, праваабаронцамі, журналістамі, дзеячамі культуры. Уся грамадзянская супольнасць перабралася за мяжу — гэта лепш, чым сядзець у турме.
Я вельмі паважаю, цаню, мне падабаецца мець магчымасць знаёміцца з беларускай культурай. Яна цяпер усюды, можна сказаць, па ўсёй Еўропе: у розных хабах, на фестывалях, дзе знаходзяцца самыя разумныя і адкрытыя людзі, прадстаўнікі беларускай культуры.
Але так не павінна быць. Вядома, усім зразумела, што ў нармальных умовах такія людзі — будучыня краіны, светлыя розумы — не павінны з’язджаць. Уцечка мазгоў — гэта, вядома, дрэнна.
Але я не бачу пакуль, на жаль, калі для вас стане магчымым бяспечна вярнуцца дадому.
— Як змяніліся вашы задачы ў пачатку і канцы кадэнцыі? З якімі мэтамі вы прыходзілі на гэтую пазіцыю, з якімі яе пакінулі?
— У апісанні працы — дарэчы, валанцёрскай — было пазначана, што яна зойме тры месяцы на год. Я тады вярнулася з дэкрэта і працавала ва ўніверсітэце half time (палову працоўнага часу. — «Позірк».). Паколькі гэта прэстыжна, што на факультэце выкладае незалежны эксперт ААН — мандатар спецпрацэдуры СПЧ, мой працадаўца пагадзіўся, каб я займалася мандатам адзін дзень на тыдзень, па пятніцах. Такая была дамоўленасць. Усіх гэта задаволіла — першыя два гады хаця б.
Але ў 2020 годзе ўсё змянілася, калі наступіла тое, што я называю крызісам, катастрофай з пункту гледжання правоў чалавека. Пасля [прэзідэнцкіх выбараў] 9 жніўня, на жаль, аб’ём працы павялічыўся ў дзесяць, дваццаць разоў. Першыя чатыры месяцы, пакуль былі пратэсты, да мандата паступала вельмі шмат скаргаў, усе СМІ свету прасілі мяне каментаваць — было вельмі шмат працы. Я не магла адцягнуцца ад гэтага, фактычна мінімальна працавала [на ўніверсітэцкай пасадзе], у мяне было пару заняткаў — анлайн-семінараў, астатні час быў цалкам прысвечаны маніторынгу парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Весці палявыя даследаванні тады было немагчыма з-за ковіду, а пісаць навуковыя артыкулы я была ўжо не ў стане, таму што кругласутачна глядзела навіны, чытала тэлеграм-каналы, сачыла за тым, што адбываецца, перажывала за сваіх сяброў, знаёмых, за вас усіх.
Я была ў стане рэпарцёра на вайне, прымала ўцекачоў з Беларусі ў сваім доме. Потым пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, і мы ўсе перайшлі на такі рэжым, але я была ў ім ужо са жніўня 2020 года. Я не разумела, як можна на гэта не рэагаваць, я не лічыла свой час, працавала на 200% — днём, ноччу, па выхадных. Сваякі ахвяр і самі ахвяры дасылалі мне асабіста або мандату ў Жэневе скаргі: «Вось што здарылася, вось доказы, што нам рабіць?»
На гэтым этапе мандат павінен быў фіксаваць парушэнні. Калі сям’я згаджаецца (не заўсёды гэта ў яе інтарэсах, таму што ёсць рызыка рэпрэсій за супрацоўніцтва са структурамі ААН), то мы па нейкіх кейсах пішам паведамленні ўраду. Гэта мы рабілі ў сярэднім раз на месяц. Кожнае паведамленне займае вельмі шмат часу, таму што трэба каардынавацца з іншымі мандатарамі спецпрацэдураў Савета па правах чалавека. Ва ўрада Беларусі прынцыповы падыход не прызнаваць мой мандат, не супрацоўнічаць, таму цалкам ігнаруецца ўсё, што я пішу. Але іншая справа, калі ёсць супадпісчыкі, напрыклад, спецдакладчыкі па свабодзе меркаванняў і іх выказвання, становішчы праваабаронцаў, асацыяцыі і мірных сходаў, незалежнасці суддзяў і адвакатаў часта далучаліся да маіх паведамленняў на адрас урада Беларусі. Вядома, у 2020 годзе яны бачылі па тэлевізары, што адбываецца, перажывалі, яны мяне вельмі падтрымлівалі. У нас была даволі моцная каардынацыя дзеянняў, каб міжнародная ўвага, увага СПЧ і Генеральнай Асамблеі не знізілася.
