Анаіс Марэн: «Беларусі надаецца недастаткова ўвагі, хоць сітуацыя ў краіне катастрафічная»

Анаіс Марэн, спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі, распавяла пра сваю працу на гэтай пасадзе з 2018 года. Ці ўдалося дамагчыся пазітыўных зменаў і што надавала ёй сілы працаваць, нягледзячы на забароны рэжыму Лукашэнкі, яна распавяла «Нямецкай хвалі».

Анаіс Марэн

Анаіс Марэн

У Рэспубліцы Беларусь закон не парушаецца — прыкладна так улады рэагуюць на крытыку спецдакладчыка ААН па правах чалавека. За 12 гадоў рэжым Лукашэнкі не выканаў ніводнай рэкамендацыі, а з 2021-га наогул перастаў рэагаваць на звароты. Спецдакладчык Анаіс Марэн не можа нават трапіць у Мінск, яна — у чорным спісе.

Анаіс Марэн з 2018 года займаецца правамі чалавека ў Беларусі. Пасада спецдакладчыка ААН — насамрэч амаль валанцёрства: Анаіс не атрымлівае заробак і сумяшчае дзейнасць з асноўнай працай у Варшаўскім універсітэце. 

У гэтым годзе заканчваецца яе мандат, Рада правоў чалавека ўжо вывучае новыя кандыдатуры. 

На сустрэчы з беларусамі ў Варшаве, арганізаванай «Вольным універсітэтам», Анаіс Марэн распавяла, ці ўдалося дамагчыся пазітыўных зменаў і што надавала ёй сілы працаваць, нягледзячы на забароны рэжыму Лукашэнкі.

Глядзіце таксама

«У 2020-м у ААН кожны ведаў пра сітуацыю ў Мінску»

Самы напружаны час, па яе словах, выпаў на 2020 год. «Колькасць маёй працы павялічылася ў дзесяць разоў, — адзначыла яна. — Але я старалася адказаць на кожны журналісцкі запыт, каб інфармацыя пра рэпрэсіі разышлася як мага шырэй. Тут, у Польшчы, грамадзянская супольнасць і медыя звяртаюць увагу на Беларусь, тое ж адбываецца ў Літве і Латвіі — чым бліжэй краіна да РБ, тым вышэйшая цікавасць. На жаль, у маёй краіне, Францыі, Беларусі надаецца недастаткова ўвагі, хоць сітуацыя катастрафічная». 

Паводле яе слоў, тады ў ААН кожны ведаў пра сітуацыю ў Мінску: «Усіх шакавалі навіны пра той гвалт і несправядлівасць, якія рабіліся ў краіне». 

Калі пачалася вайна ва Украіне, беларусы адчулі, што міжнародная супольнасць забыла пра іх, што іх праблемы — гэта не такая і гарачая тэма.

«Я бачыла, як у свеце забываюць, што беларусы застаюцца ахвярамі пераследу. Пацярпелым важна ведаць, што яны не забытыя, таму мы стараемся фіксаваць усе факты, — падкрэсліла спікер. — І важна ўвесь час казаць пра гэта за мяжой, паколькі вельмі шмат людзей вымушана збегла з Беларусі».

Анаіс прызнала, што, працуючы з тэмай правоў чалавека ў Беларусі, сутыкалася з дэпрэсіўнымі пачуццямі: «Было вельмі шмат стрэсу, асабліва ў 2020 годзе. Я разумела, што ў Беларусі было недастаткова падтрымкі з боку ААН, але гэта заўсёды адлюстраванне пазіцыі дзяржаў-членаў арганізацыі».

Калі ў спецдакладчыцу спыталі, ці не бачыць яна, што Беларусь становіцца ўсё больш падобна на Паўночную Карэю, яна запярэчыла: «Геаграфічна Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, гэта не суседка Паўночнай Карэі. Вось чаму фокус увагі захоўваецца». Хоць і прызнала, што пачынаючы з 2012 года, калі быў заснаваны яе мандат, ні адна з рэкамендацый не была выкананая ўладамі.