Такім чынам, мне здаецца, я дамаглася даволі шмат чаго, выступала на экстранай сесіі СПЧ. Два разы ў Нью-Ёрку былі сустрэчы ў фармаце Арыі (парадак нефармальных сустрэч членаў Савета Бяспекі ААН для абмену думкамі ў прыватным парадку; названы ў гонар венесуэльскага дыпламата Дыега Арыі, які першым пачаў практыкаваць падобную камунікацыю ў 1992 годзе. — «Позірк».), каб абмеркаваць менавіта сітуацыю ў Беларусі. З гэтага нічога не выйшла: у Савеце Бяспекі ёсць дзве краіны з правам вета, якія падтрымліваюць афіцыйны Мінск, якія б не дазволілі потым прыняць рэзалюцыі, каб спыніць бязмежжа і самавольства. Тым не менш у Нью-Ёрку была ўвага, была падтрымка.
Краіны — чальцы СПЧ, а таксама на ўзроўні АБСЕ прынялі рэзалюцыі і стварылі два розныя механізмы, каб фіксаваць парушэнні, якія адбыліся менавіта ў кантэксце выбараў 2020 года, і мяне гэта ў нейкай меры выратавала. У ААН у верасні 2021 года пачаў працаваць дадатковы мандат па адказнасці за тыя парушэнні. Там ёсць тры незалежныя экспэрты, ёсць штаб, іх падтрымліваюць супрацоўнікі офіса вярхоўнага камісара па правах чалавека. Яны атрымалі магчымасць разглядаць скаргі, калі мне ўжо стала занадта цяжка.
Я палітолаг, а не эксперт-крыміналіст. Псіхалагічна было вельмі цяжка атрымліваць столькі інфармацыі, доказаў — фатаграфіі, лісты — ад людзей, якія перажылі катаванні.
Пасля стварэння гэтага дадатковага мандата, прыкладна праз год, мне стала крыху спакайней. Ужо не было [вострай фазы] ковіду, трэба было вяртацца на працу. Тады вярнуўся больш-менш нармальны тэмп, але ўсё роўна працы было дакладна разы ў два больш, чым напачатку.
Дзверы ў Беларусь так і не адчыніліся
— За гэтыя шэсць гадоў ці быў момант, калі вы падумалі, што сітуацыя з правамі чалавека стала паляпшацца?
— Першыя месяцы, калі мяне прызначылі, Беларусь не была пад санкцыямі. 2019 год — да пачатку 2020 года насамрэч улады ўжо неяк былі гатовыя арганізаваць публічнае абмеркаванне пытання адмены смяротнага пакарання ці хаця б мараторый увесці. Гэта адкрыла б магчымасць вярнуцца да супрацоўніцтва з Саветам Еўропы, напрыклад.
У 2019 годзе ў Брусэлі адбыўся Міжнародны кангрэс супраць смяротнага пакарання. Гэта, напэўна, быў адзіны раз, калі я сядзела на дыскусіі разам з прадстаўнікамі МЗС Беларусі, мы нават рукі адзін аднаму паціснулі, каву пілі разам. Там быў Алег Краўчанка, які быў віцэ-міністрам (намеснік кіраўніка МЗС у 2017-2020 гадах, пазней амбасадар у ЗША; памёр 25 снежня 2020 года ва ўзросце 49 гадоў. — «Позірк».).
Яны не прызнавалі мой мандат, але тым не менш мы нефармальна абмеркавалі магчымасць, каб я прыехала ў Мінск з т.зв. акадэмічным візітам. Гэта не афіцыйны візіт — ён не аплачваецца ААН, праходзіць без аанаўскага асістэнта, без прэс-канферэнцый, дакладу, я б не мела права спасылацца на тое, пра што даведаюся на месцы. Але такія візіты ладзяць вельмі многія краіны, калі не ведаюць, што ўяўляе сабой спецдакладчык (яны ж перажываюць — усе, нават дэмакратыі, калі запрашаюць да сябе мандатарыяў тэматычных спецпрацэдураў). Такія перамовы былі прыкладна да красавіка 2019 года, але яны праваліліся. Потым выявілася, што дух такога часу не вернецца.
У той год я абрала тэмай для дакладу ў СПЧ пытанне правоў «дзяцей-328» — падлеткаў, якія сядзяць за гандаль наркотыкамі і г.д. Я прыняла гэта вельмі блізка да сэрца, паколькі лічу, што сітуацыя зусім несправядлівая. Ёсць Канвенцыя аб правах дзіцяці. У дэлегатаў усіх краін ёсць дзеці, іх любяць нават дыктатуры.
Прыняць тое, што хтосьці можа дазволіць дзіцяці 13-15 гадоў правесці 10 гадоў за кратамі за перадачу грама гашышу, проста, прабачце, невыносна.
Я выступіла з гэтым дакладам у чэрвені 2019 года ў Жэневе. Некаторыя журналісты тэлефанавалі, пыталіся: «Як гэта магчыма, што гэта?» Ляцелі ў Мінск, каб расследаваць гэтыя гісторыі. Адразу я ўбачыла, што ўлады трошкі спалохаліся. І, напэўна, дзякуючы гэтаму праз год, калі адбылася амністыя, большасць гэтых дзяцей атрымала мінус адзін ці два гады. Не вялікае дасягненне, але ўсё ж такі паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека хаця б гэтых зняволеных.
«У Беларусі ўжо даўно сістэмна парушаюцца ўсе правы чалавека»
— На вашую думку, якія сёння тры самыя вялікія праблемы з правамі чалавека ў Беларусі?
— Парушаюцца ўсе правы чалавека, а паводле міжнародных канвенцый і стандартаў усе яны важныя і ўзаемазвязаныя. Ёсць асноўныя, напрыклад права на жыццё, годнасць, абарону ад катаванняў. Калі не выконваюць іх, то, на жаль, і ўсе палітычныя, грамадзянскія, культурныя, эканамічныя і сацыяльныя правы таксама не будуць да канца паважацца.
У Беларусі ўжо даўно сістэмна парушаюцца ўсе правы чалавека.
Можна вылучыць тры асноўныя праблемы ў падыходах да міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека.
Па-першае, беспакаранасць, бязмежнасць рэпрэсій. Некаторыя людзі, у тым ліку палітолагі, кажуць, што ўжо адбываецца дзяржаўны тэрор супраць уласнага народа — Левіяфан пажырае сваіх дзяцей. Без пакарання, без наступлення адказнасці здзяйсняюцца страшныя, грубыя парушэнні, напрыклад сістэматычныя катаванні.
У гэтым плане важны механізм ААН па адказнасці, які я ўжо згадвала — цяпер ён называецца «Група незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі» (створаны рэзалюцыяй СПЧ 4 красавіка 2024 года. — «Позірк».).
Офісам вярхоўнага камісара ААН апублікавана ўжо два даклады запар, у высновах якіх гаворыцца, што некаторыя парушэнні правоў чалавека, якія былі дапушчаныя ў кантэксце выбараў 2020 года ў Беларусі, могуць быць ахарактарызаваныя як злачынствы супраць чалавечнасці. Менавіта з-за масавага і наўмыснага ўжывання катаванняў, адвольных затрыманняў, дэпартацыі (тут і далей пад гэтым тэрмінам маецца на ўвазе стварэнне ўмоў, якія вымушаюць грамадзян пакідаць краіну. — «Позірк».), беспакаранасць з-за адсутнасці нармальнага падзелу ўладаў, незалежных суддзяў і адвакатаў.
Другая важная праблема, як мне здаецца, — дэпартацыя. Цяжка назваць лічбу, але некаторыя кажуць, што паўмільёна, можа, мільён чалавек быў вымушаны з’ехаць з Беларусі з меркаванняў бяспекі. Застаюцца людзі, якія жывуць у страху, у прасторы прапаганды і пад пагрозай адвольнага затрымання і пераследу за рэалізацыю сваіх правоў.
Я ўжо казала, што самыя бліскучыя розумы не ў краіне. Людзей прымусілі з’ехаць, а потым зневажаюць і пераследуюць нават за мяжой. Пасля агрэсіі супраць Украіны [у 2022 годзе] Беларусь — краіна-суагрэсар, і гэта ўскладніла ўмовы жыцця і легалізацыі беларускіх уцекачоў за мяжой. Мець беларускі пашпарт становіцца сорамна, як некаторыя мне казалі.
Але жыць наогул без пашпарта — гэта іншая праблема…
Каб перашкодзіць людзям, якія змаглі з’ехаць з краіны, прымусіць іх вярнуцца, а потым, можа быць, пасадзіць, урад прыняў такія меры, якія насамрэч дыскрымінуюць усіх беларусаў, якія жывуць за мяжой. А іх шмат, як мінімум паўтара мільёна яшчэ да 2020 года з’ехала — апошнія 30 гадоў была даволі вялікая хваля эміграцыі.
Асабліва пакутуюць дзеці, якія нарадзіліся за мяжой у апошнія гады, іх статус пад пытаннем. У бацькоў, якія лічаць небяспечным вяртацца ў Беларусь, праблема, як зрабіць дзецям пашпарты, гэтыя дзеці могуць застацца без грамадзянства.
Трэці праблематычны аспект — злоўжыванне антыэкстрэмісцкім і антытэрарыстычным заканадаўствам, каб пераследваць людзей, якія крытыкуюць урад.