Глядзіце таксама

Што ўлады адказвалі спецдакладчыку?

«Ёсць дзевяць канвенцый, звязаных з правамі чалавека, Беларусь падпісала большасць з іх, — кажа спецдакладчык. — Але ўлады вырашылі не выконваць свае абавязанні. Яны лічаць, што мой мандат — гэта палітычнае рашэнне, а правы чалавека — унутраная праблема дзяржавы. У нас прынцыпова іншая пазіцыя. Я заўсёды пакідала дзверы адкрытымі, але ў мяне нават не было шанцу пагаварыць з афіцыйнымі прадстаўнікамі краіны. У 2018 годзе мне забаранілі ўезд у РБ».

Паколькі ўлады ігнаравалі Марэн, яна дамаўлялася з калегамі з іншых упраўленняў ААН, каб адправіць сумесныя звароты. 

«Да 2021 года ў 90% выпадках улады адказвалі на такія лісты. Шчыра кажучы, у гэтых адказах была поўная лухта. Напрыклад, у Канстытуцыі напісана, што дзяржава павінна паважаць правы чалавека, мы гэта робім, вось і ўсё. Вядома, такія адказы нас не задавальняюць, але ў нас няма інструментаў, каб прымусіць дзяржаву дзейнічаць эфектыўна, — успамінае яна. — Пасля 2021-га адбылося поўнае адхіленне і іншых прадстаўнікоў ААН. Дайшло да таго, што беларусы больш не могуць падаць скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН».

Глядзіце таксама

«Мне падабаецца нязломнасць беларусаў у барацьбе»

А ці былі пазітыўныя змены за гэтыя шэсць гадоў, пацікавіліся беларусы на сустрэчы. Спецдакладчык успомніла гісторыю грамадзяніна Расіі, якога збіраліся дэпартаваць з Беларусі. 

«Яму дапамагаў праваабаронца Леанід Судаленка. А я напісала зварот уладам, высылку адмянілі. Мне потым паказалі здымак сям'і гэтага мужчыны, яго дзеці трымалі сэрцайкі і дзякавалі мне. Калі б бацьку дэпартавалі, сям'я б гэта цяжка перажывала».

Глядзіце таксама

У 2019 годзе ўлады пайшлі на саступкі па зняволеным падлеткам, якіх пасадзілі за распаўсюд наркотыкаў. «Ім давалі тэрміны, несумяшчальныя з міжнароднымі стандартамі пакарання непаўналетніх, — адзначыла Анаіс. — Я звярнулася да ўладаў. Дзяцей не памілавалі, але тэрміны ўсё ж скарацілі. Цяпер мы просім прымяніць амністыю ў дачыненні да пажылых асуджаных, хворых, якія знаходзяцца ў крытычным стане».

Часам умяшанне спецдакладчыка дапамагала і родным палітвязняў. Анаіс Марэн успамінае сітуацыю з Марыяй Калеснікавай, калі яе з калоніі павезлі ў бальніцу: «Мы адправілі тэрміновы зварот, улады адказалі, арганізавалі нават шоў у палаце, але ўсё ж мы даведаліся, што яна жывая, ёй зрабілі аперацыю». Апошнім часам урад такія звароты ігнаруе, дадае спецдакладчык.

Калі супраціў уладаў такі моцны, а сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца, што давала сілы Анаіс працягваць працу, спытала ў яе праваабаронца Эніра Браніцкая. 

«Беларускія людзі, вы цудоўны народ, — тут жа адказала яна. — Я шмат гадоў жыла ў Расіі, але кожны год, калі прыязджала ў Беларусь, атрымлівала вялікае задавальненне. За апошнія 15 гадоў сустрэлася з вялікай колькасцю людзей, і мне падабаецца ваша нязломнасць у барацьбе».