Гэта не проста пытанне парушэння права на свабоду меркаванняў і іх выказвання, гэта падыход урада, які не церпіць ніякай крытыкі.
Беларускія ўлады часта кажуць, што існаванне майго мандата — знак таго, што на Захадзе падвойныя стандарты. Але я б сказала, што Беларусь, на жаль, заслужыла такую ўвагу міжнароднай супольнасці. Усе рэзалюцыі, якія год за годам прымаюцца ў адносінах да Беларусі, цалкам легітымныя, таму што сітуацыя з правамі чалавека пагаршаецца год за годам, яна катастрафічная па ўсіх напрамках.
«Сітуацыя ў Беларусі заслугоўвае, каб пра яе больш гучна крычалі»
— Якога выніку на ўзроўні Беларусі і міжнародным вы чакаеце ад свайго апошняга дакладу?
— Я не ведаю, як улады [Беларусі] рэагуюць на мае даклады, я не сачу за «хвілінамі нянавісці», якія час ад часу бываюць па тэлевізары на мой адрас. Наўрад ці будзе афіцыйная або публічная рэакцыя з боку ўлады. Але ў дакладзе зноў жа ёсць выразныя рэкамендацыі.
Для ўлады, напэўна, даклад будзе непрыемным. Ён, скажам так, развітальны, у ім рэчы названыя сваімі імёнамі. Даклад інфармуе іншыя краіны, што насамрэч улады Беларусі іх падманваюць, што ў вялікай аанаўскай сям’і Беларусь не толькі не выконвае канвенцыі, але і спрабуе абвесці вакол пальца, кажучы, што ўсё ў парадку, хоць з пункту гледжання міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ўсё катастрафічна.
— Якое значэнне для будучыні мае фіксацыя цяперашняй сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі? Калі наступныя ўлады краіны будуць дэмакратычнымі, ці змогуць яны выкарыстоўваць даклады як дапаможнік па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека?
— Вядома! Я яшчэ ў ліку тых людзей, якія мяркуюць, што ААН — нягледзячы на розныя недахопы — добрая арганізацыя ці хаця б неабходная, таму што незаменная. У тым плане, што мы прымаем, ужываем і прапагандуем універсальнасць прынцыпаў правоў чалавека — не толькі тых, якія прапісаныя ў Хартыі ААН, але і ў розных рэзалюцыях Генасамблеі, рэгіянальных арганізацый, напрыклад Савета Еўропы.
Цяпер ідзе крытыка ААН, але ААН — адлюстраванне таго, што хочуць рабіць дзяржавы, іх урады, і яны захацелі ўсё гэта кадыфікаваць. Пакуль ААН будзе існаваць (усё роўна, да або пасля рэформаў), канвенцыі будуць прымяняцца, не пакідаючы вялікай прасторы для манеўру або інтэрпрэтацыі. Права на жыццё — гэта права на жыццё.
Любы ўрад, абапіраючыся на гэтыя даклады, будзе мець дарожныя карты па скасаванні нормаў заканадаўства, якія несумяшчальныя з канвенцыямі, правесці рэформы, якія неабходныя, каб наблізіцца да ідэальнай сітуацыі, калі нармальна выконваюцца правы чалавека.
— Што б вы яшчэ параілі свайму пераемніку?
— Гэтаму чалавеку не патрэбныя мае рэкамендацыі. Я ўпэўненая, што калі яго прызначылі, то ён прафесіянал. Мы ўжо паразмаўлялі. Я ведаю, што гэта чалавек прынцыповы, будзе выконваць Кодэкс паводзінаў спецдакладчыкаў, які патрабуе быць незалежным, бесстароннім, аб’ектыўным. Я ўпэўненая, што мы можам чакаць ад яго гэтага.
На асабістым узроўні я б хацела пажадаць яму ўдачы. У нас як спецдакладчыкаў ёсць даволі шмат абмежаванняў, не ўсе яны нам вядомыя з самага пачатку. Арганізацыя, каб нікога не правакаваць, звычайна раіць нам выконваць умеранасць. Але насамрэч я бачыла гэтыя шэсць гадоў, што трэба ўзмацняць ціск, бо сітуацыя заслугоўвае таго, каб пра яе больш гучна крычалі, больш крытычна ставіліся да таго, што адбываецца. Трэба быць напорыстым.
Напорыстасць важная на гэтай пазіцыі, таму што мандат існуе шмат гадоў і столькі ж часу ігнаруюцца рэкамендацыі.
Пара б ужо выконваць канвенцыі, тады ўсе змогуць нармальна жыць — мандат будзе сакасаваны і ўсе мы зможам займацца больш вясёлымі рэчамі.